Кошт беларуска-кітайскага сяброўства — 22 еўра

“Не выключаю, што хутка будуць браць падаткі з веласіпедыстаў і пешаходаў”, — сумна жартуе эканаміст Леанід Заіка.



euro_670.jpg

Фота www.racyja.com

11 лютага кіраўнік краіны падпісаў Указ №40, згодна з якім беларусы могуць без пошлін атрымаць з-за мяжы пасылкі для асабістага карыстання на суму не больш за 22 еўра ў месяц і вагой не больш 10 кілаграмаў (раней – 200 еўра і 31 кг суадносна).

Акрамя таго, беларусы, якія перасякаюць мяжу больш аднаго разу ў квартал і ўвозяць тавар на суму больш за 300 еўра ці вагой больш за 20 кг, таксама павінны заплаціць мытную пошліну.

Указ уступае ў сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнай публікацыі.

— Як бачым, фантазій у нашых чыноўнікаў хапае, хоць, шчыра кажучы, фантазіі крыху нязграбныя, — адзначае Леанід Заіка. — Атрымліваецца, што 22 еўра на адну пасылку — гэта кошт беларуска-кітайскага сяброўства ў самым што ні на ёсць эканамічным вымярэнні. Таму што кітайцы ўсё памятаюць, а абмежаванні на замежны інтэрнэт-гандаль накіраваны ў асноўным супраць кітайскіх вытворцаў і сайтаў, якія гэтым займаліся. Ніхто ж не заказваў праз інтэрнэт-крамы брыльянты ў ПАР ці машыны ў ЗША. Гэта быў масавы гандаль, якім найбольш актыўна карысталася моладзь. Улада напалохалася, як напалохалася яна і сістэмай таксі Uber.

— І вырашыла таксама пагрэць на гэтым рукі?

— Тут абсалютна простая пазіцыя ўлады. Ім неабходны 3 мільярды 300 мільёнаў даляраў, каб аддаць пазыкі за гэты год. Дзе іх узяць? Можна “прайсціся” па зберажэннях людзей, павялічыць падаткі… Я б сказаў, што гэта прыкметы апошніх дзеянняў урада перад яго поўным крушэннем. Але ж грошы патрэбны. Вось, напрыклад, сталі актыўна браць падаткі з сабачак, хутка за катоў возьмуцца. Неяк забыліся ў нас пра пешаходаў. За ўдзел у аўтамабільным руху мы ж плацім. Я думаю, што падатак і на веласіпеды трэба ўводзіць. А ўвогуле, сур’ёзна гэта нават не хочацца абмяркоўваць.

— І ўсё ж, якія, на ваш погляд, меры дапамаглі б палепшыць эканамічную сітуацыю?

— У першую чаргу неабходна стымуляваць дзелавую актыўнасць. Вось вам зямля, поле дзейнасці — працуйце. Любы бізнес, які прыносіць прыбытак менш за 1000 долараў, наогул не трэба рэгістраваць. Гандлюй, вырабляй, не блытайся пад нагамі ў чыноўнікаў… Але ў нас замест стымулявання дзелавой актыўнасці наогул тармозяць малы бізнес. У нас крызіс, а падаткі (іх збор) павялічылі на 20 адсоткаў. Абсалютна няправільна. У часы крызісу падаткі павінны зніжацца. Гэта такая антыэканамічная і антынавуковая палітыка. Я сёння магу толькі выказаць шкадаванне з нагоды таго, што ў Беларусі так ставяцца да эканамічнай тэорыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя