Якім будзе крызіс у Беларусі?

Як будзе развівацца эканамічны крызіс у Беларусі? З якімі праблемамі трэба будзе сутыкнуцца беларускай эканоміцы і што дапаможа іх вырашыць?

crisis_2.jpg

Сяргей Чалы, эканаміст:
— Пакуль цяжка прагназаваць, як каронавірус паўплывае на стан эканомікі і ўсяго свету, і Беларусі, таму што пандэмія яшчэ не скончылася. Але ўжо можна рабіць высновы па стане эканомікі Кітая, па сітуацыі ў правінцыі Хубэй. Там падчас каранціну на 85% ўпалі транспартныя перавозкі, і грузавыя, і пасажырскія, то бок эканамічнае жыццё было практычна паралізаванае. Вядома, у Еўропе ў карантыне адносна менш людзей, чым у Хубэі, але страты ад такога роду мер у развітых краінах могуць скласці парадку 5% ВУП. Праблема ў тым, што ўпершыню ў свеце развіваецца крызіс, які адначасова б'е і з боку попыту, і з боку прапановы. Будзе і абмежаванне выпуску, таму што менш будзе рабіцца прадукцыі, і абмежаванне попыту, таму што людзі будуць менш працаваць і ў іх будзе менш грошай. Урады больш-менш навучыліся спраўляцца з крызісамі, выкліканымі падзеннем попыту, з шокамі прапановы, а вось калі гэта адбываецца адначасова, то цяжка спадзявацца, што можна будзе абысціся мерамі манетарнага рэгулявання, гэта значыць дзеяннямі з боку дзяржавы.
Пакутаваць будуць абсалютна ўсе. Тут і макраўзровень, звязаны са скарачэннем сусветнага гандлю, і рэгіянальны ўзровень. Экспарт Беларусі будзе падаць, зменшацца валютныя паступленні. Будзе падзенне даходаў і хатніх гаспадарак, і бізнесу.
Цяпер цяжка падлічыць, да чаго гэта прывядзе, бо адначасова адбываюцца і «нафтавыя войны» з брацкай Расіяй, якія і так ужо выклікалі эканамічны спад. Ясна, што будуць складанасці з валютнымі паступленнямі, з аплатай знешняга доўгу, асабліва з улікам таго, што адклалі размяшчэнне еўрабондаў.
Я б не падзяляў эйфарыю з нагоды хуткага з'яўлення ў Беларусі альтэрнатыўнай амерыканскай нафты. У ЗША не так шмат уласнай нафты, каб выканаць свае абяцанні, у Саудаўскай Аравіі яе значна больш. Не ўяўляю, як пры кошце нафты 30 даляраў за барэль амерыканцы будуць знаходзіць выгаду ў гэтых пастаўках; магчыма, яна з адмоўнай рэнтабельнасцю будзе праводзiцца ў саміх ЗША. Але ў ЗША ёсць ТНК - Exxon Mobil, Chevron, якія здабываюць нафту ва ўсім свеце. Можа, гаворка ідзе пра іх.
Аднак мне здаецца, што, пацягаўшыся два з паловай месяцы з Расіяй, мы зразумелі, што няма нічога больш выгаднага, чым браць нафту, якая паступае па трубе. Нават два закупленых танкера, аказалася, былі запоўненыя расійскай нафтай. Атрымліваецца, што і калі няма паставак напрамую, альтэрнатыўная нафта таксама аказваецца расійскай. Тым больш нейкую іншую нафту, акрамя расійскай, нашы НПЗ перапрацоўваць не могуць, і азербайджанскую усё роўна прыйдзецца разводзіць вуглевадародамі з Расіі.
Альтэрнатыўная, тым больш амерыканская, нафта - гэта гісторыя для ўнутранага карыстання, а не для таго, каб нам дапамагчы. Невядома, як гэта будзе ўсё працаваць: танкерамі, па чыгунцы? Мне здаецца, у кароткатэрміновай перспектыве ў Беларусі іншых варыянтаў няма, акрамя як шукаць расійскую нафту. Пра гэта сведчыць і невялікі аб'ём альтэрнатыўных паставак. Хутчэй за ўсё, мінімальны аб'ём закуплены таму, што ёсць экспартныя кантракты, якія Беларусь не можа не выканаць. Напэўна гэта невялікі аб'ём ва Ўкраіну, і таму мы вымушаны дакупляць, каб не плаціць няўстойкі. Не ўяўляю, як амерыканская нафта можа з'явіцца тут і для чаго яна нам патрэбна. А ў каго купіць, калі расійскім кампаніям загадана не прадаваць беларусам? Вось таму і купляем дробязь у Гуцырыева.
У гэтай сітуацыі магчымыя праблемы з выкананнем дзяржбюджэту. Бюджэт вярстаўся, калі нафта была па 60 даляраў, а курс даляра прагназаваўся 2,24, а не 2,4. Відавочна, прыйдзецца скарачаць бюджэт, ахвяраваць даходамі насельніцтва. Маецца на ўвазе абяцанне да прэзідэнцкіх выбараў падняць зарплату бюджэтнікам, настаўнікам і лекарам.
Беларусь наогул моцна залежыць ад таго, што адбываецца ў знешнім гандлі. Напрыклад, крызіс 2009 года, аб якім ужо мала хто памятае, быў адгалоскам фінансавага крызісу 2008 года, які, як спадзявалася кіраўніцтва Беларусі, нас не закране. А ён прыйшоў пазней, праз знешні гандаль, і скончыўся разавай дэвальвацыяй на 20% і дэвальвацыяй на працягу года на 30%.
У II квартале ў нас будзе адчувальная рэцэсія, і гэта ўжо відавочна. Да гэтага трэба быць гатовымі. Іншая справа, як доўга потым будзе аднаўляцца сусветная эканоміка. Думаю, доўга, таму што нават без фактару каронавіруса эканамісты развітых краін ужо больш за год прагназуюць рэцэсію. А ўсе гэтыя меры дапамогі, якія прыдумляюцца ў сувязі з каронавірусам, прымаюцца цэнтрабанкамі развітых краін, то бок патокі капіталаў, пойдуць туды, а пра развіваючыяся краіны ніхто не думае, і гэта ўжо зараз аказвае ціск на валюты краін, якія развіваюцца. Беларусь гэтыя патокі дапамогі напэўна абыдуць.
У Беларусі ёсць і структурныя праблемы, якія агаліліся ў выніку нафтавай спрэчкі з Расіяй. У бліжэйшы час прыйдзецца перабудоўвацца ўсёй эканоміцы, бо з-за адсутнасці пагаднення па нафце з Расіяй нафтавая рэнта сканчаецца, як і субсідаванне астатніх галін дзякуючы падтрымцы Расіі. Выжываць патэнцыйным банкрутам прыйдзецца самастойна. Скарачаецца таксама знешні і ўнутраны попыт на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў. Усё гэта адначасова і нечакана. Атрымліваецца, крызіс ва ўсім, куды ні паглядзі.

