Колькі каштуе знешняе палітычнае жыццё Беларусі. Разбор ад экс-дыпламата

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй і экс-дыпламат Павел Мацукевіч разбірае кошт нацыянальнай знешняй палітыкі, прымерыўшы ролю гіда па расходах на міжнародную сферу ў бюджэце Беларусі.

d76r3yzcewo81.jpg


Рэспубліканскі бюджэт на 2022 год зацверджаны ў памеры 30,6 млрд рублёў, або 10,8 млрд долараў ЗША па сярэднегадавым курсе (2,82 рубля), які ў яго (бюджэт) закладзены. З іх на міжнародную дзейнасць Беларусі прадугледжаныя 351,0 млн рублёў, або 124,5 млн долараў. Для параўнання: у 2021-м — 347,2 млн рублёў, або 144,6 млн долараў паводле прагнознага курсу долара на той год.

Працэнт на міжнароднае жыццё

Гэта сума крыху больш за працэнт ад рэспубліканскага бюджэту і моцна залежыць ад рэальнага курсу долара, таму што асноўныя выдаткі ажыццяўляюцца ў валюце, а не рублях.
У яе ўваходзяць выдаткі ўсіх міністэрстваў і ведамстваў на міжнароднае жыццё — ад Парламента і МЗС да Мінабароны і КДБ. Яны датычацца, у прыватнасці, абслугоўвання пасольстваў за мяжой (МЗС), выплаты членскіх унёскаў у міжнародныя арганізацыі, дзе састаіць Беларусь (Мінфін), або ўтрымання прыкамандзіраваных да беларускіх дыпмісій супрацоўнікаў розных міністэрстваў і ведамстваў.
Напрыклад, КДБ забяспечвае амбасады "дыпламатамі", адказнымі за клімат і бяспеку, і фінансуе іх знаходжанне. Мінабароны — "пастаўляе" ў дыпмісіі ваенных аташэ, галіновыя міністэрствы — часам, дарадцаў па гандлёва-эканамічных пытаннях. Найбольш поўна ўся гэтая мультыведамасная палітра прадстаўлена ў пасольстве Беларусі ў Маскве — там ёсць нават прадстаўнікі Пагранкамітэта і МУС.
З 351 млн рублёў на міжнародную сферу непасрэдна ў распараджэнні МЗС — 190 млн рублёў, або 67,4 млн долараў. Гэта шмат ці мала?
Гледзячы з чым параўноўваць. Скажам, бюджэт КДБ большы — 236,6 млн рублёў, што ўвогуле нядзіўна, зыходзячы са спецыфікі палітычнай сістэмы ў Беларусі.
Напрыклад, выдаткі МЗС Швейцарыі, на ролю якой ва Усходняй Еўропе Беларусь замахвалася да лета 2020-га, у тым самым 2020-м перавысілі 3 млрд долараў. Розніца амаль у 50 разоў!
Добра, магчымасці эканомік не супастаўныя. Аднак агульныя выдаткі Швейцарыі на знешнюю палітыку складаюць 4,9% бюджэту, а не працэнт як у нас. Верагодна, таму Беларусь не адыгрывае тую ролю, якую адыгрывае Швейцарыя. Хоць тут безумоўна ёсць і іншыя важкія прычыны.
Лінейку параўнанняў для кантрасту можна павярнуць і ў іншы бок.

