Мяса ў абмен на нафтапрадукты

Польшча падтрымае Беларусь у выпадку ўступлення яе ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзела садзейнічання гандлю і інвестыцыям амбасады Польшчы ў Беларусі Веслаў Пакладэк.



114806.jpg

Веслаў Пакладэк

«Польшча падтрымлівае ўступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Гэта станоўча адаб’ецца на тавараабароце паміж Польшчай і Беларуссю, таму што тыя бар’еры, якія цяпер выкарыстоўваюцца, не будуць тады існаваць. СГА прымушае да зняцця такіх бар’ераў. Яе роля ў тым, каб стымуляваць развіццё гандлю», — адзначыў прадстаўнік польскай дыпламатычнай місіі.

Разам з тым Веслаў Пакладэк заўважыў, што Польшча не настроена аптымістычна з нагоды ўступлення Беларусі ў СГА ў бліжэйшы час. На думку Пакладэка, уступленне Расіі ў СГА станоўча адаб’ецца на тавараабароце паміж Польшчай і Беларуссю, але ў доўгатэрміновай перспектыве — не раней 2017 года, калі ў Расіі ўступяць у сілу ўсе правілы СГА. «Я думаю, і Беларусь павінна выкарыстоўваць той факт, што Расія адкрываецца», — сказаў ён.

Тавараабарот паміж Польшчай і Беларуссю па выніках 2012 года можа захавацца на ўзроўні 2011 года. «Калі нам удасца захаваць узровень тавараабароту каля 2–2,5 мільярда долараў, гэта будзе добра. Мы разлічваем на 2,5 мільярда долараў, паводле беларускім ацэнак. Паводле польскіх разлікаў, павінна быць каля 3 мільярдаў долараў», — паведаміў Веслаў Пакладэк. Прадстаўнік амбасады Польшчы адзначыў: «Палітычныя адносіны не маюць прамога ўплыву на гандлёвыя сувязі, гэта хутчэй тычыцца адміністратыўных працэдураў. Адзінае, я думаю некаторыя інвестары баяцца палітычных працэсаў, якія тут адбываюцца і тармозяць свае рашэнні прыйсці сюды».

Сярод гандлёвых партнёраў Польшчы Беларусь займае 21-е месца па экспарту і 27 месца па імпарту.

Калі разглядаць таваразварот паміж Беларуссю і Польшчай у 2004–2011 гадах. То пік росту быў у 2008 годзе — тады таваразварот склаў 2,9 мільярда долараў. Потым у сувязі з эканамічным крызісам назіралася падзенне. У 2011 годзе таваразварот склаў 2,4 мільярда долараў, з іх на экспарт прыпала 1,3 мільярда долараў, на імпарт — 1,12 мільярда долараў, паводле ацэнак міністэрства эканомікі Польшчы. За 9 месяцаў 2012 года назіраецца мінус 10 % ад папярэдняга аб’ёму таваразвароту.

Між іншым, Рэспубліка Польшча — адзін з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Яна займае сёмае месца ў беларускім экспарце і пятае ў беларускім імпарце.

Польскі экспарт у Беларусь па секцыям таварных груп выглядае так: 19,3% — машыны, электратэхнічнае абсталяванне, 9,6% — прадукты жывёлагадоўлі, 9,6% — пластмасы, каўчук і вырабы з іх, 7,8 % — прадукцыя хімічнай прамысловасці, 7,7 % — прадукцыя раслінаводства. Пры гэтым 8,2% ад усяго экспарту ў Беларусь складае свініна, 5,2% — свежыя яблыкі і грушы.

З Беларусі ў Польшчу экспартуюцца ў асноўным сыравінныя рэсурсы: 44,4% мінеральныя прадукты, 20% хімічныя прадукты. 8% драўніна і вырабы з дрэва. Ад усяго аб’ёму імпарту нафтапрадукты складаюць 27,4%, звадкаваны газ 17%, таксама ў лідарах паставак калійныя ўгнаенні, казеін, кабельная прадукцыя.

Па інфармацыі амбасады Польшчы, цягам апошняга года найбольшую дынаміку мелі такія таварныя пазіцыі: тлушчы жывёльнага ці расліннага паходжання, скура і скураныя вырабы, прамысловыя тавары, вырабы з камню, цэменту, керамічныя вырабы, шкло, інструменты, вымяральная тэхніка, прадукцыя жывёльнага паходжання. Па словах Веслава Пакладэка, гэты спіс тавараў дэманструе перспектыўныя кірункі для гандлёвых арганізацый.