Навучацца, каб махляваць

Сацыёлагі называюць сённяшніх маладзёнаў — «пакаленне Z». І спрабуюць разабрацца ў яго матывах і памкненні. Але мяне бліжэйшае знаёмства з ім прывяло да непрыемнага адкрыцця: маладыя людзі адмыслова рыхтуюцца да таго, каб паводзіць сябе несумленна.

5512201.jpg


Хто лепш за ўсіх іншых ведае, што адбываецца ў фірме? Галоўны бухгалтар? Генеральны дырэктар? Дзяўчынка — офісны мене­джар? Не. Верагодней за ўсё, гэта сісадмін — той самы «кампутаршчык», што адзіны прыходзіць на працу ў футболцы і джынсах і незразумела чым займаецца ў сваім невялікім пакойчыку. Менавіта ён кантралюе ўсе інфармацыйныя плыні і часам ведае тое, пра што супрацоўнікі ніколі не паведамяць кіраўніцтву. Але ж у беларускіх (як і агулам постсавецкіх) рэаліях такое веданне робіцца занадта шматсэнсоўнай рэччу.

У выдатным навуковым зборніку «Трансфармацыі ментальнасці беларусаў у ХХІ стагоддзі» ёсць цікавае даследаванне, якое мае назву «Структура ідэнтычнасці беларускіх калгаснікаў на пачатку ХХІ ст.: паміж панам і жыдам». У ім цудоўна раскрыта, як гістарычна фармавалася ментальнасць беларускага селяніна, які ўладзе «пана» ды розуму і грошам «жыда» супрацьстаўляў уласную хітрасць ды здольнасць падпарадкоўвацца, трымаючы ў кішэні адвечную дулю. Сёння тыя сяляне, якіх апісвае даследаванне, перабраліся ў буйныя гарады. Але свой лад мыслення захавалі.

Але ж пра ўсё па чарзе. Нейкі час таму я зразумеў, што мне ўжо не хапае ведаў, каб утаймаваць усю кампутарную тэхніку ў сваёй кватэры. Калі ў цябе тры ноўтбукі, занадта разумны тэлевізар, планшэт/смартфон/Wi-Fi-роўтэр/кабельны мадэм ды іншая кампутарная трасца і халера, то ў пэўны момант пачынаеш пачувацца несамавіта. Вырашыць праблему недастатковай уласнай дасведчанасці я вырашыў праз навучальныя курсы — караценькія, усяго на адзін месяц, па спецыяльнасці «Сістэмны адміністратар». Гэтага цалкам дастаткова, каб здолець утаймаваць хеўру хатняй электронікі.

Калі я патрапіў у навучальную групу, то, натуральна, пачаў прыглядацца да тых, з кім разам мусіў вучыцца. Знаёміцца, назіраць. І вось што ўбачыў. Траціна навучэнцаў — людзі прыблізна 40–50 гадоў, якія проста павышаюць сваю кваліфікацыю. Праца ў іх ёсць, але яны хочуць зарабляць больш або лепей выглядаць у параўнанні з калегамі. Некалькі чалавек — незразумела адкуль і навошта. А вось крыху больш за палову навучэнцаў — зусім маладыя хлопцы, многія толькі пасля школы. Іх мэта — атрымаць «паперку» і ўладкавацца на працу сістэмным адміністратарам у якую-небудзь канторку. Пры тым яны свядома не паступалі ў інстытут — бо гэта занадта доўга і цяжка для іх. Яны мяркуюць такім чынам: навошта губляць пяць гадоў, калі запатрабаваную прафесію можна атрымаць за месяц?

Я пэўны час не мог зразумець: чаму маладзёны абіраюць менавіта прафесію сісадміна — гэта адна з самых нізкааплатных прац у IT-сферы. А пасля нечакана адзін такі хлопец распавёў мне гісторыю, як яго знаёмы, які працаваў сісадмінам, заклаў «лагічную бомбу» ў бухгалтарскую сістэму сваёй фірмы. Яна перыядычна правярала ведамасці на атрыманне зарплаты, і калі з іх знікла прозвішча сісадміна, лагічная бомба знішчыла ўсю інфармацыю на кампутарах.

Хлопец расказваў гэта, і было бачна, як яму падабаецца такая яго ўлада. А пачаўшы размаў­ляць з іншымі маладымі навучэнцамі, я хутка зразумеў: яны выдатна разумеюць, якія магчымасці сёння мае чалавек, які ў фірме кантралюе ўсе кампутары і кампутарную сетку. І таму ад самага пачатку рыхтуюцца да таго, каб, прыйшоўшы на працу, пачаць на сваю карысць збіраць усю інфармацыю, да якой будуць здольныя дацягнуцца.

Адразу прызнаем: гэта не выключна беларуская праблема, гэта хутчэй развіццё ментальнасці постсавецкага чалавека. Так, расійскі цэнтр РОМИР пару гадоў таму правёў маштабнае вывучэнне лаяльнасці IT-адмыслоўцаў сваім працадаўцам. Як высветлілася, узровень лаяльнасці сісадмінаў у краінах СНД нашмат ніжэй, чым у Еўропе, а іх схільнасць да супрацьпраўных дзеянняў — наадварот, значна вышэй. Так, доступ да ўсіх дадзеных фірмы маюць 95% апытаных сісадмінаў. Пры гэтым 60% ужо пацікавіліся, што яны маглі б з гэтых дадзеных запазычыць. І тыя жа 60% гатовыя прыхапіць карпаратыўныя сакрэты ў выпадку звальнення. А 47% гатовыя прадаць іх «на бок», застаючыся на цяперашняй сваёй працы.