Каламбія Пікчэрз не ўяўляе

Напрыклад, за бюджэт МЗС Беларусі можна было купіць каліфарнійскае ранча «Neverland» Майкла Джэксана — яно як раз адзін час выстаўлялася за 67 млн долараў. Можна зняць фільм а-ля «Байцоўскі клуб» (63 млн), а вось для кіно кшталту «Аватара» (237 млн) або пра «Тытанік» (200 млн), які дзеліць з беларускімі ўладамі дно, прыйдзецца звяртацца за траншам да Рэзервовага фонду прэзідэнта.
Гэты фонд Лукашэнкі — яшчэ адзін варыянт для кантраснага параўнання. У бюджэце Беларусі на 2022 год на яго долю прыпадае 1,1 млрд рублёў, або 384,6 млн долараў. Адсюль як з панскага пляча правадыр адорвае выплатамі і надбаўкамі таленавітую моладзь, ваенных, прапагандыстаў і нават лекараў, фінансуе будаўніцтва розных аб'ектаў.
Трактар, паднесены Аляксандрам Лукашэнкам Уладзіміру Пуціну на юбілей, трэба думаць таксама з гэтай скарбонкі.

Пасольства за долар

Асноўны артыкул міжнародных выдаткаў Беларусі носіць назву «Адкрыццё і ўтрыманне дыпламатычных і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь за мяжой». З 351,0 млн рублёў у бюджэце краіны на 2022 год на яго прадугледжаныя 183,3 млн рублёў. З іх па лініі МЗС — 162,7 млн.
У доларах — гэта 57,6 млн на ўсю сетку замежных устаноў Беларусі, якая налічвае 57 пасольстваў, 2 пастаянных прадстаўніцтвы, 11 генеральных консульстваў і 1 консульства.
На што ідуць грошы? На абслугоўванне і рамонт будынкаў, догляд за тэрыторыямі. Гэта задавальненне, як правіла, не з танных.
Акрамя гэтага, частка будынкаў пад дыпмісіі і консульства арандуецца. Кошт арэнды можа даходзіць да некалькіх дзясяткаў тысяч долараў у месяц. Як мяркуецца, гэта як раз прыклад сталага прадстаўніцтва Беларусі пры Аддзяленні ААН у Жэневе. Яшчэ некалькі гадоў таму яно размяшчалася ў будынку сталага прадстаўніцтва Расіі (СССР), а цяпер знаходзіцца ў новым, па суседству з пастаянным прадстаўніцтвам Тайваня. З такой далікатнай нагоды перад пераездам Мінск нават запытваў Пекін на прадмет магчымых пярэчанняў. Іх у Кітая не было.
Частка будынкаў была набыта ва ўласнасць па рынкавым кошце. Напрыклад, будынак пасольства Беларусі ў Аўстрыі каштаваў 1,6 млн еўра, у Берне — прыкладна столькі ж. Такіх прыкладаў шмат у Еўропе. Асноўны час гэтых набыткаў — 90-я, хоць пакупкі адбываюцца і ў нашы дні. Апошні ці адзін з апошніх набыткаў — будынак амбасады ў Тбілісі, які быў куплены ў 2019 годзе ў Швейцарыі (раней было швейцарскім пасольствам у Грузіі).
Частка будынкаў дасталася па сімвалічнай цане ў выніку дамоўленасцяў. Самы вядомы прыклад — амбасада Беларусі ў Вашынгтоне. У верасні 1992 года намаганнямі тагачаснага кіраўніка МЗС Пятра Краўчанкі з ЗША было падпісана пагадненне аб абмене ўласнасцю. Амерыканцы атрымалі будынак і тэрыторыю ў Мінску на вуліцы Старавіленскай за 1 рубель, а мы — будынак і тэрыторыю на Нью-Гэмпшыр-авеню ў Вашынгтоне за 1 долар.
Іншы, напэўна, менш вядомы прыклад звязаны з Кітаем. Зямельны ўчастак з пабудовамі ў Пекіне, дзе размяшчаецца пасольства, арандуецца Беларуссю за 1 долар у год. Адпаведнае пагадненне было падпісана ў 2010-м на 70 гадоў.
Нарэшце, частка будынкаў была пабудавана Беларуссю за мяжой з нуля. Прыкладамі з'яўляюцца пасольства ў Малдове, Казахстане, Азербайджане. Ішлі размовы аб тым, каб рэалізаваць такую задумку ў Турцыі. Гаворка ідзе пра цэлыя комплексы, якія ўключаюць будынак дыпмісіі, рэзідэнцыю пасла, жылы дом для дыпламатаў, іншыя пабудовы. Сёлета завяршылася будаўніцтва 21-павярховага жылога дома для беларускага пасольства ў Маскве на 100 кватэр.

