Малады, мужчына, гараджанін. У Беларусі склалі партрэт беспрацоўнага

Раз у квартал чыноўнікі рапартуюць аб беспрацоўі па крытэрах Міжнароднай арганізацыі працы. Гэтыя дадзеныя на парадак адрозніваюцца ад адміністрацыйнага ўліку.

4b4135960046eed71ea042d5013f5e54.jpg


Як правіла, замеры беспрацоўя па крытэрах МАП праходзяць 4 разы ў год — у лютым, траўні, жніўні і лістападзе. У 2020 годзе з-за эпідэміі каронавіруса зрабілі выключэнне і перанеслі замеры з траўня на чэрвень.

Па методыцы, заснаванай на падыходах МАП, беспрацоўным прызнаецца чалавек, які знаходзіцца ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў, актыўна шукае працу і гатовы прыступіць да яе ў бліжэйшы час. Стан пошуку працы і гатоўнасць прыступіць да яе вызначаецца са слоў самога рэспандэнта. Гэты падыход да беспрацоўя ўжываецца ў большасці краін свету і дае вынікі, якія можна параўноўваць паміж сабой, пішуць banki24.by.

Радыкальна іншыя вынікі дае адміністрацыйны ўлік беспрацоўя. У Беларусі на канец жніўня 2021-га знаходзіліся на ўліку беспрацоўных усяго 7,6 тыс. чалавек. Дзяржаўныя органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ацэньвалі такі ўзровень беспрацоўя толькі ў 0,2%.

Для параўнання: беспрацоўе па крытэрах МАП у Беларусі за жнівень-2021 склала 186,6 тыс. чалавек — амаль у 25 разоў вышэй, чым па адміністрацыйным уліку. Узровень беспрацоўя адносна ўсёй працоўнай сілы склаў 3,7%.

Такая вялікая розніца тлумачыцца тым, што беспрацоўны па «версіі» чыноўнікаў павінен самастойна прыйсці ў органы працы і сацыяльнай абароны, зарэгістравацца там і абавязацца прыходзіць на грамадскія працы. Дапамога па беспрацоўі ў РБ малая — звычайна гэта 1-2 базавыя велічыні. Чыноўнікі прызнаюць беспрацоўнымі не 100% людзей, заўсёды існуе адсеў. Дый пасля чалавек можа быць пазбаўлены статусу беспрацоўнага па тым ці іншым прычынах. Патэнцыйных суіскальнікаў статусу адпужвае і нізкая дапамога, якая непараўнальная з еўрапейскай, і тое, што гэтую дапамогу даводзіцца адпрацоўваць. Адсюль стабільна нізкая статыстыка адміністрацыйнага ўліку.

Паводле замераў па крытэрах МАП сярэдні ўзрост беспрацоўных склаў 36,6 года. У агульнай колькасці беспрацоўных моладзь ва ўзросце 16-30 гадоў дасягнула 67,1 тыс. чалавек, або 35,9% (больш за траціну). Сярэдні час пошуку працы ў беспрацоўных склала 8,2 месяца. Амаль кожны чацвёрты беспрацоўны шукае працу больш за год — гэта працяглае беспрацоўе.

Узровень беспрацоўя ў мужчын вышэйшы, чым у жанчын (4,6% супраць 2,7%), а ў гараджан вышэйшы, чым у жыхароў сельскай мясцовасці (3,7% супраць 3,3%).

Самы высокі ўзровень беспрацоўя — у мужчын 15-19 гадоў (37%) і ў гарадскога насельніцтва 15-19 гадоў (38,2%), самы нізкі — у жанчын 25-29 гадоў (0,9%) і ў сельскага насельніцтва 25-29 гадоў (1,5%).