Спрацоўвае прынцып: «хто што ахоўвае, той то і мае». Больш за тое, 27% сісадмінаў ледзь ці не з першага дня працы пачынаюць назапашваць «для асабістага выкарыстання» канфідэнцыйную інфармацыю свайго працадаўцы. Гэта значыць, яны ад самага пачатку разумеюць магчымасць яе канвертавання ў жывыя грошы.

Кампанія «Zecurion Analytics» таксама правяла апытанне сярод расійскіх студэнтаў, падчас якога больш за 60% апытаных прызналіся, што па магчымасці будуць мэтанакіравана красці канфідэнцыйную інфармацыю працадаўцаў. Было апытана больш 8,4 тысячы чалавек з 11 ВНУ васьмі гарадоў Расіі. Даследаванне выявіла сур’ёзную праблему для арганізацый: 54,3% патэнцыйных супрацоўнікаў плануе капіяваць важную для сябе інфармацыю ў выпадку змены месца працы. І толькі 15,7% апытаных прынцыпова не будуць рабіць гэтага. Амаль палова ўсіх рэспандэнтаў (49,3%) перакананыя: працаўнік мае права распараджацца карпаратыўнай інфармацыяй на сваю карысць. 19,2% студэнтаў тлумачаць гэта тым, што сабраная на працоўным месцы інфармацыя з’яўляецца вынікам працы самога супрацоўніка, а 30,1% упэўненыя, што доступ да інфармацыі аўтаматычна дазваляе выкарыстаць яе паводле свайго меркавання.

Псіхолагі тлумачаць, чаму сісадміны лёгка становяцца інсайдэрамі. Чалавек, які разбіраецца ў сістэмах, недасяжных «простым смяротным», звычайна мае вельмі высокую самаацэнку. Аднак ні ў прыватных фірмах, ні ў дзяржарганізацыях працадаўцы звычайна не гараць жаданнем «слацца» перад «простым кампутаршчыкам». Адсюль — крыўды. Інтэрнэт перапоўнены гісторыямі сісадмінаў, якіх замест асноўнай працы прымушаюць падбіраць ноўтбук сыну дырэктара і змяняць картрыджы ў друкарцы, адначасова лаючы за гультайства. (Добра наладжаная сетка працуе сама, але якая да таго справа працадаўцу?) Але як можна чакаць лаяльнасці ад «зняважанага і абражанага» супрацоўніка, які пры гэтым мае доступ да ўсёй інфармацыі фірмы?

Аднак гэта датычыць тых людзей, якія ўжо працуюць сістэмнымі адміністратарамі, — і, як правіла, даўно. Але як выйшла так, што маладыя людзі ад пачатку абіраюць для сябе прафесію сісадміна, зыхо­дзячы з таго, што яна дазволіць ім бяскарна (як ім здаецца) парушаць закон, махляваць і красці? Адкуль наогул узяўся гэты падыход: «пайду навучуся прафесіі, каб больш удала красці»? Справа тут у бясконцых аповедах пра высокія заробкі IT-адмыслоўцаў або ў чымсьці іншым?

А вось адваротны бок таго ж пытання. Пару гадоў таму мне давялося нефармальна пагутарыць з кадравіком аднаго — не надта вялікага — беларускага банка. І ён распавёў, як яны пры прыёме на працу правяраюць касіраў і супрацоўнікаў службы інкасацыі — то бок тых, хто павінен працаваць з наяўнымі грашыма. Аказваецца, сумесна са службай бяспекі аддзел кадраў складае падрабязны псіхалагічны партрэт кожнага кандыдата. У яго ўчастковага высвятляюць, якая ў кандыдата сям’я. І радавод глядзяць ледзьве не да Адама, і «род заняткаў да рэвалюцыі» правяраюць, высвятляюць, ці не прыцягваўся, ці не быў заўважаны, ці не прысутнічаў і за каго галасаваў.

«А як вы сістэмных адміністратараў падбіраеце?» — пацікавіўся я. «Каго? А, кампутаршчыкаў… Ну, тут глядзім, каб дыплом быў БДУ або БРТІ. Такія заўсёды ў кампутарах разбіраюцца. Што там яшчэ глядзець?..» Здаецца, тлумачыць штосьці гэтаму банкаўскаму супрацоўніку (былому працаўніку міліцыі) было ўжо без сэнсу. Для яго красці грошы — гэта браць цішком з касы або ўцякаць з мехам купюр. Але менавіта ІТ-персанал мае больш за ўсё магчымасцяў, каб красці любыя сумы незаўважна, нават не пакідаючы свайго працоўнага месца. Мабыць, нават больш магчымасцяў, чым галоўны бухгалтар. Бо сістэмны адміністратар — гэта чалавек, які мае доступ абсалютна да ўсёй інфармацыі банка або фірмы. І калі ён першапачаткова задумаў нядобрае — гэта рэальная і вялікая праблема.