«Насельніцтва ўсё менш давярае ўраду, а ўрад — насельніцтву»
Беларусы рыхтуюцца закопваць грошы ў агародзе. Такую выснову зрабіў эканамічны тэлеграм-канал «Нашы грошы», зыходзячы з даных па шырокай грашовай масе, якую надрукаваў Нацбанк.
З даных Нацыянальнага банка вынікае, што сярод усіх грошай, якія цыркулююць у беларускай эканоміцы, павялічваецца доля наяўных. Цяпер гэта больш за 11%.
Калі вывучыць рэтраспектыву, стане зразумела, што высокая доля наяўных у эканоміцы краіны фіксавалася ў пачатку двухтысячных, тады яна некалькі разоў нават перавышала 19%. Пасля гэтага, год за годам, доля кэша зніжалася, дасягнуўшы ў 2016-м рэкордных 4%. Далей, па меры таго як у беларусаў фарміравалася разуменне, што «эканамічны цуд» скончыўся, доля наяўных зноў пачала няўхільна расці. У бягучым годзе — асабліва хутка.
Цікавы якасны паказчык гэтага росту. Калі раней колькасць наяўных павялічвалася або зніжалася ў залежнасці ад росту курса долара (грошы на дэпазітах у пераліку на «вавёркі» «размывалі» долю наяўных), то цяпер курс стабільны. Гэта значыць, што сумневаў няма — людзі сапраўды свядома пераводзяць свае зберажэнні ў папяровыя грошы.
Гэта значыць, з усіх існуючых альтэрнатыў захавання сваіх капіталаў беларусы ўсё часцей абіраюць самы прымітыўны, але затое шматкроць правераны. У банкі несці грошы страшнавата, нізкі курс долара абяцаюць трымаць стабільным няпэўна доўга, але мы ўсе выдатна памятаем, чаму, як правіла, папярэднічаюць такія абяцанні.
Нерухомасць, якая раней была вельмі папулярным сродкам капіталаўкладанняў, страціла для многіх сёння сваю прывабнасць. Давайце скажам шчыра: для беларусаў, у якіх цяпер ёсць свабодныя грошы на куплю яшчэ адной кватэры, значна больш прывабным выглядае варыянт інвестыцый за мяжу.
Перасталі беларусы і масава ўкладваць наяўныя свабодныя сродкі ў буйныя пакупкі. Таму што якасная бытавая электроніка з-за шматлікіх санкцый значна падаражэла, а кошты на машыны наогул паляцелі ў космас. Відавочна, што для такіх марнаванняў сёння не лепшы час.
Што яшчэ важна: рост долі наяўных грошай — гэта прамое павелічэнне ценявой эканомікі. Прычым бачна, што не толькі шараговыя грамадзяне імкнуцца не пакідаць лічбавага следу падчас плацяжоў, але і дзяржава па ўскосных прыкметах таксама часта выкрываецца ў «схематозе»: усё большая колькасць плацяжоў становіцца закрытай для вачэй грамадзян краіны, цэлыя сферы эканомікі працуюць, фактычна адмовіўшыся ад якой-небудзь адкрытай справаздачнасці.
А цяпер давайце параўнаем сітуацыю з той, што ёсць у іншых краінах. Доля наяўных у эканоміках розных краін можа быць супастаўнай з беларускай. Але важна не тое, што мы знаходзімся прыкладна на адным і тым жа ўзроўні, а тое, што гэты ўзровень абумоўлівае — нацыянальныя звычкі, асаблівасці транзакцый, устойлівыя сістэмы зберажэння, выкарыстанне наяўных грошай і гэтак далей.
Напрыклад, у Скандынавіі ў многіх закусачных у вас ужо проста не возьмуць аплату наяўнымі, у той час як у цэнтры Парыжа вы да гэтага часу можаце знайсці рэстаран, дзе аплату бяруць толькі папяровымі грашыма. Таму што так прынята.
Дык вось, беларусы, як відаць па статыстыцы, у 2000-х пры першай жа магчымасці пачалі з радасцю адмаўляцца ад наяўных. Цяпер, акумулюючы кэш, яны выкарыстоўваюць не традыцыйныя фінансавыя інструменты (як французы), а падпарадкоўваюцца ўжо завучанаму рэфлексу, выпрацаванаму перманентным чаканнем чарговай эканамічнай, палітычнай альбо нейкай іншай катастрофы.
Беларусы здымаюць грошы, каб захаваць грошы. У трохлітровым слоіку, закапаным у цешчы на агародзе.