Залезці ў кішэню грамадзянам
Мы чарговым разам упэўніваемся ў справядлівасці афарызму Астапа Бендэра пра тое, што «фінансавая прорва — прорва, у якую можна падаць бясконца». Улада зазнае раздваенне асобы. З аднаго боку, ёй нельга сказаць, што ў нас складанасці, асабліва ў перадвыбарчы час. З другога боку — ад рэалій нікуды не падзенешся.

Малюнак www.mk.ru
Вось, напрыклад, праект Асноўных напрамкаў бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі на 2021–2023 год. У гэтым дакуменце гаворыцца, што сёлета выдаткі дзяржбюджэту, паводле ацэнкі Мінфіна, складуць 26,8 мільярда рублёў. Даходы ж па выніках года будуць значна ніжэйшыя за запланаваныя — у лепшым выпадку, яны складуць 21,2 мільярда. Такім чынам Мінфін прагназуе дэфіцыт дзяржбюджэту на 5,6 мільярда рублёў.
Цікавае і абгрунтаванне гэтага дэфіцыту. Ён узнікае дзякуючы шэрагу прынятых у гэтым годзе рашэнняў Лукашэнкі, якія не былі прадугледжаныя пры зацвярджэнні бюджэту на 2020 год, у тым ліку накіраваныя на «падтрымку арганізацый рэальнага сектара эканомікі», то-бок хранічна стратных прадпрыемстваў.
Эканамічны партал officelife адзначае, што для фінансавання дэфіцыту могуць быць задзейнічаныя сродкі знешніх дзяржаўных пазык, якія прыцягваюцца для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, сродкі ад вяртання гарантый і рэшткі сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Але задзейнічанне ў бягучым годзе значнага аб’ёму рэшткаў сродкаў дзяржбюджэту для фінансавання выдаткаў істотна скарачае рэсурсныя магчымасці ў 2021 годзе.
Нагадаем, што ўпершыню за шмат гадоў бюджэт на 2020 год і так быў звярстаны з дэфіцытам у амаль мільярд рублёў, аднак цяпер, згодна з прагнозамі спецыялістаў, дэфіцыт павялічваецца больш чым у 5 разоў. Атрымліваецца, што і ніякіх запланаваных «падвышэнняў заробку бюджэтнікаў» у агляднай будучыні быць не павінна, што б ні казалі ўлады ў перадвыбарчых лозунгах.
Канешне, грошы трэба аднекуль узяць. І, як ужо неаднаразова пісалася, самая простая і надзейная крыніца — залезці ў кішэню грамадзянам.
Узяць хаця б сітуацыю з нафтай і бензінам. Усе мы ведаем, што ў першым-другім квартале гэтага года кошт расійскай нафты быў ледзьве не адмоўным. Дый цяпер барэль Urals каштуе каля 43 долараў. Падавалася б, кошт бензіну павінен таксама падаць, але ж не.
Па звестках каманды Picodi.com, якая сачыла за змяненнямі кошту бензіну ў свеце, Беларусь па цэнах на паліва — у лідарах у Еўропе і СНД. У большасці краін Еўропы і СНД цэны на бензін у першым паўгоддзі 2020 года зніжаліся. Самае вялікае падзенне было зафіксавана ў Азербайджане (-28%), Украіне (-15,4%) і Румыніі (-14%). У Польшчы і Літве кошт паліва знізіўся на 10,2% і 7,5% адпаведна. Тым часам у нафтаздабываючай Расіі кошт бензіну вырас на 0,8%, у Казахстане — на 1%, а ў Таджыкістане — на 4,5 %. Але самае вялікае падаражанне зафіксавана ў Беларусі — +12,4% ад мінулага года.

Між тым, грошай патрабуе не толькі бюджэт: фінансавая прорва ўсё ж бясконцая. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных прамысловых арганізацый у студзені-траўні 2020 года ў параўнанні са студзенем-траўнем 2019-га павялічылася з 297 да 383, на 29%! То-бок, амаль на траціну!
