«Якіх паслуг чакае ад беларускіх уладаў саюзнік — пытанне, якое выклікае непакой»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» аналізуе эканамічныя планы беларускіх уладаў на наступны год. І адзначае ў гэтых планах вялікія супярэчнасці. Прынамсі, «дзяржаве для народа», імаверна, прыходзіць канец.

_belarus_zbroja_vojska_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


У панядзелак беларускі ўрад падзяліліся планамі на жыццё ў будучым годзе. І, вядома, гэта вельмі аптымістычныя планы. Такога аптымізму дай бог кожнаму. Эканоміцы яны запланавалі вырасці амаль на чатыры адсоткі, інфляцыі, наадварот, упасці да васьмі.

Але аптымізм — не сутнасць. Выпраменьванне аптымізму ва ўсе бакі — адзін з функцыянальных абавязкаў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Не ўзгадаю выпадку, каб эканоміка ў прагнозах калі-небудзь зніжалася, а інфляцыя расла. У жыцці ўсякае бывала. На тое яно і жыццё. Але каб эканоміка ў нас у прагнозах падала, то такога, вядома, ні-ні. Прагнозы ж не для жыцця пішуцца, а для радасці. Таму што ёсць суровая праўда жыцця, а ёсць мастацкая праўда сацыяльна-эканамічнага прагназавання.

Увогуле, калі б гэтыя прагнозы адрозніваліся адным толькі аптымізмам, дык не было б пра што і гаварыць. Але разам з прагнозам учора апублікавалі яшчэ і праект бюджэту на будучы год. І як для ўзлятаючай эканомікі, дык гэта даволі дзіўны і трывожны праект бюджэту.

Вось выдаткі на абарону і сілавыя структуры ў наступным складуць 18 адсоткаў ад усіх дзяржаўных выдаткаў. А выдаткі на эканоміку будуць у паўтара разы меншыя. Выдаткі на войска беларускія ўлады збіраюцца павялічыць больш чым на 50 адсоткаў, выдаткі на праваахоўную дзейнасць (нас з табой гэтая назва, вядома, не можа падмануць) на 30 адсоткаў, а сацыяльныя выдаткі вырастуць крыху вышэй запланаваных параметраў інфляцыі.

Вось пагадзіся, што з такімі суадносінамі бюджэт будучага года не вельмі падобны на бюджэт аднаўленчага росту. І добра, калі ён падобны ўсяго толькі на абарончы бюджэт.

Таму што сярод сваіх даходаў беларускі ўрад запланаваў атрымаць бязвыплатна, гэта значыць задарма, ад іншых дзяржаў 5,43 мільярды рублёў. Вось калі лічыць па цяперашнім курсе, то ўрад чакае, што яму хтосьці падорыць 2,2 мільярды долараў. Гэта значыць больш, чым усе крэдыты на сумеснае замяшчэнне імпарту з Расіяй.

І ўвогуле, не біном, вядома, Ньютана, здагадацца, хто павінен арганізаваць беларускім уладам гэты атракцыён нябачанай шчодрасці. Таму што ўявіць на гэтым месцы каго-небудзь іншага, акрамя саюзніка, немагчыма пры ўсім багацці ўяўлення. А вось, якіх паслуг у адказ чакае ад беларускіх уладаў саюзнік — пытанне, якое выклікае некаторы непакой. Асабліва ўлічваючы бюджэт абарончай накіраванасці і прыкметы растучай з кожным днём міралюбнасці на паўднёва-заходніх рубяжах.

Пераклад НЧ