Львоўскі пра заявы Галоўчанкі наконт эканомікі: У яго чамусьці два плюс два раўняецца пяці

Акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі — пра тое, чаму прэм'ер-міністр не прызнае перагрэву беларускай эканомікі.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_novy_czas__2__logo.jpg

Прэм'ер-міністр Галоўчанка бачыць «дастаткова ўстойлівы рост эканамічны, выкананне практычна ўсіх паказчыкаў» і не верыць у перакосы ў эканоміцы, якія ўзмацняюцца, і ў яе перагрэў.

— Што тычыцца так званага перагрэву, ну, па-першае, што гэта такое? Давайце спачатку вызначымся з паняццямі. Перагрэў — гэта такая эканамічная катэгорыя, якая азначае сітуацыю, калі рост ВУП перавышае патэнцыйны. Гэта першы сімптом, — прыводзіць словы Рамана Галоўчанкі «Люстэрка». — Другі сімптом — калі ідзе актыўны рост заробкаў, і грошы накіроўваюцца на спажыванне. То бок, гэта ўсё выклікае некаторыя дысбалансы. Мадэль такая існуе, яна зразумелая, мы яе не абвяргаем.

Прэм'ер прызнаў рост аб'ёмаў вытворчасці, заробкаў і крэдытавання. Аднак ён запэўніў, што ва ўрадзе «ўсе ведаюць і разумеюць»: «Таму ніякай рызыкі на гэты момант мы не бачым».

— З усімі аргументамі Рамана Галоўчанкі я згодны, а вось з высновай — не, — каментуе ў інтэрв'ю «Филину» заявы чыноўніка доктар эканамічных навук Леў Львоўскі. — Ён кажа: у нас ёсць два плюс два, але чамусьці ў яго гэта раўняецца пяці.

Па публікацыях Нацбанка відаць, што яго спецыялісты бачаць перагрэў у эканоміцы. Нацбанк некалькі разоў заяўляў пра занепакоенасць у сувязі з хуткім ростам крэдытаў, пра тое, што ў нас занадта нізкая стаўка і зрабіў нясмелую спробу павысіць працэнтную стаўку.

Галоўчанка называе і іншыя прыкметы перагрэву эканомікі: гэта звышнізкае беспрацоўе і тое, што эканоміка расце хутчэй, чым яе патэнцыйны рост. Паводле афіцыйных звестак, у нас беспрацоўе складае 3%. Гэта шматгадовы мінімум. Такі паказчык нармальны для менш развітых краін, чым Беларусь, у якіх палова эканомікі аграрная. Для Беларусі нармальнае беспрацоўе ад 4 да 6 працэнтаў.

Іншы паказчык — занадта хуткі рост эканомікі. Апошнія 10 гадоў сярэдні паказчык росту быў 1%. Увесь гэты час краінай кіравалі адны і тыя ж людзі, таму можна меркаваць, што гэта і ёсць узровень патэнцыйнага росту эканомікі.

Нічога звышпазітыўнага не здарылася. Для нас больш актыўна адкрыўся расійскі рынак. А з негатыўнага — закрыліся іншыя рынкі і дадаліся санкцыі. Аднаўленчы рост у нас прайшоў, цяпер мы ўжо ў зоне, дзе павінен быць нармальны рост. І па апошніх дадзеных, за квартал рост склаў 5%, што ў 5 разоў больш, чым наш патэнцыйны ўзровень. Тое ж самае мы бачым па іншых паказчыках, напрыклад, па загружанасці магутнасцяў паводле дадзеных Белстата.


Глядзіце таксама

Галоўчанка пералічвае ўсе фактары, якія сведчаць аб перагрэве, потым ён чамусьці робіць выснову, што ніякіх рызык няма. І нельга сказаць, што ўсе чыноўнікі з гэтым згодныя. Нацбанк занепакоены гэтай сітуацыяй.

Паводле афіцыйных дадзеных, у прадпрыемстваў растуць ўдзельныя выдаткі на працу, гэта значыць, праца дыспрапарцыянальна становіцца больш дарагой, расце ВУП, расце выручка, а прыбытак прадпрыемстваў падае. Калі эканоміка расце, так не павінна быць.

Дадатковыя рызыкі ўзнікаюць праз тое, што ў нас з аднаго боку перагрэў эканомікі, а ў дадатак да гэтага яшчэ і кантроль цэн. Без яго перагрэў эканомікі часта выліваецца ў павышаную інфляцыю, але ніхто не разараецца пры гэтым.

Калі своечасова зразумець, што прама цяпер пачнуць банкрутаваць прадпрыемствы і адмяніць у гэты момант кантроль цэн, то будзе спіраль інфляцыі, але ніхто не згалее. Усё залежыць ад дзеянняў урада. Калі пачнуць банкрутаваць — тады ўжо позна адпускаць цэны.

У нас усё яшчэ ёсць прафесіяналы нават у вышэйшых эшалонах улады, у той жа час з'явілася шмат прыхільнікаў адміністрацыйнага рэгулявання. Хто з іх пераможа — не ведаю.

Калі б мы былі ўпэўненыя, што ва ўрадзе ўсё разумеюць і правільна ацэньваюць рызыкі, то з большай верагоднасцю не дапусцяць іх развіцця. Крызіс можа здарыцца тады, калі ўрад не разумее рызык, — заключае Леў Львоўскі. 

Аднак усе параметры, паводле якіх улады ацэньваюць здароўе эканомікі, паводле яго слоў, знаходзяцца ў «зялёнай зоне». Інакш кажучы, не выклікаюць занепакоенасці.