Колькі каштуе пенсія
Напярэдадні выбараў улады абыходзяць маўчаннем тэму падвышэння пенсійнага ўзросту, пра што неаднойчы казалася рознымі ўпаўнаважанымі людзьмі. Але можна нават не сумнявацца — у
выпадку чарговай «элегантнай перамогі» гэтыя планы будуць рэанімаваны. І дададуць яшчэ болей бязглуздзіцы ў нашу і гэтак бязглуздую рэчаіснасць.
* * *
Напярэдадні выбараў улады абыходзяць маўчаннем тэму падвышэння пенсійнага ўзросту, пра што неаднойчы казалася рознымі ўпаўнаважанымі людзьмі. Але можна нават не сумнявацца — у
выпадку чарговай «элегантнай перамогі» гэтыя планы будуць рэанімаваны. І дададуць яшчэ болей бязглуздзіцы ў нашу і гэтак бязглуздую рэчаіснасць.
* * *
Мая бабуля была пенсіянеркай. Ну што ў гэтым дзіўнага? Усе бабулі — пенсіянеркі. Але мая бабуля атрымлівала пенсію не па ўзросце, а па страце карміцеля. Мой дзядзька, яе старэйшы сын, не
вярнуўся з вайны, таму дзяржава выплачвала ёй пенсію. У бабулі, якая жыла ў сям’і малодшага сына — у нашай сям’і, — не заўсёды адносіны з маёй мамай былі
бясхмарнымі. У такія напружаныя моманты Ева Пятроўна абвяшчала «дзяржаўны суверэнітэт» і дэманстравала намер жыць на свае.
Таму запомніўся кошт яе суверэнітэту — 18 рублёў, як казалі пасля хрушчоўскай грашовай рэформы 1961 года, «новымі». Пра рэальнае ўтрыманне гэтай сумы можна меркаваць па
тым, што мой бацька, які працаваў на торфазаводзе імя Арджанікідзе ў Смалявічах, у сезон прыносіў больш двухсот рублёў у месяц.
Бабуля ў якасці стратэгічнага рэзерву заўсёды мела мяшэчак з цукрам і пакунак з пернікамі. Грашовыя ж зберажэнні трымала загорнутымі ў насоўку. Дробязь раздавала нам, сваім унукам, імкнучыся
«па справядлівасці», але і «за добрыя паводзіны».
На вёсцы гэта былі не грошы, а медны грош. Практычна ўсё вясковае насельніцтва ў тыя гады працавала ў калгасе, як казалі, «за палачкі». Разлічваліся з калгаснікамі ў канцы года.
Капеек наяўнымі мужыкам хапала на некалькі пачак махоркі.
Заробкі выдаваліся збожжам, бульбай, буракамі, саломай. Усё гэта пералічвалася ў рублі для бухгалтарскага і статыстычнага ўліку, каб на чарговым партыйным форуме прадэманстраваць «з лічбамі
ў руках» рост дабрабыту калгаснікаў.
Увогуле, галеча была страшная. Таму мая бабуля, якая атрымлівала рэгулярную пенсію, магла на гэтым фоне выглядаць не беднай. А для салдацкіх удоў — ледзь не паловы вясковых жанчын —
гэта драбяза была адзінай, хоць і вельмі слабай падтрымкай. Дзецям кніжкі купіць да школы, зладзіць абноўкі. Праца ў калгасе прыбыткаў не давала, галоўнай і адзінай крыніцай выжывання была ўласная
гаспадарка.
* * *
Праца «за палачкі» была працай «амаль задарма». Мне ўдалося дакладна падлічыць памер гэтага «задарма» па мамінай працоўнай кніжцы, якая
захавалася ў сямейным архіве. Вылічыў, што мама зарабіла ў калгасе за 43 гады 8045 рублёў «новымі грашыма». У сярэднім не атрымліваецца і 16 рублёў на месяц, калі не лічыць
«збожжа жыта, бульбы і саломы», якімі да 1965 года толькі і аплачвалася праца калгаснікаў.
Да 1965 года ўвогуле назва «калгас» прачытвалася ўладамі літаральна — як калектыўная гаспадарка, з чаго вынікала, што калгаснікі павінны самі зарабляць на сябе грошы, пасля
таго, як разлічацца за ўсе даброты з дзяржавай. У тым ліку і на пенсіі.
Але ж пераважнай большасці калгасаў ніколі не ўдавалася цалкам разлічыцца з дзяржавай. Таму і было вырашана перавесці іх на гарантаваную грашовую аплату, і далучыць калгаснікаў да кола асоб, пра
старасць якіх павінна клапаціцца сістэма сацыяльнага страхавання. Гэта быў крок у развіцці пенсійнай сістэмы дзяржавы «дыктатуры пралетарыяту», якую яе творцы пачыналі з сябе.
Першапачаткова толькі правадыры і кіраўнікі высокага рангу маглі разлічваць на сацыяльную дапамогу, потым гэтае кола пашыралася за кошт адмыслоўцаў, ваенных, нізавых партыйных і савецкіх работнікаў,
шараговых працоўных. У 1941 годзе ў СССР пры колькасці насельніцтва больш за 194 мільёна, было ўсяго толькі 4 мільёна пенсіянераў. З іх толькі 200 тысяч — пенсіянераў па старасці. Гэта
значыць класічных пенсіянераў, якія не мелі перад савецкай уладай ніякіх іншых заслуг, акрамя адпаведнага працоўнага стажу.