Пры гэтым сума чыстых стратаў усіх стратных прампрадпрыемстваў вырасла ў 6,4 разу, да 1 млрд 540 млн рублёў, а на адну стратную арганізацыю — у 5 разоў, да 4 млн 21 тыс рублёў.
Чысты прыбытак усіх арганізацый прамысловасці склаў на 1 чэрвеня 2020 года 1 млрд 64,1 млн рублёў (на 67,9% менш, чым у студзені-траўні 2019 года), прыбытак да падаткаабкладання — 1 млрд 486 млн рублёў (на 63,1% менш).
Насамрэч, толькі ўявіце: прыбытак УСЁЙ беларускай прамысловасці знізіўся амаль на 70%! Ці не прыйшоў час казаць пра самы натуральны крызіс?
Канешне, можна спісаць гэтыя страты на становішча сусветнай эканомікі, якая перажывае крызіс попыту на сыравінныя тавары. На каронавірус, з-за якога былі закрытыя межы, а значыць, знізіўся экспарт. Некаторыя наракаюць, што ў нас дагэтуль не створаныя роўныя ўмовы гаспадарання для беларускіх і расійскіх прамысловых прадпрыемстваў — пры гэтым ужо 20 гадоў Саюзнай дзяржаве.
Прычынаў можна знайсці колькі заўгодна. Аднак узнікае пытанне: што рабіць? Пакуль што не робіцца нічога. Нашы прадпрыемствы «гоняць ВУП на склад» у спадзяванні, што «ўсё прадасца пасля каронавіруса». Але адмыслоўцы зазначаюць: «карона» — гэта надоўга. І той жа трактар, які два гады прастаяў без руху, хай і ў гаражы, становіцца прыдатны хіба што на металалом.
А дзяржава спрабуе зрабіць выгляд, што «ўсё нармальна», і зрабіць гэта такім чынам, каб мы пра рэальнае становішча спраў не даведваліся. 21 ліпеня, напрыклад, прайшло пасяджэнне Нацбанка, на якім, як мы нядаўна пачулі, да кіраўнікоў дзяржаўных і камерцыйных банкаў была даведзена рэкамендацыя адмовіцца ад размяшчэння рэкламы ў недзяржаўных СМІ.
Практыка не новая. Улада з рэгулярнасцю, вартай лепшага прымянення, забараняе даваць рэкламу незалежным СМІ ад 2000 года, і паўтарае гэтыя рэкамендацыі кожны раз перад выбарамі і ў часы крызісу. Напрыклад, падобныя рэкамендацыі былі агучаныя ў 2011 годзе, калі здарыліся выбух у метро і трохразовая дэвальвацыя беларускага рубля.
Шмат хто адзначае, што ў 2019 годзе на банкаўскі сектар, паводле розных звестак, прыходзілася ад 7 да 18% аб’ёму інтэрнэт-рэкламы на медыйным рынку. А значыць, нібыта, што ўлада эканамічным ціскам прымушае недзяржаўныя СМІ сцішыцца. Але, можа быць, усё па-іншаму. Дзяржаўнай прапагандзе, напэўна, таксама не хапае грошай, і такім чынам улады спрабуюць перавесці фінансавыя патокі ад рэкламы ў падуладныя ёй СМІ.
З іншага боку, у такіх рэкамендацыях ёсць і добрая навіна. Гэта азначае, што людзі, на якіх разлічаная рэклама банкаў, праўладную прапаганду не глядзяць і не чытаюць.
Пытанне толькі ў тым, ці пагодзяцца камерцыйныя (!) банкі з такімі рэкамендацыямі. Раней «рэкамендацыі» Нацбанка ўспрымаліся як закон. Але ўжо былі і выпадкі, калі камерцыйныя банкі ігнаравалі рэкамендацыі рэгулятара. Усё ж не справа Нацбанка вырашаць, куды камерцыйны банк патраціць рэкламны бюджэт, праўда?