Страхоўка даражэй здароўя

У суму выдаткаў МЗС уваходзяць заробкі дыпламатаў, якія адрозніваюцца ў залежнасці ад краіны. Яны ў любым выпадку на парадак вышэйшыя, чым у Беларусі, але нярэдка толькі на ўзроўні пражытачнага мінімуму замежнай дзяржавы. Прынамсі, калі казаць пра Захад.
З іншага боку, дыпламатычны статус дае свае бонусы і нават зніжкі. Ад краіны да краіны яны, праўда, адрозніваюцца. Акрамя гэтага, МЗС нясе на сабе асноўны цяжар выдаткаў на арэнду жылля для дыпламатаў і службовы транспарт. Дыпламаты аплачваюць асабістыя паездкі на службовых аўто і так званую амартызацыю. У кошт аплаты арэндных кватэр і камунальных паслуг у супрацоўнікаў амбасады ўтрымліваецца адносна невялікая частка зарплаты. Гэта істотна.
Медыцынскае страхаванне сваіх дыпламатаў Беларусь не забяспечвае нават у краінах, дзе яно з'яўляецца абавязковым.
Грошы на медыцынскае абслугоўванне супрацоўнікаў пасольстваў выдзяляюцца, але ў такіх памерах, пра якія сорамна згадваць. Між тым, прыклады сур'ёзных захворванняў, няшчасных выпадкаў і нават смерцяў у пасольствах зусім не адзінкавыя, нягледзячы на медкамісію «з ліхтарыкам», якую праходзяць усе супрацоўнікі дыпмісій перад выездам за мяжу. У такіх сітуацыях Пасольствам даводзіцца запытваць у МЗС дадатковае фінансаванне без гарантыі яго атрымання.

Сяброўскія ўнёскі ў асабліва буйных памерах

Асобная істотная артыкул знешнепалітычных выдаткаў — плата за сяброўства ў міжнародных арганізацыях. Іх каля 60 з розным статусам удзелу Беларусі ў якасці назіральніка або члена. Прабяжымся па асобных.
Адлічэнні ў бюджэт Саюзнай дзяржавы ідуць асобным радком у бюджэце і складаюць у 2022 годзе 56,7 млн рублёў з 351 млн на міжнародную дзейнасць Беларусі.
Яшчэ 27,9 млн рублёў з'ядае ўтрыманне «апаратаў статутных органаў міждзяржаўнай інтэграцыі». Яны не канкрэтызуюцца.
Затое вядома, што сума долевага ўнёску Беларусі ў адзіны бюджэт СНД сёлета складае 3%, або 35,8 млн расійскіх рублёў. Гэта нешта каля паўмільёна долараў. З гэтай сумы фінансуецца дзейнасць васьмі структур.
Беларускі долевы ўнёсак у АДКБ вышэй — 10%, ці 48,9 млн. расійскіх рублёў. Ёсць яшчэ Еўразійскі эканамічны саюз з бюджэтам у 7,8 млрд расійскіх рублёў, доля беларускіх адлічэнняў у ім — 4,9%.
У жніўні 2022 года Беларусь аплаціла сяброўскі ўнёсак у ААН у памеры 1,1 млн долараў. Кошт удзелу, напрыклад, у МАГАТЭ на гэты год вызначаны для нашай краіны ў памеры 157 тысяч еўра і 25 тысяч долараў. Беларускі ўнёсак у АБСЕ складае 0,1% ад бюджэту арганізацыі і ў 2021 годзе быў роўны 200 тысячам долараў.
У наступным годзе можа вырасці статус Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з назіральніка да паўнавартаснага члена, а з ім — і чэк да аплаты.
Пераклад НЧ