Рэсурс грамадскага даверу да Аляксандра Лукашэнкі яшчэ не вычарпаны, лічаць у НІСЭПД
Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс, Літва) адзначае ўзмацненне скептычнага стаўлення беларусаў да ўладаў. Такія высновы зроблены на аснове сакавіцкага нацыянальнага апытання, якое правёў НІСЭПД (апытана 1 513 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3%).
Так, траціна апытаных думаюць, што грошы, накіраваныя на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, аб'яўленую кіраўніком дзяржавы ў навагоднім звароце, будуць патрачаны неэфектыўна, а 28,1% — што яны наогул будуць раскрадзеныя. 35,4% лічаць, што ў найбліжэйшыя 10 гадоў у Беларусі магчымы тэхналагічны прарыў, мадэрнізацыя эканомікі, прарыў на аснове найноўшых тэхналогій, а звыш 40% з гэтым не згодныя.
Надзеі на эканамічнае развіццё краіны большасць звязвае з прыцягненнем замежнага капіталу (52,8%) і беларускімі прадпрымальнікамі (34,6%), а не з прэзідэнтам (31,6%), урадам (27%)
або кіраўнікамі дзяржпрадпрыемстваў (22,9%).
Амаль 44% лічаць, што ў Беларусі не выконваюцца правы чалавека. Амаль чвэрць рэспандэнтаў адказалі, што сёння больш за ўсё апасаюцца самавольства ўладаў, а прыкладна 15% —
грамадзянскай вайны (для параўнання: замежнай агрэсіі апасаюцца 11,5%). У чэрвені 2010 года было адпаведна 17,3% і 9,8%. "Як бачна, раскол грамадства ў дачыненні да ўладаў усё больш
адчуваецца простымі грамадзянамі", — адзначаюць у гэтай сувязі сацыёлагі.
Таксама НІСЭПД робіць выснову, што няўстойлівае эканамічнае становішча і скептычнае стаўленне да ўладаў павышаюць гатоўнасць беларусаў да перамен: 74,8% лічаць, што Беларусь мае
патрэбу ў пераменах. Супрацьлеглай думкі прытрымліваюцца толькі 16,2% (у маі 2011 года было 61,1% супраць 32,5%).
Аднак, мяркуюць сацыёлагі, гэтыя настроі наўпрост не пераносяцца на кіраўніка дзяржавы. "Хаця, як адзначалася ў нядаўніх аналітыках інстытута, перакладанне адказнасці на
"нядбайных чыноўнікаў", якое прэзідэнт майстэрскі выкарыстоўвае шмат гадоў, ужо не дае ранейшага эфекту, рэсурс грамадскага даверу да яго яшчэ далёка не вычарпаны. Калі ў снежні яму
давяралі 39,1%, а не давяралі 49,1% апытаных, то сёння гэтыя паказчыкі зраўнаваліся: 43,4% супраць 43,2%", — адзначаюць яны.
Электаральны рэйтынг Лукашэнкі ў параўнанні са снежнем вырас: з 31,5% да 33,4% (у сакавіку мінулага года — 34,5%).
На думку 36,5% рэспандэнтаў, Лукашэнка павінен удзельнічаць у выбарах 2015 года, 26,1% лічаць, што ён не павінен у іх удзельнічаць. 21,4% лічаць, што ён павінен як мага хутчэй сысці і не перашкаджаць
абранню новага прэзідэнта, а 6,1% — што ён павінен як мага хутчэй сысці і прызначыць пераемніка.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН