Кіеў: ля адміністрацыі — пікет, сустрэча з Парашэнкам — заўтра
Сустрэча
кіраўнікоў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі
адбудзецца заўтра, 21 ліпеня.
![Фота з фб Тактычная
Група Беларусь Фота з фб Тактычная
Група Беларусь](/img/v1/images/a8bdc70c_6b6a_4886_84bd_3656b032def8_cx0_cy15_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з фб Тактычная Група Беларусь
Як паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе ўкраінскага прэзідэнта, афіцыйная цырымонія сустрэчы пачнецца на плошчы перад будынкам Адміністрацыі прэзідэнта Украіны аб 11-й, а ўжо а 12.30 Аляксандр Лукашэнка ды Пятро Парашэнка зробяць заявы для журналістаў.
У гэтыя самыя хвіліны беларуская грамада Кiева ды беларускія дабраахвотнiкi праводзяць пікет на вуліцы Банкавай, дзе размяшчаецца адміністрацыя ўкраінскага прэзідэнта. Яны выйшлі на акцыю пад бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сцягамі.
Удзельнікі пікету трымаюць таксама плакаты з партрэтамі расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ды Аляксандра Лукашэнкі з подпісам «Два сапога пара». Апроч таго, у руках удзельнікаў і партрэты беларускага добраахвотніка Тараса Аватарава, які асуджаны ў Беларусі на пяць гадоў пазбаўлення волі. На акцыю прыйшла і маці Тараса — Людміла Поспех.
Напярэдадні Людміла Поспех звярнулася да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з заклікам заступіцца за яе сына, які абараняў цэласць украінскай тэрыторыі на Данбасе:
«Я прашу дапамагчы абараніць сына. І мая мэта не столькі распавесці пра бяду ў сваёй сям’і, а я ганаруся сваім сынам, колькі падтрымаць тых хлопцаў, якія на сённяшні момант не могуць прыехаць або вярнуцца дадому ў Беларусь, і іх абараніць. Майго сына абараніць вельмі складана — гэта залежыць толькі ад жадання „вярхоў“, таму я і звяртаюся менавіта да ўкраінскай улады звярнуць увагу на тых, хто абараняе цэласць Украіны», — сказала Людміла Посьпех на прэсавай канферэнцыі ў Кіеве 19 ліпеня.
Арганізатары пікету паведамілі, што запланавалі акцыю на сёння, бо не ведалі дакладнага графіку візіту кіраўніка Беларусі ва Украіну. «У нас заяўка на правядзенне пікету пададзеная да гарадскіх уладаў на два дні. Мы і заўтра выйдзем на акцыю», — сказала Галіна Сарочык, лідарка наваўтворанай у Кіеве арганізацыі беларусаў «Сябры».
У гэты момант украінскі прэзідэнт адсутнічае — ён бярэ ўдзел у мерапрыемствах у Кіеўскім палітэхнічным універсітэце з нагоды стварэння фонду энергаэфектыўнасці.
Народны дэпутат Украіны Мустафа Наем выказаў абурэнне візітам Аляксандра Лукашэнкі ў гадавіну забойства Паўла Шарамета.
«Абсурд часоў Пятра Парашэнкі — гэта калі ў гадавіну забойства Паўла Шарамета арганізоўваецца афіцыйны візіт прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Таго самога Лукашэнкі, які знішчыў у сваёй краіне свабоду слова, пры якім зніклі і былі пасаджаныя сотні журналістаў, а астатнія, як Шарамет, вымушаныя былі эміграваць. Менавіта таго Лукашэнкі, пры якім Павал быў адпраўлены ў СІЗА, а яго сябар і аператар Дзмітры Завадскі быў па-зверску забіты. На самай справе, не важна, у чыёй нездаровай галаве нарадзілася ідэя гэтага візіту менавіта ў гэтую дату. Я ўпэўнены нават, што гэта не спецыяльна — там проста забыліся пра гэтую гадавіну і нават не супаставілі, як будуць глядзецца побач сюжэты і кадры Парашэнкі і Лукашэнкі з усмешкамі на тварах і чорныя партрэты Паўла Шарамета з пытаннем «Хто забіў Паўла?», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Мустафа Наем, былы журналіст інтэрнэт-выдання «Украінская праўда».