«Выратуйце хаця б майго малодшага сына!»
Маці Ігара Барбашынскага, які 20 верасня раптоўна памёр
у Жодзінскай турме, баіцца за жыццё малодшага сына, Івана, патрабуе забяспечыць яго
бяспеку, а таксама пакараць вінаватых у смерці старэйшага сына.

Сям'я Барбашынскіх: старэйшы брат Ігар, маці Галіна, малодшы брат Іван
Галіна Паўлаўна Шаравар, маці Ігара і Івана Барбашынскіх, 30 верасня напісала звароты у Адміністрацыю прэзідэнта, следчы камітэт Жодзіна, да міністра ўнутраных спраў, генеральнага пракурора, начальніка аддзела Дэпартамента выканання пакаранняў, начальніка жодзінскай турмы №8. Ва ўсіх зваротах яна патрабуе ўсебаковага расследавання абставін смерці старэйшага сына, пакарання віноўнікаў і прыняцця дзейсных намаганняў для захавання жыцця малодшага сына Івана.
Кожны зварот да кіраўнікоў пералічаных устаноў — гэта крык знявечанага горам сэрца маці. Звяртаючыся да кіраўніка дзяржавы, жанчына нагадвае яму, што права на жыццё — гэта галоўнае канстытуцыйнае права кожнага чалавека і просіць Лукашэнку ўзяць пад асабісты кантроль справу аб смерці старэйшага сына, які не дачакаўся заканчэння судовага працэса.

Ігар Барбашынскі з дачкой Кірай
“У выніку
садысцкага затрымання і далейшага заключэння ў турму аднаго майго сына пазбавілі
жыцця. Я яшчэ не аплакала аднаго сына, а ўжо не сплю начамі і баюся за жыццё
малодшага сына. На днях атрымала ад Івана пісьмо, ён даведаўся аб смерці брата
праз два дні пасля яго сыходу з жыцця. Просіць мяне трымацца і не хвалявацца. А
як жа я магу не хвалявацца? Вось і прашу Лукашэнку як кіраўніка краіны і як
бацьку траіх сыноў абараніць жыццё майго ўжо адзінага сына”, — гаворыць маці.
Таксама ў звароце да Лукашэнкі Галіна Паўлаўна дзеліцца сваімі меркаваннямі пра справу сваіх сыноў і лічыць, што іх змясцілі ў турму гвалтоўна і несправядліва.

Зварот да кіраўніка Беларусі
“Звяртаю вашу ўвагу, што адсутнічаюць якія-небудзь факты альбо доказы, што мае сыны, знаходзячыся ў грамадскім месцы, парушылі правы альбо законныя інтарэсы грамадзян. Ні ў начным кафэ, ні на пустэльнай цёмнай вуліцы ніхто з грамадзян прэтэнзіі не прад’явіў", — піша ў сваім звароце маці.
Скардзіцца маці ў зваротах і на “подласць супрацоўнікаў Слуцкага РАУС, якія нібыта паабяцалі даверлівым сынам зачыніць крымінальную справу ўзамен на іхні адказ ад прэтэнзій да супрацоўнікаў РАУС, а самі два месяцы збіралі на іх паперкі”.
У малодшага сына Галіны, Івана, пры затрыманні былі зламаны 6-я і 7-я рабрыны, што пацвердзіла і медыцынская даведка з Слуцкай паліклінікі.
Таму маці
звяртаецца і ва упраўленне па Мінску і Мінскай вобласці Дэпартамента выканання
пакаранняў з просьбай аб правядзенні паглыбленага медыцынскага абследавання сына.

Ігар і Іван Барбашынскія
“Паколькі Жодзінская турма №8 у маім канкрэтным выпадку з’яўляецца не звычайный папраўчай установай, а лагерам смерці, прашу прыняць усебаковыя дзейсныя меры па захаванню жыцця майго малодшага сына", — піша ў звароце ў упраўленне Дэпартамента жанчына.
У звароце да міністра МУС, Генеральнага пракурора РБ, у следчы камітэт горада Жодзіна, жанчына просіць абараніць малодшага сына, называе справу супраць Ігара і Івана Барбашынскіх вынікам “звычайнага бандытызму супрацоўнікаў Слуцкага РАУС Ламейкі Руслана, Шусцера Яўгена і Ярашэвіча Анатоля ў адносінах да яе дзяцей” і патрабуе пакараць вінаватых у смерці старэйшага сына.
“Звяртаю вашу ўвагу на тое, што мае дзеці знаходзіліся ў зачыненай дзяржаўнай установе не па сваёй волі. Значыць, дзяржава і супрацоўнікі зачыненай дзяржаўнай установай павінны адказваць за жыццё і здароўе маіх дзяцей”, — такімі словамі заканчваюцца лісты да кіраўніка Беларусі, міністра МУС і генеральнага пракурора.
Фота з сямейнага архіву Барбашынскіх