Фермер, кветкі якога растуць ля лавы Клінтана

«Заспелі мяне на каленях на зямлі. Вакол кветак завіхаюся», — кажа мне па тэлефоне адзін з першых беларускіх фермераў Уладзімір Матусевіч з вёскі Мацкі Мінскага раёна.

Маёнтак Матусевічы

Маёнтак Матусевічы

Кветкі ён вельмі любіць, цяпер часу на іх мае болей, бо гаспадаркай ужо кіруе сын. Значыць, сфарміравалася фермерская дынастыя: ці гэта не грунт для адраджэння нашай сельскай гаспадаркі без уладных дырэктываў зверху, каб была праца на вёсцы, і яна не абязлюднела?

Беларуская мара

Уладзімір Матусевіч тутэйшы — родам з Мацкоў. Быў марскім чалавекам: пасля заканчэння Талінскай мараходнай вучэльні абышоў на акіянскім рэфрыжэратары ўвесь свет ад Аўстраліі да Амерыкі. Затым каля дзясятка гадоў ачольваў адзін з мінскіх ЖЭСаў, але малая радзіма цягнула і клікала назад. Вярнуўся. Гэта быў 1988 год, разгар эпохі Перабудовы ў Савецкім Саюзе. Час эканамічных катаклізмаў і новых магчымасцяў для ініцыятыўных і працавітых.

Матусевіч пайшоў у саўгас звычайным паляводам, скарыстаўся шчаслівай магчымасцю ўзяць у арэнду некалькі гектараў зямлі пад кармавыя буракі. Мясцовыя глядзелі як на дзівака. Араў-палоў, на каленях пратаптаў тысячы кіламетраў. Ды так удала сталася, што зарабіў за лета-восень па тых часінах шалёныя грошы. Пад 10 тысяч савецкіх рублёў — такія сумы тады можна было зарабіць хіба што ў Сібіры на залатых прыісках. На наступны год бураковы плённы подзвіг паўтарыўся.

Як тут не станеш фермерам!? Стартавы капітал, здабыты сваімі мазалямі, меўся, жаданне таксама, і акрылены поспехам Уладзімір Матусевіч пачаў пашыраць свае арэндныя плошчы. Скончыў у 1991 годзе адмысловыя фермерскія курсы пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і стаў адным з першых у Беларусі фермераў. Згадвае, што атрымаць зямлю пад фермерскую гаспадарку было складана, бюракраты цынічна футболілі: купі трактар — будзе табе зямля, ішоў па трактар — навошта табе тэхніка, калі не маеш дзялкі? Урэшце здолеў набыць трактар і атрымаць каля 20 гектараў зямлі, дзве траціны з якіх выдзелілі няўдобіцамі.

Пачалі са шваграм, які кінуў у сталіцы шафёрства, перабраўся на вёску і стаў кампаньёнам, думаць пра тое, чым заняцца. Выбар аказаўся слушным. Цяпер у Матусевіча 40 гектараў і спецыялізацыя на гародніне, перадусім на капусце. На абшарах фермерскай гаспадаркі даўно ўзведзены на некалькі паверхаў вялізны дом, які нагадвае бачную здалёк чырвоную крэпасць. На ўездзе адметная бел-чырвона-белая шыльда з помнай датай, калі ў Матусевіча праявілася фермерская жылка, — «Маёнтак Матусевічы. 1988».

Зямлі! Волі!

Фермер Уладзімір Матусевіч мае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Ён шмат гадоў дапамагае азеляняць урочышча Курапаты, яго кветкі і цяпер растуць каля лавы Клінтана. Падчас гэтай выбарчай прэзідэнцкай кампаніі спрабаваў стаць сябрам выбарчай камісіі, але не прапусцілі. Як кажа фермер, «адбрыкнулі». Хоць сярод сабраных 10 подпісаў грамадзян у наваколлі былі мясцовы святар (Матусевіч дапамог збудаваць у Мацках капліцу) і сельсавецкі начальнік.

Пагутарылі, вядома, са спадаром Уладзімірам і пра 9 жніўня. Дата галасавання і каронавірус трымае яго дома ў маёнтку і не дае выправіцца ў традыцыйнае летняе падарожжа. Зразумела, што Уладзімір Матусевіч — чалавек не бедны, але падарожнічае ён на ровары, прычым, на дастаткова вялікія адлегласці. Сёлетні план — старт з Гомеля да гогалеўскіх мясцін ва Украіне, а адтуль — у Расію. Пазалетась на сваё 65-годдзе фермер за тыдзень аб’ехаў роварам Фінляндыю — і нават сімвалічна ўзняў прыхоплены з сабою бел-чырвона-белы сцяг за паўночным палярным кругам.

Што да земляробства і вырошчвання гародніны, то, па словах фермера, на працы гаспадаркі каронавірусная інфекцыя аніяк не адбілася. Попыт на прадукцыю нікуды не падзеўся. А ўвогуле, галоўнае — не вырасціць, а прадаць, заўважае Уладзімір Матусевіч. Сваю гародніну ён прадае гуртам: «Мы можам і на сотні гандлёвых кропак прадаваць самі, але ж не разарвешся паўсюль. Дый гэта каштоўны час губляць».

