«ГейБеларусь» збіраецца пікетаваць Амбасаду Францыі

У Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне  пікета ля Амбасады Французскай Рэспублікі ў падтрымку легалізацыі аднаполых шлюбаў у гэтай краіне і ў падтрымку канцэрта Мілэн Фармер у Мінску.



gaybelarus.jpg

Плануецца правядзенне 12 адзіночных пікетаў “Свабода! Роўнасць! Брацтва!” па 5 хвілін на працягу гадзіны за 50 метраў ад уваходу ў Амбасаду Французскай Рэспублікі ў Мінску. Меркаваны пікет запланаваны на 24 красавіка, менавіта ў гэты дзень адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці моладзі.

Такім чынам актывісты праваабарончага  праекта “ГейБеларусь” хочуць падтрымаць легалізацыю аднаполых шлюбаў і  ўсынаўленне дзяцей аднаполымі сем’ямі  ў Французскай Рэспубліцы, а таксама падтрымаць канцэрт гей-іконы Францыі спявачкі Мілэн Фармер, які адбудзецца ў кастрычніку ў “Мінск-Арэне”.

У лютым дэпутаты Нацыянальнага сходу Францыі ўхвалілі тэкст закона аб легалізацыі шлюбу для ўсіх. Тым самым Нацыянальная асамблея Францыі ўхваліла легалізацыю аднаполых шлюбаў з правам ўсынаўлення дзяцей аднаполымі парамі. 329 дэпутатаў прагаласавалі за законапраект, 229 былі супраць, і 10 устрымаліся. Легалізацыя аднаполых шлюбаў у Францыі была перадвыбарчым абяцаннем прэзідэнта гэтай краіны Франсуа Аланда.

“Сваёй акцыяй мы хочам паказаць, што падтрымліваем  тыя змены, якія адбываюцца ў Еўрапейскім  Саюзе, у Францыі. Мы вельмі рады за французскіх геяў і лесбіянак, якія нарэшце атрымаюць паўнавартаснае прызнанне сваіх сем’яў. У Беларусі ЛГБТ-супольнасць не мае і блізка тых свабодаў і правоў, што мае ЛГБТ-супольнасць у Францыі, але мы шчыра рады за нашых еўрапейскіх братоў і сясцёр. Ды й тое, што Мілэн Фармер выступіць у Мінску – гэта таксама вялікая культурная падзея, а для нас яна яшчэ прыкметная і тым, што спадарыня Фармер паслядоўная прыхільніца раўнапраўя для ЛГБТ-людзей”, — пракаментаваў запланаваны на 24 красавіка пікет лідар “ГейБеларусі” Сяргей Андросенка.

Паводле прэс-рэлізу GayBelarus.By