Цана экаежы. Як вырошчваецца экапрадукцыя без хіміі

Беларусы ядуць штогод у сярэднім 150 кілаграмаў гародніны на чалавека. Гэты паказчык не змяняецца ўжо шмат гадоў. Хаця дыетолагі настойліва раяць ужываць болей гародніны ды зеляніны ў якасці складовай часткі здаровага ладу жыцця. Паводле прагнозаў, прапаганда здаровага харчавання бліжэйшым часам адаб’ецца ўсё ж такі і на статыстыцы.

Фота www.health-kz.com

Фота www.health-kz.com

Узбагачаць і аздараўляць рацыён трэба пачынаць з дзіцячых меню ў садках і школах. Так можна кампенсаваць недахоп гародніны ў дзяцей, якія дома ядуць зазвычай — умоўна, — макарону з варанай каўбасой. Наогул, пра ўжыванне беларусамі гародніны можна меркаваць па апытанні, што было праведзенае сярод бацькоў школьнікаў Навукова-практычным цэнтрам Акадэміі навук па харчаванні. Чакана выявілася, што самыя папулярныя віды гародніны ў нас — агуркі, памідоры і цыбуля (іх ядуць да двух разоў на суткі). 2–3 разы на тыдзень на стале беларускіх сем’яў з’яўляюцца капуста, бульба і морква. 3–4 разы на месяц спажываюцца кабачок, гарбуз, патысон, а таксама буракі ў баршчы ці вінегрэце. Салёную і марынаваную гародніну ў сем’ях з дзецьмі школьнага ўзросту ядуць 1–2 разы на месяц.


Гародніна без «хіміі»

Увогуле ж Навукова-практычны цэнтр Акадэміі навук па харчаванні рэкамендуе есці гародніну некалькі разоў на дзень. І каб атрымлівалася не меней за 400 грамаў на суткі. Прычым, у свежым выглядзе. Пажадана, каб гародніна была мясцовага паходжання. Натуральна, што нашы вытворцы ўхваляюць такія парады.

Калі не маеш градаў на вёсцы і лецішчы, то выбар усё адно багаты: ад крамаў да рынкаў. Дастаткова шмат з’явілася апошнімі гадамі прапаноў ад фермераў. Вельмі часта яны аб’ядноўваюцца і арганізуюць сэрвісы дастаўкі або міні-рынкі. Самы свежы прыклад — якраз днямі побач з самым вялікім гіпермаркетам «Еўраопт» у Мінску на вуліцы Мантажнікаў, што каля ТЭЦ-4, запрацаваў «Фермерскі кірмаш».

Асабліва пачала цаніцца гародніна, якая можа лічыцца арганічнай прадукцыяй, — гэта сусветны трэнд. Канешне, арганічнае земляробства больш распаўсюджана ў заможных краінах, але і ў Еўрасаюзе пакуль што пад яго задзейнічана ўсяго толькі 7% сельскагаспадарчых зямель. У лідарах — Аўстрыя з 23%, Эстонія з 20% ды Швецыя з 19%. Сярод самых прасунутых краін — і наша суседка Латвія, дзе на 14% сельгасугоддзяў вырошчваюць арганічную аграпрадукцыю. У нас жа гэта пакуль тры дзясяткі гаспадарак, якія вырошчваюць гародніну без выкарыстання «хіміі».

Але ўвага: прыстаўка «эка-» на ўпакоўцы з бульбай і таматамі не азначае, што гэта арганік-прадукт. Адрозніваць сапраўды экалагічна чыстую ежу ад рэкламна-падманнай можна згодна з законам «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі», які запрацаваў восенню 2019 года, па адмысловым знаку-сертыфікаце «Арганічны прадукт». У некаторых нашых вытворцаў ёсць замежныя «зялёныя» сертыфікаты. Атрымаць іх удаецца толькі пасля выканання шэрагу земляробчых стандартаў і праверкі адмысловай інспекцыяй. Агулам працэс расцягваецца на перыяд 3–5 гадоў.

Сертыфікацыя вельмі строгая. Ну, і пасля яе адбываюцца планавыя і пазапланавыя інспекцыі. Знойдуць, што фермер выкарыстоўваў мінеральныя ўгнаенні — бывай, сертыфікат! Не дапускаецца нават дробнай канцэнтрацыі хімічных сродкаў абароны раслін. Таму агранамічныя веды пра тое, як альтэрнатыўнымі традыцыйнаму інтэнсіўнаму земляробству метадамі атрымліваць добры ўраджай, вельмі важныя.

pravilnoye_pitaniye912.jpg


Ідэйныя фермеры

Напрыклад, фермер Дзмітрый Лутаеў з вёскі Сошніца Бярозаўскага раёна на Брэстчыне, адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў суполкі «Кансорцыя арганічных гаспадарак», вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, а затым у шведскім універсітэце прайшоў адмысловы курс арганічнага земляробства. Пачынаў сваю справу абсалютна з нуля — набыў стары дом з занядбаным гектарам зямлі. Гэта быў плюс — зямля была чыстая ад рознай неарганікі. Цяпер ён вырошчвае каля 30 агракультур — ад таматаў да кавуноў. Кажа, што з гектара на арганічнай гародніне можна зарабіць да 15–20 тысяч долараў на год. Натуральна, выкарыстоўваючы шкодна-брудныя мінеральныя ўгнаенні, можна зарабіць болей і прасцей. Але Лутаеў — ідэйны фермер, які дбае пра прыроду і зямлю. І пра людзей, многія з якіх пакутуюць на алергію праз пестыцыды.

