Матэматыка ад прэм’ера: 5,2% менш чым 5,0%
Прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка ў нядзельным ТБ-эфіры патлумачыў «шырокім эканамічным колам», што ўрад кантралюе сітуацыю з цэнамі на спажывецкім рынку, а заявы аб хуткім запуску друкаванага станка не паддаюцца тлумачэнню.
Для большай праўдападобнасці сваіх слоў прэм’ер злёгку змяніў правілы матэматыкі.
«Сітуацыя з цэнамі ў нас абсалютна спакойная. Мы знаходзімся ў прагнозных параметрах, нават ідзем ніжэй прагнозу. Задача, якая была пастаўлена перад урадам і Нацыянальным банкам, — гадавы рост спажывецкіх цэн не павінен перавышаць 5%», — сказаў Галоўчанка.
«З пачатку года мы маем індэкс росту спажывецкіх коштаў 103,2», — сказаў прэм’ер.
З пачатку года — гэта 6 месяцаў, а ніяк не год. А ў чэрвені інфляцыя ў гадавым вылічэнні вырасла да 5,2%. Якім чынам інфляцыя ў 5,2% ідзе «ніжэй прагнозу» у 5%, і як можна параўноўваць гадавую інфляцыю і паказчык за 6 месяцаў — гэтыя пытанні варта адрасаваць прэм’еру.
«Прычым па кантраляваных цэнах ён (рост коштаў — рэд.) яшчэ ніжэй», — працягнуў Галоўчанка. У чэрвені, паводле звестак Белстата, гадавы рост рэгуляваных дзяржавай коштаў склаў 6,7%.
«Вядома, быў складаны перыяд, калі з-за разрыву ланцужкоў пастаўшчыкоў пачалі ўзнікаць інфляцыйныя навесы, пачалі падымацца кошты. Вы памятаеце, ажыятажны попыт узнікаў на імбір, лімоны, грэчку. Таму прыйшлося тэрмінова гасіць гэтую сітуацыю і рэгулятыўнымі, і эканамічнымі метадамі», — распавёў ён пра тое, як дзейнічаў урад Сяргея Румаса.
Прэм’ер нагадаў, што была пастаўлена задача забяспечыць парадак на коштавым рынку, нягледзячы на ўсе крызісныя з’явы.
«І ён цяпер забяспечаны. Мясная прадукцыя патаннела практычна на 10% (на 0,5% у гадавым выражэнні па дадзеных Белстата — рэд.), а таксама малочная прадукцыя, хлебабулачныя вырабы і гэтак далей. Зараз ёсць невялікі рост па плодаагародніннай прадукцыі: цытрусавыя, яблыкі, якіх быў неўраджай у мінулым годзе, бульба старая скончылася, а новая пакуль не вырасла, капуста, лук — гэта ўсё імпартныя тавары», — дапусціў яшчэ адну маніпуляцыю Галоўчанка.
Сезонныя кошты (на плодаагароднінную прадукцыю) у чэрвені склалі рост 21,5% у гадавым выражэнні — гэта «трошкі» ў разуменні прэм’ера.
«Але гэта абсалютна сезонная з’ява, збярэм наш ураджай — тут жа кошты прыпадуць. Таму я з упэўненасцю кажу, што ўрад сітуацыю на коштавым рынку кантралюе», — запэўніў ён.
Калі са статыстыкай і матэматыкай «больш, менш, роўна» у прэм’ера не ладзіцца, затое ў плане іншага Раман Галоўчанка выглядае малайцом. «Я б хацеў скарыстацца сітуацыяй і звярнуцца да шырокіх эканамічных колаў, якія вельмі актыўна каментуюць дзеянні ўрада, нагнятаюць напружанасць, што ўсё дрэнна, што ўрад цяпер уключыць друкаваны станок, хаця ва ўрада няма такіх паўнамоцтваў, пачне цяпер усім нарошчваць заробкі, будзе эмісія, будзе зноў курс долара расці. Для чаго гэта робіцца? Навошта людзям ўліваецца такая інфармацыя ў галаву, на каго працуюць людзі, якія кожны дзень або праз дзень нагнятаюць гэтую напружанасць? У мяне асабіста адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. У нас хапае грошай у бюджэце для таго, каб выконваць усе свае сацыяльныя абавязацельствы і праграмы развіцця».
Паводле afn.by