Выйдзем з крызісу і пойдзем далей

Павел Данейка, кіраўнік дырэктар групы кампаній ІПМ:
Як адбываецца крызіс? Ёсць асноўная тэндэнцыя. У свеце карэляцыя паміж павелічэннем спажывання нафты і прыростам ВУП зніжаецца, то бок ВУП расце, а спажыванне нафты — не. Такая сітуацыя ў Еўропе. І атрымалася, што сышлося ўсё — амерыканская атака на нафтавы рынак, адказ саўдзітаў, нават пазіцыя Расіі па пастаўках нафты ў Беларусь. Усё ж такі ў Беларусь экспартавалася дзясятая частка здабыванай ў Расіі нафты. У выніку гэта ўсё сышлося, адбыўся абвал цэн на нафту, падзенне ў іншых галінах, на фондавых рынках. Эканамісты, можна сказаць, зачакаліся гэтага крызісу.
А тут яшчэ каронавірус, які стымулюе скарачэнне спажывання. І вось наколькі пандэмія каронавіруса паўплывае на сусветную эканоміку, мы пакуль не ведаем. Мы не ведаем, як вірус павядзе сябе далей. Але ўжо ўпалі авіякампаніі, турызм, каронавірус пацягне за сабой цэлы хвост, у тым ліку і бізнес-адукацыю.
Заўсёды мы выходзілі з крызісу, выйдзем і на гэты раз. Так, асноўнаму нашаму гандлёваму партнёру, Расіі, зараз будзе нялёгка. Там значна скароціцца спажыванне, у тым ліку і беларускіх тавараў. Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэты крызіс будзе падштурхоўваць беларускіх вытворцаў да дыверсіфікацыі рынкаў, бо колькі б мы ні казалі ў сваіх рэкамендацыях, колькі б урад ні пісаў у сваіх праграмах, што трэба дыверсіфікаваць рынкі збыту, хто рэальна гэтым займаўся? Адзінкі. А вось калі рынак падае, яго даходнасць падае, пачынаецца пошук іншых рынкаў. Таму знойдзем і пойдзем далей. Сусветны рынак вялікі.

Праблема не ў коронавірусе, а ў адсутнасці рэформаў

Леанід Злотнікаў, эканаміст:
Каронавірус стаў спускавым механізмам глабальнага эканамічнага крызісу, які эканамісты даўно прадказвалі. У апошнія два гады тэмпы росту сусветнай эканомікі зніжаліся. Утварылася яшчэ больш «мыльных бурбалак», чым падчас крызісу 2008-2009 гадоў. Каронавірус супаў з іншымі маштабнымі з'явамі, у прыватнасці са зніжэннем коштаў на энергарэсурсы.
Для сусветнай эканомікі гэта зніжэнне — з'ява станоўчая, але не для Беларусі. Яно яшчэ больш пагоршыць наша становішча. З аднаго боку, мы эканомім на ўнутраным спажыванні, але з іншага — губляем на знешнім гандлі нафтапрадуктамі. Гэта ўскладніць вяртанне беларускіх даўгоў, які і так ішоў на мяжы, падчышчалі ўсё.
Галоўнае, што крызіс наступае, а ў Беларусі няма ніякіх рэзерваў для росту эканомікі. Ідзе эканамічны спад, у мінулым годзе не было нават таго маленькага росту, які паказаў Белстат. Акрамя адкрыцця эканомікі, свабоды рынкавых адносінаў, лібералізацыі бізнесу, што можа хутка стабілізаваць сітуацыю, іншых рэцэптаў для эканомікі няма. Але лібералізацыя стрымліваецца па ідэалагічных меркаваннях. Калі ж яе не правесці, Беларусь застанецца ў пастцы сярэдняга даходу, а выхад з яе зойме да дзесяці гадоў, і то пры пэўных намаганнях дзяржавы.
Паводле Беларусы і рынак