Як ставяцца да арганічнай прадукцыі патэнцыйныя пакупнікі? Перадусім і вытворцам, і медыкам яшчэ тлумачыць ды тлумачыць людзям, што такое наогул арганічная прадукцыя. Паводле сацыялагічнага апытання, зладжанага на замову Цэнтру экалагічных рашэнняў у 2018 годзе, 80,5% рэспандэнтаў чулі такое словаспалучэнне, але з іх толькі 54% маюць уяўленне пра тое, што гэта такое. 78% жыхароў буйных беларускіх гарадоў гатовы купляць гародніну і бульбу, калі яны будуць каштаваць на 10% даражэй за звычайную прадукцыю. А вось калі на траціну даражэй, то ўжо толькі 34%, калі ж на 50% — то яшчэ ўдвая меней, усяго 16%.

Дык як вырошчваецца экаежа без «хіміі»? Альтэрнатывай тым самым пестыцыдам, прызначаным для барацьбы са шкоднымі арганізмамі ў сельскай гаспадарцы, могуць быць агратэхнічныя захады і біялагічна актыўныя рэчывы. Напрыклад, агратэхнічныя метады — гэта выкарыстанне ўстойлівых да рознай заразы гатункаў, правільны севазварот, які не дае назапашвацца шкодным арганізмам у крытычную масу, своечасовая апрацоўка глебы. Калі правільна апрацаваць глебу, то розныя лічынкі шкоднікаў гінуць на яе паверхні ад змены тэмператур, а таксама становяцца здабычай птушак і насякомых. Ёсць і «зялёныя ўгнаенні» — розныя расліны. На карысць ідзе суседства некаторых раслін: часнык, цыбуля, фасоля, базілік абараняюць ад шкоднікаў і ўзбуджальнікаў раслінных хваробаў. Напрыклад, бульба «сябруе» з бабамі, капустай, шпінатам, хрэнам, мятай. І, наадварот, не сябруе з таматамі, гарбузамі, вішняй, рабінай, гуркамі. Гуркі, у сваю чаргу, добра суседнічаюць з гарохам, кропам, цыбуляй, капустай. Падалей гуркі трэба трымаць ад вінаграду.

Двубой на морквах

Між тым, у Навукова-практычным цэнтры па харчаванні даводзяць, што нават неарганічная беларуская гародніна больш бяспечная за прывазную. Што ўжо казаць пра арганічную! Так, у нашай бульбе ў паўтара раза менш нітратаў. І на столькі ж болей караціну ў нашай моркве ў параўнанні з імпартаванай. У чым сакрэт? Папросту наша гародніна выспявае перад продажам у натуральных умовах, а прывазная — ва ўпакоўках. Да ўсяго прывазная для падаўжэння тэрмінаў зберагання адмысловым чынам апрацоўваецца. Не надта крытычна для жыцця і здароўя, але тым не менш — навошта накапляць у арганізме нешта «бруднае»?

Зразумела, што шмат у якіх выпадках вырашае памер сямейнага бюджэту. Акрамя таго, фермеры не прывязуць вам сваёй ежы ў любы дзень. Дастаўка ажыццяўляецца па пэўных днях на замову. Ну, і калі б быў вялікі попыт, то маштабы арганічнага фермерства не дазволілі б задавольваць яго ў штодзённым рэжыме.

Арганікі выйграюць тым, што вам гарантуюць продаж экалагічна чыстай ежы, што пацверджана адмысловым аўтарытэтным сертыфікатам. То-бок, гародніна абсалютна без хімікатаў. На рынку і ў краме яны ў гародніне, хутчэй за ўсё, будуць, якая канцэнтрацыя — загадка. Ну а далей ідзе канкурэнцыя коштаў.

Фермеры, якія вырошчваюць арганічную прадукцыю, кажуць, што, канешне, сабекошт у іх вышэйшы, але яны стараюцца цэны не задзіраць. Канкурэнтаў багата, а нарасціць сталую пакупніцкую аўдыторыю гэтак жа няпроста, як і экалагічна чыстую гародніну. Мараць фермеры-экалагісты і пра падтрымку дзяржавы ў будучыні, як гэта ёсць у ЕС. Напрыклад, на падтрымку арганічных гаспадарак мог бы ісці экалагічны падатак з тых сельскагаспадарчых суб’ектаў, якія вядуць інтэнсіўнае земляробства.