Лецішчы будзе дазволена пераводзіць у жылыя дамы, таварыствы – у паселішчы. Хто выйграе ад гэтага ўказа?

На грамадскае абмеркаванне вынеслі чаканы ўжо 10 гадоў праект «Указа аб садаводчых таварыствах». У ім прапануюць дазволіць пераводзіць садовыя дамы ў жылыя ў парадку, устаноўленым жыллёвым заканадаўствам для пераводу нежылога памяшкання ў жылое. Экспертка ў нерухомасці Наталля Літоўская распавяла «Белсату», што наўрад ці ўказ «зробіць добра» сем’ям, вымушаным пабудавацца і жыць на лецішчах праз адсутнасць сродкаў на жытло ў бліжэйшым горадзе.

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Пры пераводзе садовых дамоў у жылыя будзе змяняцца і мэтавае прызначэнне ўчасткаў: яны пяройдуць у катэгорыю ўчасткаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома.

Мала таго, некаторыя садаводчыя таварыствы (СТ) могуць зрабіцца вёскамі. Калі ў СТ больш за палову ўчасткаў будуць пераведзеныя ў катэгорыю «для абслугоўвання жылых дамоў», яго кіраўніцтва зможа па рашэнні агульнага сходу звярнуцца да мясцовых улад з заявай пра ўключэнне тэрыторый таварыства ў мяжу паселішча альбо пра ўтварэнне паселішча.

Мясцовыя выканкамы ў такіх выпадках могуць пры неабходнасці ўсталяваць пераходны перыяд на тэрмін не больш за 10 гадоў у мэтах стварэння неабходнай інфраструктуры, у тым ліку для забеспячэння выканання дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў.

Не для вас, уладальнікі 5–6 сотак?

Калі вы думаеце, што ўказ прымаўся, каб «зрабіць добра» сем’ям, вымушаным пабудавацца і жыць на лецішчах праз адсутнасць сродкаў на асобнае жытло ў бліжэйшым горадзе ці на куплю дома ў вясковым прадмесці, то гэта наўрад ці.

Так, яны, вядома, прасілі дзяржаву дапамагчы, але адказ на іх слабыя просьбы быў адзін: зараз вам дазволім зарэгістраваць лецішчы як дамы, а потым запатрабуеце і садкоў са школамі, і паліклінік, і дарог з ходнікамі, а ў дзяржаўнай скарбонцы на гэта няма сродкаў. І наогул, у вас дамы на вашы 5-6 сотках стаяць усутыч, што не адпавядае нормам пажарнай бяспекі паселішчаў. Таму не.

У гэтым указе «не» для ўладальнікаў дачных міні-сотак у старых садаводчых таварыствах таксама прапісана. Чорным па белым: «Дазволіць пераводзіць садовыя дамы ў жылыя ў парадку, вызначаным жыллёвым заканадаўствам для пераводу нежылога памяшкання ў жылое». А там: райвыканкам прымае пастановы пра адмову, калі «перавод нежылога памяшкання ў жылое не адпавядае правілам горадабудаўніцтва, прыродаахоўным, санітарным, супрацьпажарным і іншым патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў».

Дык якія дачнікі выйграюць ад указу?

Тут варта зрабіць экскурс у недалёкую гісторыю. Указам прэзідэнта з 1 студзеня 2015 года ў прыгараднай зоне Мінска забаронена ствараць новыя садаводчыя таварыствы і дачныя кааператывы.

Напярэдадні (за некалькі гадоў і нават за некалькі дзён) да набыцця ўказам моцы ў прадмесці сталіцы зарэгістравалі больш за дзясятак буйных садаводчых таварыстваў, у садаводах лічыліся выключна «гасударавы людзі». Пра гэта ў свой час шмат пісалі: на Дуброўскім вадасховішчы атрымалі землі супрацоўнікі КДБ, на Пцічы — Служба бяспекі прэзідэнта і Адміністрацыі прэзідэнта, міліцыя — ля Мінскага мора і Лапаровічаў. З тых, хто паспеў зарэгістравацца ў апошні момант, — тры садаводчыя таварыствы ля вёскі Ганчароўка ў Смалявіцкім раёне («Вектар-2012», «Стралец-2014» і «Лавіна-2014»), занялі больш за сотню гектараў палёў і лесапасадак.