Для параўнання: у сучаснай Беларусі пры насельніцтве меней 10 мільёнаў колькасць пенсіянераў па старасці перавышае 2,6 мільёна.
Пенсійная справа ў краіне становіцца на шырокую нагу толькі ў 1950-я гады, што (у лепшых традыцыях) падаецца як вынік дасягнутых пад кіраўніцтвам партыі і ўраду эканамічных поспехаў і сведчанне іх
нястомнага клопату пра рост народнага дабрабыту. А таксама аб’ектыўным дзеяннем асноўнага эканамічнага закона сацыялізму, калі дабрабыт народа рэалізуецца як мэта. Таму шмат хто і не дажываў
да пенсіі — праз недахоп жыццёвых сіл.
Калгаснікі ж працавалі без усялякіх пенсій, пакуль вілы ў руках трымаліся. Пасля дажывалі апекай сваякоў ці літасцю Божай. І таму на момант, калі дзяржава вырашыла ўзнагародзіць іх
«пенсіямі», лік савецкіх пенсіянераў па старасці сігануў да 16 мільёнаў.
* * *
Насамрэч пенсійны ўзрост у СССР быў ніжэй, чым у большасці развітых краін. На гэтым нажываўся ладны ідэалагічны капітал. Маўляў, нашы пенсіянеры выходзяць на заслужаны адпачынак цалкам маладымі і
здаровымі, а тамтэйшых выпрацоўваюць да поўнага зносу.
Гэтым ганарыліся як доказам несумнеўнай перавагі сацыялізму над капіталізмам. На самай жа справе межы пенсійнага ўзросту вызначаліся сярэдняй працягласцю жыцця, а таксама крайнім, вызначаным
статыстычнымі метадамі, тэрмінам поўнай страты працаздольнасці. Пераступіўшы яго, працаўнік хварэў настолькі часта, што аплата бальнічных лістоў перавышала памер кошту, створанага яго працай.
Сярэдні савецкі чалавек жыў нашмат менш еўрапейца — і жанчыны, і мужчыны. Асабліва мужчыны. Так што пенсійны тэрмін можна было б і павялічыць (гэта пытанне заўсёды абуджала жывую цікавасць
партыйных і дзяржаўных структур), але працягласць жыцця расла не так хутка, як выплаўка чыгуну ці вытворчасць цэменту. А сярод асобных катэгорый яна валілася.
Нават прыняўшы як кіраўніцтва да дзеяння сентэнцыю пра тое, што эканоміка павінна быць эканомнай, нельга было скарачаць колькасць пенсіянераў простым выкрэсліваннем са спісаў тых, хто стаў бы
паміраць на вытворчасці па чынніку павелічэння пенсійнага ўзросту.
Цяпер сярэдняя працягласць жыцця мужчын і жанчын яшчэ больш скарацілася. Прычым яна скарацілася і адносна савецкіх паказнікаў, і адносна еўрапейскіх, дзе працягласць жыцця яшчэ павялічылася.
Прыкладам, напачатку 1960-х гадоў сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі складала 69 гадоў у мужчын і 77 — у жанчын, што прыкладна адпавядала еўрапейскаму ўзроўню. Зараз сярэдняя працягласць
жыцця мужчын і жанчын у Беларусі скарацілася да 68 гадоў, што значна меней, чым у большасці еўрапейскіх краін. Нашмат меней, чым у Польшчы і ў прыбалтыйскіх рэспубліках. Непараўнальна меней, чым у
Швейцарыі, Германіі, Францыі ды іншых, дзе людзі ў сярэднім жывуць блізу 80 гадоў.
Зразумела, калі падвысіць пенсійны узрост, то колькасць памерлых, якія не дажывуць да належнага тэрміну, павялічыцца, і сацыяльныя выдаткі скароцяцца. Але перад смерцю людзі пачнуць часцей хварэць,
ім трэба будзе выдаваць бальнічныя лісткі, таму сацыяльныя выдаткі падвысяцца.
Ці будзе ў выніку «плюс», ці атрымаецца «мінус», але, безумоўна, палітычныя страты дзяржавы будуць вялікімі, як і агульныя страты грамадства, якому давядзецца
перагледзець усе свае погляды на такую з’яву, як звычайная чалавечая страсць. Магчыма, што не атрымаецца забяспечыць нашым старым не толькі годнае дажыванне, але нават і смерць ва ўласным
ложку.
Персанальная для мяне няма ніякіх бачных рацый для павялічэння пенсійнага ўзросту. Хоць і лічу, што праўду сказаў колішні расійскі міністр працы і сацыяльнага развіцця Міхаіл Зурабаў:
«Сродкаў у пенсійным фондзе досыць, калі мы лічым, што мужчыны ў нас будуць дажываць да 59 гадоў».
Але гэтую досыць горкую праўду трэба прымаць як максіму, якая змушае да карэнных зменаў у сучаснай пенсійнай сістэме.
Каб нашы ці то маладыя, ці то старыя пенсіянеры не выглядалі жабракамі ў параўнанні з іншымі. Бо, працуюць яны не меней за іншых.