Сысці нельга застацца

Нарэшце мы даведаліся пра рэальную і стабільную папулярнасць Аляксандра Лукашэнкі сярод беларускага грамадства, пра той электарат, які будзе галасаваць за яго, нягледзячы ні на што. Згодна з апошнімі дадзенымі зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, сталы электарат Лукашэнкі складае каля 33%. Малавата для «ўсенароднай падтрымкі».



rejtyng_1_logo.gif

Электаральнаму рэйтынгу кіраўніка дзяржавы мусіць пазайздросціць беларуская інфляцыя. Вось ужо амаль год рэйтынг практычна стабільны, і стаіць, як кол, вагаючыся толькі ў межах памылкі выбаркі ў 3%. Зараз ён складае 33,4%.

Дынаміка за год вельмі паказальная. У красавіку 2012 года, пасля крызіснага 2011-га, Аляксандр Лукашэнка карыстаўся безумоўнай падтрымкай 34,5% насельніцтва. У чэрвені 2012-га рэйтынг знізіўся да 29,7%, у верасні-кастрычніку — вырас да 31,6%, у снежні — 31,5%, зараз, як казалася, — 33,4%.

Яднае гэтыя лічбы адно: стабільнасць. За выключэннем «абвалу» чэрвеня, лічбы не перавышаюць памылку выбаркі. Настолькі, што рост рэйтынгу ў верасні-кастрычніку незалежны сацыёлаг Алег Манаеў катэгарычна адмовіўся прызнаваць гэты плюс у 2,9% «ростам рэйтынгу Лукашэнкі». «Гэта нельга назваць ростам, таму што лічба не перавышае памылкі выбаркі ў 3%. Мы можам казаць толькі пра тое, што рэйтынг Лукашэнкі не ўпаў», — казаў ён.

З аднаго боку, такая стабільнасць для беларускага грамадства — гэта вельмі добра. Як кажуць, добрая ўлада тая, якой не чутно і не бачна. У еўрапейскіх краінах, дзе людзі жывуць добра, людзі ўзгадваюць пра ўладу толькі ў перыяды сацыяльных зрухаў, крызісаў альбо ў перыяд выбараў. А з іншага боку, такі рэйтынг паказвае, што сам Аляксандр Лукашэнка большасці нашых грамадзян глыбока «фіялетавы». Пра яго стараюцца не згадваць, бо надакучыў.

Вельмі яскрава гэта бачна на тым, як народ рэагуе на ініцыятывы беларускага правадыра. У прыватнасці, прызначэнне Пятра Пракаповіча, які, на думку шмат каго, з’яўляецца вінаватым у фінансавым крызісе 2011 года, намеснікам старшыні ўрада станоўча ацанілі толькі 12,4% рэспандэнтаў, адмоўна — 28,8%, а 43,2% да гэтага рашэння паставіліся проста абыякава.

Гэта, дарэчы, паказчык даверу і да «архітэктара дэвальвацыі» Пятра Пракаповіча.

Прадказальным жа чынам раскалолася грамадская думка і адносна прапановы Лукашэнкі па скарачэнні дзяржаўнага апарату, а за кошт скарачэння павялічыць заробак тым, хто застанецца на дзяржаўнай службе. У эфектыўнасць такога рашэння паверыла 30% апытаных і не паверыла 56,2%.

Дарэчы, толькі практычна тая ж «стабільная» лічба апытаных высоўвае прапанову, каб Аляксандр Рыгоравіч зноў паспрабаваў прэзідэнцкага шчасця ў 2015 годзе. Гэта бачна з адказу на пытанне: «Як, на Ваш погляд, павінен паступіць прэзідэнт А. Лукашэнка?». На думку 36,5% рэспандэнтаў, ён павінен удзельнічаць у выбарах 2015 года, 26,1% лічаць, што ён не павінен удзельнічаць у выбарах 2015 года, 21,4% — што ён павінен як мага хутчэй сысці і не перашкаджаць абраць новага прэзідэнта, а 6,1% — што ён павінен як мага хутчэй сысці і прызначыць пераемніка.

То бок, больш за палову дарослага насельніцтва краіны (53,6%) лічаць, што Аляксандр Рыгоравіч засядзеўся на працоўным месцы, і час яго б ужо нарэшце пакінуць любым спосабам.

Гэткім чынам выснова: каля 33% лічаць, што Аляксандр Лукашэнка нам патрэбны да зарэзу, каля 55% лічаць, што ён можа сысці ўжо зараз, бо ад яго рашэнняў нікому не халодна і не горача.

Раней Лукашэнка заяўляў, што гатовы сысці, «калі народ папросіць». Можна лічыць, што народ яго ўжо папрасіў.

Але ж на каго ён нас пакіне, гаротных? Як сведчыць даследаванне НІСЭПД, рэйтынг даверу да апазіцыйных палітычных партый знізіўся з 20% у снежні да 13,1% зараз — на сем пунктаў. З апазіцыйных лідараў рэйтынг вырас толькі ў кіраўніка кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева, да 5,1% (у снежні ён склаў 4,6%). У Андрэя Саннікава рэйтынг знізіўся да 2,8% (у снежні — 4,8%). Электаральны рэйтынг Аляксандра Мілінкевіча ў сакавіку склаў 2,8%.

Адразу ўзгадваецца іншая тактыка, а менавіта — тая ж «Гаварыпраўдоўская» кампанія пад назвай «Не хто замест Лукашэнкі, а што замест Лукашэнкі». Сёння 74,8% лічаць, што Беларусь мае патрэбу ў пераменах, супрацьлеглага меркавання прытрымліваюцца толькі 16,2%.

Ажыццяўляць гэтыя перамены, вядома ж, будуць самі беларусы. І тут НІСЭПД таксама бачыць праблему. Такой праблемай, на думку даследчыкаў, ёсць надзвычай высокі ўзровень недаверу людзей адзін да аднаго. На пытанне: «Ці можна давяраць большасці людзей, або ў адносінах з людзьмі трэба быць вельмі асцярожным?» 70% адказалі, што трэба быць вельмі асцярожным у адносінах з людзьмі, і толькі 23,1% — што большасці людзей можна давяраць. «Якая ж палітычная мабілізацыя магчымая без відавочнай альтэрнатывы і сацыяльнай кансалідацыі?» — задаецца пытаннем НІСЭПД.

На гэтае пытанне можна адказаць простым інтэрнэтаўскім «гы-гы». Беларусы могуць мець колькі заўгодна скептычнае стаўленне адзін да аднаго, але ў крытычнай сітуацыі яны проста яднаюцца, не зважаючы на свае комплексы і праблемы. Гэтае яднанне мы бачылі пасля Плошчы–2010, калі безліч незнаёмых людзей гатавалі перадачы і развозілі іх затрыманым па розных ізалятарах. Гэта мы бачылі і на прыкладзе нядаўняга «Хаўера», калі ўлады не здолелі арганізаваць рух транспарту ў экстрэмальных умовах. А тысячы беларусаў проста развозілі людзей на сваіх джыпах па дамах «за так». Будзе экстрым — будзе і рэакцыя.

Дарэчы, на пытанне «Калі прапануюць, ці пагодзіцеся вы прыняць удзел у якасці кандыдата на мясцовых выбарах у 2014 годзе?» каля 11% рэспандэнтаў адказалі станоўча (756 000 выбаршчыкаў, калі лічыць ад усёй колькасці). І хто пасля гэтага скажа, што беларусы не гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за краіну?