Кіраўнікі гаспадарак б'юць трывогу: у наступным годзе ўраджай можа быць яшчэ горшым
У рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуліся кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Па іх словах, «Гродна Азот» моцна павысіў кошты на ўгнаенні, што выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. За паўгода, кажуць нашы крыніцы, у некаторых выпадках цэны выраслі на 60%, або ў 1,6 разу.
Кіраўнікі гаспадарак у размове з «НН» перажываюць, што зараз не маюць грошай набыць угнаенні па новых, больш высокіх цэнах. А яны падскочылі адчувальна.
Так, напрыклад, карбаміда-аміячныя сумесі выраслі на 62-63% (КАС-28 — з 450 да 734 руб/т, КАС-30 — з 483 да 787 руб/т, КАС-32 — з 515 да 839 руб/т). Прыліраваны карбамід розных сартоў падскочыў на 25% (у сярэднім, з 830 да 1038 руб/т), а грануляваны карбамід — на 24% — з 865 да 1076 руб/т.
Гэта асноўныя ўгнаенні, якія ўносяць на палі. Таму, калі гаспадаркі не змогуць набыць іх на наступны год, сітуацыя можа быць досыць цяжкай.
«На наступны год ураджай можа быць яшчэ горшы, чым сёлетні, — лічаць кіраўнікі гаспадарак. — Бо ва ўмовах беднай беларускай глебы азотныя ўгнаенні — найважнейшы кампанент добрага ўраджаю».
Нагадаем, сёлета ўраджайнасць зерня ў Беларусі — адна з найніжэйшых за апошнія 8 гадоў. Усяго намалочана каля 6,3 мільёна тон супраць мінулагодніх 8,8 мільёна тон.
Высветліць, што паслужыла прычынай такога моцнага росту цэн, пакуль не ўдалося: атрымаць адказ на «Гродна Азоце» не атрымалася.
Земляробы лічаць, што падаражанне абумоўлена двума фактарамі. Па-першае, агульным ростам цэн на ўгнаенні. Сапраўды, у свеце яны даражэюць, асабліва ў Еўропе. Прычына — рост цаны газа.
Па-другое, як адзначаюць крыніцы выдання, магчыма, падаражанне ўгнаенняў для айчынных гаспадарак абумоўлена жаданнем кампенсаваць страты ад санкцый на ўнутраным рынку.