Усе свежыя таварыствы разлічвалі на гэты ўказ і першапачаткова праектаваліся як катэджныя паселішчы. Тут шырокія праезды, свае нарматывы адносна будаўніцтва дамоў. У залежнасці ад плацежаздольнасці дачнікаў, ім нядорага, але не бясплатна арганізавалі электрасеткі, а камусьці — газ і водаправод.

Разам з забаронай на выдзяленне земляў для лецішчаў указ уводзіў 5-гадовую забарону на продаж участкаў у новых СТ, адлік ішоў з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на надзел. Правы ў некаторых рэгістравалі ў 2015–2016-м. Забарона на адчужэнне заканчваецца сёлета. Так што выхад указа «наспеў». Адны «гасударавы людзі» пабудаваліся і хочуць, каб дзяржава забяспечыла ўсе «плюшкі», даступныя вясковым (ільготны газ, танная электрычнасць), іншыя хочуць прадаць зямлю і нарэшце зарабіць.

Зрэшты, ёсць каля Мінска і некалькі дзясяткаў прасторных дачных масіваў (з участкамі ад 8 сотак), якія з’явіліся ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя і вылучаліся для супрацоўнікаў прадпрыемстваў і абʼяднанняў, праектаваліся калі не паводле падабенства закрытых катэджных паселішчаў, то падобным чынам. З прыняццем указа іх нерухомасць стане больш ліквіднай. Але не факт, што да моманту, калі ўказ набудзе моц, усе дачнікі захочуць ператварыцца ў «вяскоўцаў». Бо ўзнікае пытанне, якія тады будуць падаткі на нерухомасць.

Новыя вяскоўцы: у чым перавагі?

Газ і электрычнасць для жыхароў паселішчаў забяспечваецца субсідыямі: дачнікі плацяць без субсідый за той жа газ у 3,6 раза больш за вясковых суседзяў. За электрычнасць таксама плацяць больш: субсідыі не распаўсюджваюцца на садаводчыя таварыствы.

Акрамя таго, у паселішчах дзейнічаюць мінімальныя сацыяльныя стандарты. Жыхар вёскі павінен мець доступ да паліклінікі (ФАП), яго дзеці — да садкоў і школы.

У тэорыі, калі СТ зробіцца паселішчам, даброты вёскі будуць дабром для экс-дачнікаў. Але і тут ва ўказе падстрахаваліся: «Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права прыняць рашэнне (адмовіць у прыняцці рашэння) пра ўключэнне тэрыторыі СТ у мяжу паселішча альбо пра ўтварэнне на базе СТ паселішча і пры неабходнасці ўсталяваць пераходны перыяд на тэрмін не больш за 10 гадоў у мэтах стварэння неабходнай інфраструктуры, у тым ліку для забеспячэння выканання дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў. Цягам устаноўленага пераходнага перыяду ў мэтах арганізацыі грамадзян і развіцця адпаведных тэрыторый захоўваецца існаванне садаводчага таварыства. Па заканчэнні ўсталяванага пераходнага перыяду садаводчае таварыства падлягае ліквідацыі».

Перавяду на гутарковую мову асноўную думку: нават калі ўсё садаводчае таварыства хоча стаць паселішчам з таннымі тарыфамі, яно яшчэ прыблізна 10 гадоў будзе СТ. Пакуль выканкам не забяспечыць стандарты. Ну і, зноў жа, невядома, якія тарыфы будуць праз пару гадоў і ці будзе наогул гэты фінт выгадны.

Лецішчы ўзляцяць у цане? А можа, зямля ў вёсках патаннее?

З пачаткам грамадскага абмеркавання яшчэ не прынятага ўказа пачаліся дэбаты. Ці ўзляцяць цэны на лецішчы? А можа, лецішчы дадуць такі прыток прапановы, што патаннеюць надзелы ў вёсках?

Мне здаецца, спрачацца зарана. Эфект ад прыняцця ўказа пачне высвятляцца нават не ў наступныя пару гадоў.

Пакуль статыстыка паказвае, што прапаноў загараднай нерухомасці — рэкордная колькасць, угодаў вельмі мала, цэны зніжаюцца вельмі павольна. І цяперашнія абмеркаванні прывядуць максімум да таго, што хтосьці лішні раз зойдзе на спецыялізаваныя сайты прыкінуць, што і за колькі сёння прадаюць. Але і гэта не факт. На фоне ўзмацнення жорсткасці рэпрэсій знікае аптымізм беларускага сярэдняга класу. Хутка шмат каму зноў стане не да думак пра камфортны загарадны дом. А вось цікавасць да танных сотак з урадлівай зямлёю пад агарод у галодныя гады прачынаецца.