«Мы будзем сведкамі пацанскай дамоўленасці». Эканаміст — пра візіт Лукашэнкі ў Кіеў
Яраслаў Раманчук — пра тое, чаго чакаць ад сустрэчы кіраўніка Беларусі і прэзідэнта Украіны.
Абедзве краіны ў апошнія гады перажываюць эканамічны крызіс. Напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, якая адбудзецца 21 ліпеня ў Кіеве, «Салідарнасць» задалася пытаннем, хто з двух кіраўнікоў спраўляецца з цяжкасцямі больш паспяхова.
І ці чакаць беларусам эканамічных дывідэндаў ад маючай адбыцца сустрэчы?
— Калі параўноўваць, якімі былі тры апошнія гады для Беларусі і для Украіны, то Аляксандр Лукашэнка без пытанняў справіўся значна больш эфектыўна і якасна, чым прэзідэнт Украіны, — дапамог разабрацца ў сітуацыі эканаміст Яраслаў Раманчук.
Ён адзначыў, што, нягледзячы на падзенне эканомікі Беларусі 35-38% у доларавым выражэнні, зараз макраэканамічная палітыка ў краіне больш стабільная, чым ва Украіне.
— А Парашэнка вельмі дрэнна спрацаваў, — дадаў суразмоўца. — Украіна моцна павялічыла даўгі, не вырашыла структурныя праблемы, яны не зрабілі нічога з буйным бізнэсам і карупцыяй.
На думку эканаміста, на гэтым фоне беларуская ўлада паказала значна больш якасную працу.
— Украіна паспрабавала зрабіць рэформу паліцыі, у іх пачалі наводзіць парадак з «Нафтагазам», больш празрыстасці стала ў дзяржаўным бюджэце — гэта праўда. Але каля паловы эканомікі там па-ранейшаму знаходзіцца ў ценю, а ўлады не давяраюць ужо больш за 75% насельніцтва. Думаю, Украіну чакаюць альбо перавыбары, альбо новы Майдан.
На думку Раманчука, на прыкладзе суседняй краіны беларусы могуць павучыцца, як не варта рабіць рэформы.
— Калі вы бераце пазыку, як гэта робяць украінцы, то вы проста абавязаны рабіць рэформы, інакш гэта даўгавая пастка прывядзе да дэфолту па знешніх даўгах, — дадаў ён.
Што тычыцца візіту Лукашэнкі ў Кіеў, то эканаміст не мае асаблівых спадзяванняў на гэты конт.
— У нас каля 80% экспарту ва Украіну складаюць нафтапрадукты. І, на жаль, гандаль імі адбываецца па паняццях. Ёсць кланы і алігархі з боку Украіны і ёсць асобныя групы з боку Лукашэнкі. Думаю, і ў гэты раз мы будзем сведкамі пацанскай дамоўленасці, якой абодва бакі будуць прытрымлівацца, пакуль на іх не пачнецца ціск з боку Расеі і ўкраінскіх вытворцаў, — падсумаваў эканаміст.
Паводле gazetaby.com