Кітай і Расія перасталі карміць Беларусь інвестыцыямі

Улады абнавілі статыстыку аб паступленні прамых замежных інвестыцый. Прагнозныя паказчыкі чыноўнікаў пад пагрозай зрыву.

nano_dimension_stock_teaser_1.jpg


Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове — гэта паказчык, які ўрад ужо некалькі гадоў запар на закладвае ў прагноз на будучы год. Індыкатар добры тым, што туды не ўключаныя разнастайныя даўгавыя інструменты — кшталту крэдытаў і пазык, дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасцяў, лізінгу і гэтак далей. Паступленне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове лічаць як баланс — валавы прыток інвестыцый за мінусам іх адтоку з краіны. Атрымліваецца, што праз паказчык чыстых інвестыцый можна атрымаць больш-менш адэкватную карціну цікавасці замежных інвестараў да Беларусі, тлумачыць banki24.by.

Афіцыйны прагноз на 2019 год праваліўся. Саўмін планаваў сабраць па свеце не менш за 1,6 млрд USD, а выйшла 1,327 млрд USD — з улікам продажу нерухомасці нерэзідэнтам і выплачаных інвестарамі падаткаў у бюджэт. Без нерухомасці і падаткаў інвестараў паступленні былі яшчэ больш сціплыя — 1,227 млрд USD.

Даныя па прамых замежных інвестыцыях абнаўляюцца раз у квартал. Цяпер стала даступнай інфармацыя за 9 месяцаў. У цэлым за студзень-верасень беларуская эканоміка сабрала 1,292 млрд USD. Аднак паступленні напрацягу года былі нераўнамерныя. Калі за 1 квартал у краіну прыйшло 1,456 млрд USD, то ў 2 квартале чысты адток склаў 100,5 млн USD, у 3 квартале з Беларусі выцякло 63,8 млн USD.

Упершыню за апошнія гады фіксуецца адток прамых інвестыцый з Беларусі на працягу двух кварталаў запар. У 2 квартале інвестыцыі сыходзілі з краіны ў сувязі з крызісам у сусветнай эканоміцы і выплатай гадавых дывідэндаў замежным акцыянерам. У 3 квартале, відавочна, паўплывалі вынікі выбараў і сацыяльна-палітычная нестабільнасць, якая рушыла за імі.

Гадавы прагноз па інвестыцыях на 2020-ты складае 1,7 млрд USD. Прыцягнуць 408 млн USD у бягучых умовах будзе вельмі цяжка, калі ў прынцыпе магчыма. Раней нават у стабільныя перыяды за кастрычнік-снежань у краіну прыходзіла не больш за 0,3 млрд USD. Па сутнасці, афіцыйны прагноз зноў пад пагрозай зрыву.

На турбулентную сітуацыю ў Беларусі найбольш нервова адрэагавалі інвестары з краін за межамі СНД. Чысты адток інвестыцый з краін гэтай тэрытарыяльнай групоўкі склаў 79,6 млн USD (супраць адтоку 22,7 млн USD у 2019-м). У выніку на 1 кастрычніка 2020-га прамыя інвестыцыі на нета-аснове з «па-за СНД» склалі 671,8 млн USD.

Зрэшты, і на расійскім напрамку не ўсё гладка. За 3 квартал расійцы забралі з Беларусі 4,1 млн USD, хоць годам раней быў прыток у аб’ёме 16,5 млн USD. За 9 месяцаў інвестыцыі з РФ склалі 315,4 млн USD.

Кіпр традыцыйна з’яўляецца ціхай гаванню для вываду капіталаў падчас крызісаў. Вось і ў 3 квартале туды вывелі 69 млн USD. Назапашаны вынік за 9 месяцаў яшчэ станоўчы — 135 млн USD.

Дзяржаўныя СМІ любяць пісаць пра асаблівыя адносіны Беларусі з Кітаем. Між тым, амаль усе кітайскія грошы — гэта звязаныя крэдыты і пазыкі, якія можна аднесці да інвестыцый з вялікай нацяжкай. Па тыповых кітайскіх умовах рэсурсы ў прынцыпе не могуць пакідаць межы фінансавай сістэмы КНР. Кітайскія банкі крэдытуюць кітайскія кампаніі, якія з’яўляюцца падрадчыкамі на беларускіх аб’ектах і прывозяць кітайскіх рабочых. Адсюль і мізэрны аб’ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове — усяго 19,1 млн USD за 9 месяцаў (у 2019-м было 33,4 млн USD). Больш за тое, у 3 квартале нават гэты бедны ручаёк інвестыцый перасох: сфармаваўся чысты адток на суму 0,6 млн USD.