Масавыя затрымкі зарплат адлюстроўваюць складанае фінансавае становішча прадпрыемстваў

Няўчаснасць выплаты зарплат на беларускіх прадпрыемствах абумоўлена зніжэннем попыту на прадукцыю айчынных вытворцаў.



images63.jpg

"Затрымкі выплаты зарплат, верагодна, выкліканыя складаным фінансавым становішчам прадпрыемстваў — попыт на іх прадукцыю знізіўся як на знешнім, так і на ўнутраным рынку", — гаворыць эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Акрамя таго, лічыць эксперт, жорсткая манетарная палітыка, якую Нацбанк праводзіць з пачатку года, прывяла да таго, што дзяржава абмежавала грашовую прапанову і ў прадпрыемстваў паменшыліся магчымасці прыцягваць крэдытныя рэсурсы на выплату зарплат.

У канцы 2014 года Нацбанк рэкамендаваў банкам не выдаваць крэдыты неэфектыўным прадпрыемствам на выплату зарплат. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заяўляў у першым квартале 2015 года, што прадпрыемствы, якія дапусцілі рост складскіх запасаў, крэдытавацца не будуць.

"Прадпрыемствы не могуць прыцягнуць сёння танныя рэсурсы на выплату зарплат, і пры цяперашняй манетарнай палітыцы сітуацыя наўрад ці зменіцца. Аднак гэта не значыць, што цяперашняя грашова-крэдытная палітыка няправільная. Пазіцыя Нацбанка, які з мэтай забеспячэння фінансавай стабільнасці перастаў раздаваць грошы налева і направа, — абсалютна правільная", — мяркуе Барнукова.

Па стане на 1 красавіка 2015 года ў краіне лічылася 518 арганізацый, якія мелі пратэрмінаваную запазычанасць па заработнай плаце перад 90,8 тыс. работнікамі. Тым часам на 1 студзеня налічвалася толькі 20 арганізацый, якія мелі пратэрмінаваную завінавачанасць па зарплаце.

Такім чынам, за першы квартал колькасць арганізацый, якія не змаглі своечасова выплаціць зарплату, павялічылася прыкладна ў 26 разоў. Колькасць працаўнікоў, якія сутыкнуліся з затрымкай выплат зарплат, за квартал павялічылася ў 30 разоў.

Былы прэм'ер-міністр, старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, адкрываючы 2 красавіка вясновую сесію парламента, паведаміў, што з боку грамадзян сталі паступаць скаргі на няўчасную выплату зарплат.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН