Судовыя выканаўцы пакінулі ў спакоі жытло юрысткі Тамары Сяргей

Нагадаем, што 20 траўня суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня аштрафавала юрыстку на 40 базавых велічынь (840 руб.) за арганізацыю і ўдзел у недазволеным пікетаванні, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды зладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры.  Пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны патрабавалі дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.  

Пікетаванне на плошчы Свабоды

Пікетаванне на плошчы Свабоды


27 ліпеня і 4 жніўня судовыя выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Савецкага раёну Мінска двойчы спрабавалі патрапіць у кватэру Тамары Сяргей, каб зрабіць агляд жылля і высветліць матэрыяльны стан праваабаронцы. У якасці падставы для агляду была названая вялікая сумма штрафу, якую павінна ўнесці ў фонд дзяржавы юрыстка. Аднак яна адмовілася дапускаць судовых выканаўцаў у сваю кватэру.
29 ліпеня судовы выканаўца Настасся Шкрабо наклала арышт на жытло юрысткі дзеля спагнання з яе штрафу. Правабаронца расцаніла гэтыя дзеянні, як доказ уціску. «Бо згодна заканадаўству, спагнанне не можа быць звернута на кватэру, дзе я стала пражываю. Нягледзячы на гэта, судовая выканаўца ўсё ж такі арыштавала маё жыллё. Такім чынам, Настасся Шкрабо пераступіла закон», — падкрэсліла Тамара Сяргей.
Паколькі дзеянні суддзі Вікторыі Шабуні і судовай выканаўцы Настассі Шкрабо юрыстка палічыла неабгрунтаванымі і незаконнымі, яна пачала іх абскарджваць. Так, праваабаронца была на прыёме ў аддзеле прымусовага выканання Савецкага раёна, у начальніка ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкаму і ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзе пакінула адпаведны запіс ў кнізе заўвагаў і прапановаў.
Вынікам гэтых захадаў стала паведамленне з упраўлення  сацыяльнага забеспячэння Савецкага раёна аб тым, што з верасня бягучага году штраф у памеры 840 руб. будзе вылічвацца з пенсіі Тамары Сяргей.  
Разам з тым, яна амаль два месяцы працягвае абскарджваць рашэнне суддзі Вікторыі Шабуні. З гэтай прычыны праваабаронца тройчы накіроўвала наглядную скаргу старшыні Мінскага гарадскога суду Паўлу Каршуновічу, аднак скарга штораз не разглядаецца з надуманай і незаконнай падставы. Старшыня Мінгарсуду матывуе свае дзеянні тым, што юрыстка не аплаціла дзяржпошліну ў поўным памеры (дзве базавыя велічыні, ці 42 рублі). Аднак правабаронца аплаціла дзяржпошліну ў тым памеры (адна базавая велічыня, ці 21 рубель), як таго патрабуе закон.