Ліміт на пасылкі з-за мяжы скарацілі да 22 еўра і 10 кілаграмаў у месяц
11 лютага 2016 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №40, які абмяжоўвае бязмытны ліміт міжнародных пасылак коштам у 22 еўра і 10 кілаграмамі. Пра гэта ў чацвер, 11 лютага, паведаміў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Дакумент пачне дзейнічаць праз два месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.
Раней у Беларусі ліміт на пасылкі для асабістага карыстання складаў 200 еўра і 31 кілаграм у месяц. Цяпер беларусам давядзецца плаціць мытныя плацяжы пры перавышэнні кошту замоўленага тавару ў 22 еўра і вагой больш за 10 кілаграмаў, паведамляе Тэлеграф.
Раней старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько прапанаваў скараціць нормы бяспошліннага ўвозу тавараў. Ён аргументаваў гэта тым, што некаторыя беларусы замаўляюць сабе вялікую колькасць тавару ў замежных інтэрнэт-крамах, а затым перапрадаюць іх тут, не выплачваючы адпаведныя зборы і пошліны.