“Мінімум паўмільёны чалавек з'яўляюцца на прадпрыемствах лішнімі”

Яраслаў Раманчук пракаментаваў сітуацыю з масавымі звальненнямі работнікаў МАЗа і іншых дзяржпрадпрыемстваў.



odin_06.jpg

Калі раней буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы былі своеасаблівымі “святымі каровамі”, якім ні ў якім разе нельга было масава звальняць супрацоўнікаў, то цяпер сітуацыя, падобна, змяняецца. Паводле інфармацыі Міністэрства фінансаў, у трэцім квартале 2015 колькасць работнікаў МАЗа скарацілася на 1344, “Белшыны” — на 1133, МАПІДа — 1044 чалавека.

Што гэта азначае для беларускай эканомікі? І ці працягнуцца масавыя звальненні ў 2016-м?

— У нас вельмі шмат святых кароў з ліку прадпрыемстваў ператварылася ў ўжо ў ненажэрных вярблюдаў, якія не даюць нашчадкаў — заўважыў у каментары “Салiдарнасцi” вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук. — Тое, што адбываецца сёння — гэта спроба хоць неяк ураўнаважыць сітуацыю прытым, што попыту на беларускую прадукцыю машынабудавання, як гэта было раней, ужо не будзе.

Па словах суразмоўцы, масавыя звальненні кажуць пра тое, што структурныя праблемы беларускай эканомікі, якія так упарта адмаўляюць ўлады, на самай відавочныя.

— Тым не менш, аднымі звальненнямі яны не абыдуцца, — дадаў Раманчук. — Калі не будзе канкрэтных мер па змяненні правілаў гульні на рынку, матывацыі кіраўнікоў, ліквідацыі гэтай вар'яцкай звязкі паміж міністэрствам, канцэрнам і выканкамам, дзе ў кожнага прадпрыемства па дзесяць нянек, большасць з якіх яго дояць.

На думку эканаміста, такія прадпрыемствы як МАЗ, “Белшына”, “Гомсельмаш” пры існуючай сістэме кіравання асуджаныя на ператварэнне ў дробныя вытворчасці, а патэнцыйна іх чакае лёс “Мотавела” або “Гарызонта”, якія прыйшлі ў заняпад.

Кажучы пра колькасць работнікаў беларускіх прадпрыемстваў, якія могуць апынуцца на вуліцы ў 2016 годзе, суразмоўца “Салiдарнасцi” адзначае, што лік можа пайсці на сотні тысяч чалавек:

— Нават па афіцыйных ацэнках мінімум паўмільёны чалавек пры існуючай сістэме вытворчасці з'яўляюцца лішнімі, бо яны незапатрабаваныя рынкам. Прычым інтэграваць столькі людзей не змогуць ні дзяржпрадпрыемства, ні холдынгі, ні канцэрны — гэта прыйдзецца рабіць малому і сярэдняму бізнесу. Таму калі ўлада ў лютым парыве наязджае на індывідуальных прадпрымальнікаў — гэта не толькі абсурдна, але і небяспечна, — падсумаваў Яраслаў Раманчук.

Паводле: Салідарнасць