Раней Уладзімір Матусевіч казаў, што 40 гектараў яму хапае і пашырацца намераў няма. Маўляў, ён хоча застацца фермерам, працаваць на зямлі ўласнаручна, босым па палетках прайсціся, а не як менеджар з белым каўнерыкам кіраваць. Але вось сын амбіцыі пашырацца мае, і яны сёлета, як распавёў Матусевіч, напісалі заяву на атрыманне новых гектараў. Тым болей, блізкае «калгаснае» поле занепадае: «Мой ураджай і там не параўнаць, прычым адной і той жа культуры!» Аднак пакуль адказу няма. Зрэшты, атрыманне зямлі — частая скарга фермераў, хаця ўлады дэкларуюць спрыяльны рэжым прыватнай сельскагаспадарчай ініцыятыве на зямлі. Але агулам на ўмовы для вядзенне фермерскага бізнесу спадар Уладзімір не скардзіцца — зарабляць можна. Панаракаў ён толькі на сваю пенсію: хоць фермер — ветэран працы, а мае 330 рублёў.

Дарэчы, свой плён-місію фермер бачыць і ў тым, каб даваць працу іншым людзям з мясцовых жыхароў, у тым ліку пенсіянерам. А пакіне ён не толькі добрую памяць пра сябе, але і прыгажосць: у родных Мацках пасадзіў больш за тысячу дрэваў. Дый дом будаваў сапраўды на манер шляхецкага маёнтка з паркам. Сялянска-фермерская гаспадарка таму адпаведна афіцыйна і называецца.

Маёнтак. Фота info.fermer1.by

Маёнтак. Фота info.fermer1.by


За 300 кіламетраў

Цікава, што да арганічнага земляробства ў Беларусі Уладзімір Матусевіч ставіцца скептычна. На яго думку, гэта перспектыва для багатых краін. Бо прадукцыя атрымліваецца дарагая праз невысокую ўраджайнасць. Дый навідавоку вялікія рызыкі: не пратравіш паразітаў, атрымаеш тую самую капусту непрывабнага выгляду — перакупшчык скрывіцца і не стане браць. Сумняваецца Уладзімір Матусевіч і ў тым, што будзе, так бы мовіць, экалагічна чыстым гной: кароваў жа кормяць усялякай «хіміяй».

Між тым, варыянты экалагічных угнаенняў ёсць — напрыклад, паляпшаць урадлівасць глебы можна грэчкай. Так робіць новаспечаны гродзенскі фермер Яўген Дарагуш. У фермеры ён падаўся з праграмістаў. У эпоху інтэрнэту агранамічныя веды дасяжныя любому ахвочаму беларусу. Маюцца і разнастайныя праграмы для падтрымкі новых бізнесаў. Фермер-праграміст нядаўна стаў удзельнікам праекту «Зялёная сельская гаспадарка без межаў», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі.

Як бачым, сялянска-фермерскія гаспадаркі арганізуюць людзі самых розных прафесіяў. Нядаўна аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся з фермерам з Давыд-Гарадку, што ў Брэсцкай вобласці. Працаваць на зямлі ён стаў пасля шматгадовай службы ў міліцыі, у тым ліку ў складзе элітных спецпадраздзяленняў у Мінску. Але расчараваўся і вырашыў паспрабаваць сябе як гаспадар на зямлі.

Шмат гадоў прыязджае ён са сваёй гароднінай і зелянінай у Мінск. А гэта амаль 300 кіламетраў. І такіх фермераў нямала. А інакш сваю прадукцыю папросту не рэалізуеш. То прадаваў вырашчанае гуртам перакупам, якія потым выдавалі яго прадукцыю за сваю, накручваючы кошты і распавядаючы пакупнікам пра нібыта цяжкую фермерскую працу, то гандляваў сам. Як цяпер. У прыватнасці, гэтым летам на пляцоўцы каля ПК Трактарнага завода ў сталіцы. Дарэчы, мясцовыя ўлады з 2017 года абяцалі ўладкаваць там міні-рынак замест стыхійнага гандлю. Але нядаўна было паведамлена, што такі праект не мае сэнсу, бо праз дзясятак гадоў тут будзе разваротнае кола метрапалітэну.

Праца фермера ў гандлёвы дзень, па словах фермера з Давыд-Гарадку, пачынаецца зусім не а 5-й ці 6-й раніцы, а за дзень: каб сабраць і расфасаваць прадукцыю, трэба час. У выніку спаць нармальна даводзіцца паўтыдня. Такая зацятая праца ў фермераў цягнецца, лічы, увесь год. Бо ў снежні яшчэ можа збірацца ўраджай — напрыклад, марозаўстойлівага шпінату. А ў лютым ужо трэба займацца рассадай. То-бок, час на адпачынак — толькі студзень.

Зрэшты, усё кампенсуецца, апрача прыбытку, асалодай — вырасціць годна тое, што многім не ўдаецца.