Moody’s штурхае Беларусь на распродаж

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s заявіла, што можа панізіць рэйтынг Беларусі. Наш рэйтынг і так складае катэгорыю «В3», якая ў фінансавых аналітыкаў завецца «смеццевым рэйтынгам».



full_1364020939.jpg

Што гэта азначае? Гэта азначае, што краіне ёсць куды падаць, але вельмі не далёка. Пасля рэйтынгу «В3» у вызначэнні Moodys ідуць толькі чатыры катэгорыі: «Сааа», «Саа», «Са» і, уласна, «С». Далей катэгорый няма, таму што катэгорыя «С» — гэта поўны дэфолт краіны.

На думку экспертаў агенцтва, дэфіцыт валютнай ліквіднасці, які адчувае Беларусь, з’яўляецца прычынай узмацнення базавых рызык. У ліку гэтых базавых рызык эксперты Moody’s называюць агульнае запаволенне тэмпаў росту сусветнай эканомікі, высокую залежнасць ад сыравіннага экспарту, высокую даларызацыю банкаўскай сістэмы, што ў выпадку дэвальвацыі прыводзіць да рэзкага росту выдаткаў на абслугоўванне валютных дэпазітаў і крэдытаў і, адпаведна, да павелічэння аб’ёму пратэрмінаваных абавязацельстваў, дэфіцыту бягучага рахунку плацежнага балансу і гэтак далей.

Між тым, важна таксама пазначыць, што краіны, якія пачынаюцца з рэйтынгу «Ваа1» (рэйтынг «В3», як ужо згадвалася, — самы ніжні ў спісе «В»), адзначаюцца як катэгорыя «Not prime», гэта значыць «сумніўная, аж да дрэннай, крэдытная якасць і няўстойлівая здольнасць своечасовага пагашэння па кароткатэрміновых дэпазітах». То бок, гэты рэйтынг, асабліва з перспектывай ягонага пагаршэння, азначае: «Не ўкладайце грошай у Беларусь: ёсць вялікая рызыка, што грошы да вас не вернуцца, не кажучы ўжо пра прыбытак».

Адзначае Moody’s і палітычны складнік гэтых рызыкаў. У дакуменце яны названыя «дэфіцытамструктурных рэформаў, недыверсіфікаванасцю эканомікі і інфантыльнасцю органаў улады, прычынай якой з’яўляюцца ўнутраныя і знешнія палітычныя рызыкі». Палітычныя рызыкі, паводле рэйтынгава агенцтва, — гэта аўтарытарны рэжым і залежнасць эканомікі ад стасункаў з Крамлём.

Між тым, калі верыць уладным органам, у нас у краіне ідзе мадэрнізацыя. На яе, зразумела, патрэбныя грошы, крэдыты, і патрэбныя тэрмінова. Пра тэрміновасць сведчыць няўдалая спроба Аляксандра Лукашэнкі ўзяць 2 мільярды долараў у Расіі, распрацоўка пакета дакументаў для крэдыту МВФ і шалёны пошук грошай за акіянамі, аж да Сінгапура і ААЭ. Аднак з такім дзейсным рэйтынгам і планамі Moody’s яшчэ яго панізіць, Беларусь становіцца ў вельмі неспрыяльнае становішча. А апошнія рухі нашага кіраўніцтва па канфіскацыі «Спартака» і «Камунаркі» ў сукупнасці з планамі ўвесці на ўсіх акцыянерных прадпрыемствах так званы «ўладальніцкі нагляд» ставяць поўны крыж на прыходзе ў краіну інвестараў.

Ці значыць гэта, што Беларусі ўвогуле не дачакацца крэдытаў? Не, не значыць, лічыць эканаміст Антон Болтачка. Справа ў тым, што звычайна «смеццевы рэйтынг» і вялікія рызыкі незвароту грошай кампенсуюцца даволі высокімі працэнтамі, якія выстаўляюць крэдыторы. У выніку аддаваць такія пазыкі значна цяжэй, чым звычайныя крэдыты. Адпаведна, больш грошай траціцца і на «абслугоўванне пазыкаў».

Між тым, знешні дзяржаўны доўг Беларусі зараз складае 12 мільярды долараў ЗША, а выплаты па крэдытах і па іх абслугоўванні ў гэтым годзе могуць скласці каля 4 мільярдаў долараў. «Могуць», таму што ўлада шукае магчымасць неяк «рэструктураваць» крэдыты і адцягнуць момант аплаты. Звычайна гэта робіцца такім чынам: грошы з «новага» крэдыту пускаюцца на аплату пазыкаў па «старым» крэдыце. Улічваючы, што «новы» крэдыт значна «даражэйшы», чым стары, краіна паступова апускаецца ў пазыковую багну.

Варыянтаў у гэтай сітуацыі можа быць два. Варыянт першы — гэта дэфолт краіны, то бок абвяшчэнне пра немагчымасць разлічыцца з замежнымі крэдыторамі па раней узятых абавязках. Як правіла, дэфолт суправаджаецца дэвальвацыяй, інфляцыяй, зніжэннем узроўню дабрабыту насельніцтва і рэзкім запавольваннем эканамічнага росту. Пытанні суверэннага дэфолту рэгулююцца на ўзроўні міжнароднага права. У выніку перамоваў запазычанасць рэструктурызуецца, то бок падпісваецца пагадненне аб адтэрміноўцы плацяжоў, змене ўмоў пазыкі або нават спісанні часткі доўгу. Класічны прыклад дзяржаўнага дэфолту — зробленая Расійскай Федэрацыяй 18 жніўня 1998 года заява аб адмове плаціць па дзяржаўных кароткатэрміновых абавязацельствах і аблігацыях федэральнай пазыкі.

Варыянт другі: новых крэдытаў не браць. Тым больш, што ўжо зараз кожны грамадзянін Беларусі вінен замежнікам каля трох з паловай тысяч долараў. Але і ў гэтым разе беларусам трэба будзе «зацягваць паясы», бо плацяжы па раней узятых крэдытах ніхто не адмяняў. У гэтым рэчышчы трэба скарачаць дзяржаўныя выдаткі, і ў тым ліку — перастаць забаўляцца з мадэрнізацыяй, на што мы таксама пайсці не можам.

Захаваць краіну без дэфолту і без новых крэдытаў можна толькі адным спосабам: продажам беларускіх прадпрыемстваў. Тады мы і дэфолту пазбегнем, і грошы на мадэрнізацыю застануцца. Але, улічваючы папярэджанне Moody’s, ні пра які продаж «інвестарам» казаць не даводзіцца. Інвестарам, як ужо казалася вышэй, няма чаго тут рабіць. Таму продаж будзе не інвестарам, а ўласнікам: з умовамі продажу кантрольных пакетаў акцый і немагчымасцю ў далейшым уплываць на дзейнасць прадпрыемства з боку дзяржавы.

Ну, а хто і за якімі прадпрыемствамі ламанецца ў «сінявокую», тут ужо казаць залішне: пра «маскоўскую пагрозу» ў гэтым плане не казаў толькі лянівы.