Здзекі з сям’і Барбашынскіх працягваюцца

На развітанне з Ігарам Барбашынскім, які раптоўна памёр у турме №8 Жодзіна, прыйшлі родныя, суседзі і проста неабыякавыя грамадзяне. Не было сярод іх толькі брата Івана, якога так не адпусцілі развітацца з братам.

razvitanne_z_barabaszynskim__3__logo.jpg

Невыносна было глядзець на счарнелую ад гора маці, якая ўжо нават не магла крычаць над трупам сына, а толькі шаптала. Успамінала, які ён быў добры, як дапамагаў, калі яна была хворая…

Родныя да апошняй хвіліны спадзяваліся, што другога брата, Івана, хаця б на гадзіну, у кайданках і пад канвоем, але адпусцяць на пахаванне Ігара. Дарэмна.

Мне стала млосна ад гэтай навіны, — кажа Юрый Мяцельскі, жыхар горада Слуцка, які пра смерць Ігара Барбашынскага даведаўся з інтэрнэта. — Прыйшоў падтрымаць маці. Раптоўна памёр чалавек без аніякага дыягназу. Чалавек знаходзіўся ў турме пад кантролем дзяржавы. Яна павінна была забяспечыць яму жыццё і бяспеку, незалежна ад яго статусу. Мала аднаго гора, дык яшчэ і брата не прывезлі на пахаванне. Нанеслі яшчэ адзін удар. Нейкія, бачыце, судовыя працэдуры там не спрацавалі. Гэта проста здзек з гэтай сям’і. Жорсткасць і бесчалавечнасць з боку бюракратычнай сістэмы.

razvitanne_z_barabaszynskim__2__logo.jpg

Як патлумачыла адвакат, Іван Барбашынскі знаходзіцца пад юрысдыкцыяй суда. Але суддзя не змагла прыняць рашэнне, паколькі справа прыпыненая на перыяд праходжання судовай экспертызы.

— Працэдура дастаўкі арыштантаў на пахаванне з турмы ёсць толькі для асуджаных, — патлумачыў дзяжурны жодзінскай турмы №8. — Падсудных жа мы павінны ўтрымліваць, сачыць, каб не збеглі. Маем права вывозіць толькі ў бальніцу пры сур’ёзных праблемах са здароўем.

Таксама дзяжурны праінфармаваў, што бываюць выпадкі, калі супрацоўнікі РАУС вывозяць арыштантаў для следчых эксперыментаў.

Атрымліваецца, што асуджаны мае больш правоў, чым той, чыя віна яшчэ не даказаная судом.

razvitanne_z_barabaszynskim__1__logo.jpg

Ігара Барбашынскага пахавалі на могілках вёскі Новы Рабак Старадарожскага раёна. Іван Барбашынскі так і не змог развітацца з братам.