У новы месяц — з новым рэкордам. Беларусы нарасцілі банкаўскі доўг да максімуму

Ранейшы рэкорд пратрымаўся ўсяго адзін месяц.

_hroszy___zycce___infljacyja__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Як так атрымалася і што за гэтым стаіць на самай справе, высвятляе сайт banki24.by.

На 1 лістапада сума запазычанасці ў банкаўскіх крэдытах фізічных асоб у Беларусі перавысіла 16,6 млрд рублёў — і гэта новы гістарычны максімум за перыяд назіранняў. Папярэдні рэкорд фіксаваўся па стане на 1 кастрычніка (16,5 млрд рублёў).

Варта згадаць, што дынаміка запазычанасці па крэдытах на справаздачныя даты адлюстроўвае розніцу паміж сумамі выдачы новых крэдытаў і аб'ёмамі пагашэння старых. Калі розніца станоўчая — запазычанасць расце, калі адмоўная — падае.

Дзве асноўныя разнавіднасці крэдытаў фізічным асобам у беларускай статыстыцы — гэта крэдыты на спажывецкія патрэбы і крэдыты на будаўніцтва (рэканструкцыю) і набыццё жылля (жыллёвыя крэдыты).

Ужо больш за 10 гадоў фізасобы ў РБ (акрамя ІП) не могуць крэдытавацца ў замежных валютах. Таму запазычанасць насельніцтва не ў беларускіх рублях на справаздачную дату мае мізэрную велічыню. Спажывецкія крэдыты, як правіла, маюць меншы перыяд для пагашэння, чым жыллёвыя.

Таму на справаздачную дату (1 лістапада) яны былі на 100% намінаваныя ў рублях. У жыллёвых крэдытаў існаваў рэшткавы валютны кампанент (6 мільёнаў USD у эквіваленце).

На 1 лістапада запазычанасць фізічных асоб па спажывецкіх крэдытах склала 4,822 млрд рублёў. Параўнайце: на 1 студзеня 2022-га яна была роўная 5,242 млрд BYN, а на 1 лістапада 2021-га — 5,201 млрд BYN.

У 2022 годзе запазычанасць па спажывецкіх крэдытах бесперапынна падала на працягу 7 месяцаў. За гэты час абавязацельствы фізічных асоб знізіліся на 488,5 млн рублёў. Гэта значыць, што беларусы больш пагашалі старыя крэдыты, чым бралі новыя.

Аднак па выніках жніўня ўтварыўся рост запазычанасці ў памеры 31,0 млн рублёў,  за верасень прырост склаў 10,6 млн, за кастрычнік — 26,9 млн.

Магчыма, росту крэдытаў з канца лета спрыяе зніжэнне працэнтных ставак па пазыках для фізічных асоб. Што тычыцца жыллёвых крэдытаў, то на 1 лістапада аб'ём запазычанасці па іх склаў 11,638 млрд рублёў — і гэта новы рэкорд абавязацельстваў фізічных асоб.

На 1 студзеня 2022 года фізічныя асобы былі вінны банкам 11,041 млрд рублёў, на 1 лістапада 2021 года — 10,817 млрд рублёў.

Рост абавязацельстваў фізічных асоб па жыллёвых крэдытах за 12 месяцаў склаў 7,6% у намінале. Спажывецкая інфляцыя дасягнула 15,2% у кастрычніку 2022-га да кастрычніка 2021-га. Гадавы рост коштаў у будаўніцтве — 13,3% і 14,6% адпаведна. Іншымі словамі, калі браць супастаўныя цэны, то запазычанасць у гэтым сегменце ўпала да мінулага года.