Якія грошы могуць быць арыштаваныя СК? Тлумачэнне Нацбанку

Нацыянальны банк Беларусі растлумачыў сітуацыю з арыштам рахункаў і спісаннем грошай, выплачаных у якасці кампенсацыі пацярпелым ад гвалту з боку сілавікоў. Пра гэта піша infobank.by.

unr66rhq7xddall7a5dunmwmmyfusldd.jpg


Раней праваабаронцы "Вясны" выказвалі меркаванне аб незаконнасці арыштаў рахункаў і тлумачылі, што рабіць, калі грошы былі заблакаваныя, як пазбегнуць іх страты і як паступіць, калі выклікаюць у Следчы камітэт.

Што рабіць, калі сродкі, атрыманыя з-за мяжы заблакаваныя на банкаўскай карце?
Перш за ўсё, звяжыцеся з вашым банкам і высвятліце, на якой падставе дадзеная сума была спісана з карты або заблакаваная. Гэта можна зрабіць праз тэхпадтрымку банка або накіраваўшы ў банк афіцыйны запыт прыкладна такога зместу: "Прашу патлумачыць на якой падставе з майго карт-рахунку была спісана сума ў памеры.... рублёў”.
Хутчэй за ўсё банк вам дасць адказ, што дадзеная сума спісаная на падставе пастановы Следчага камітэта аб арышце грашовых сродкаў, паколькі дадзеныя сродкі «паступалі ў краіну для фінансавання пратэстных акцый».
Па такой пастанове банк абавязаны блакаваць суму, якая паступае ад канкрэтнай крыніцы. Калі дадзеная сума з карты была ўжо знятая, то пад арышт трапляюць грашовыя сумы з іншых крыніц на тую ж суму.
Далей дадзеную пастанову трэба абскарджваць у Галоўнае ўпраўленне Следчага камітэта па г. Мінску і ў пракуратуру. У скарзе неабходна ўказваць, што дадзеныя сродкі не былі атрыманы за ўдзел у пратэстных акцыях. Вы атрымалі іх ужо пасля ўдзелу ў пратэстах у сувязі з тым, што пры затрыманні атрымалі траўмы.
Што рабіць пры выкліку ў Следчы камітэт з нагоды атрымання дадзеных сродкаў?
Вы можаце патлумачыць, што дадзеныя сродкі атрымалі ў якасці дапамогі ў сувязі з тым, што былі збітыя, ваша здароўе пагоршылася, вы атрымалі моцны стрэс.
Пра тое, як вы атрымалі траўмы, ад каго вы атрымалі гэтыя сродкі, як і куды звярталіся за іх атрыманнем вы маеце права не казаць у адпаведнасці са арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (ніхто не можа быць прымушаны да дачы паказанняў, якія могуць быць выкарыстаныя супраць яго).
Як можна пазбегнуць страты атрыманых грошай?
Вы можаце адкрыць яшчэ адзін рахунак у іншым банку, каб на стары рахунак не паступалі грошы, якія могуць быць заблакаваныя па рашэнні ўладаў.


Пасля шматлікіх зваротаў грамадзянаў і работнікаў банкаў Нацбанк разаслаў ліст "Аб накладанні арышту на грашовыя сродкі", дзе растлумачыў якія грошы падпадаюць пад арышт, ці можна аплачваць расходныя рахункі і ці трэба вярнуць ужо выдаткаваныя грошы.
Так, пры накладанні арышту на грашовыя сродкі і іншую маёмасць фізічнай і юрыдычнай асобы, якія знаходзяцца на рахунках, ва ўкладах або на захоўванні ў банку, банк спыняе ўсе расходныя аперацыі па рахунках і вяртанне маёмасці гэтай асобы ў межах маёмасці, на якую накладзены арышт, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь або адпаведным рашэннем упаўнаважанага дзяржаўнага органа аб накладанні арышту (ч. 4 арт. 127 Банкаўскага кодэкса).
Згодна з ч. 1 п. 1 Указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 2020 г. № 150 "Аб расходных аперацыях", расходныя аперацыі па рахунках спыняюцца ў перыяд дзеяння наяўнай у банку пастановы (вызначэння) аб накладанні арышту на грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на рахунках, у банкаўскіх укладах і/або рашэння аб прыпыненні аперацый па рахунках, прынятых упаўнаважанымі органамі (службовымі асобамі). Пры гэтым не блакуюцца расходныя аперацыі па плацяжах у бюджэт (падаткі, пошліны і г.д.). Таксама можна правесці расходны плацёж, атрымаўшы дазвол ад органа, які даў распараджэнне накласці арышт, у дадзеным выпадку – ад Следчага камітэта. Калі пастановай накладзены арышт на канкрэтна ўказаную суму, то блакуецца толькі гэтая сума.
Пры гэтым Указ прэзідэнта, арт.127 Банкаўскага кодэкса і арт. 132 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь не прадугледжваюць магчымасць арышту грашовых сродкаў, атрыманых і зрасходаваных уладальнікам рахунку на момант паступлення ў банк пастановы аб накладанні арышту на яго грашовыя сродкі. Таксама названыя нормы не прадугледжваюць у выпадку, калі ў пастанове аб накладанні арышту вызначана, што арышт накладаецца толькі на грашовыя сродкі, якія паступілі і (або) паступаюць з вызначаных у ёй крыніц, магчымасць выканання такой пастановы за кошт будучых паступленняў з не ўказаных у ёй крыніц.
Арышт можа накладацца на рэшту грашовых сродкаў, якія знаходзяцца на банкаўскім рахунку на момант паступлення ў банк пастановы аб накладанні арышту, у суме, якая не перавышае суму адпаведных паступленняў з крыніц, вызначаных у пастанове Следчага камітэта, а таксама на грашовыя сродкі, якія паступяць у будучыні з такіх крыніц.
Пры гэтым не могуць устанаўлівацца абмежаванні на расходаванне грашовых сродкаў, якія паступяць на рахункі з крыніцаў, не ўказаных у адпаведнай пастанове органа, які вядзе крымінальны працэс, у тым ліку якія паступяць у выглядзе заработнай платы, пенсій і іншых выплатаў", - падкрэсліваецца ў лісце Нацбанка.
Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што пазіцыя Нацбанка супадае з выказанымі раней меркаваннямі праваабаронцаў. Ён дадае:
— У першую чаргу трэба адзначыць, што прынятае рашэнне следчым аб арышце рахункаў недапушчальна, а сама пастанова ў цэлым незаконная, так як арышт накладзены па не існуючых ў законе падставах, пастанова падлягае адмене.
Аднак пакуль пастанова Следчага камітэта не скасаваная і выконваецца банкамі, каментар Нацбанка важны ў той частцы, дзе апісаны парадак дзеянняў у дачыненні да грошай. Раней мы мелі на ўвазе практычна тое ж самае: арыштаваная можа быць толькі тая маёмасць (грошы), якая непасрэдна ўказана ў пастанове, але ніяк не любыя грошы наўзамен выдаткаваных раней, да арышту, асабліва ў выпадку, калі грошы на рахунку з розных крыніц не "змешваліся".