Падтрымка прадпрымальніцтва патрабуе дзяржрэгулявання?
Дзяржаўнае рэгуляванне толькі замінае бізнесу? Сярод самой
бізнес-супольнасці ёсць тыя, хто так не лічыць.
У Мінску
прайшоў круглы стол з грувасткай назвай «Роля інфраструктуры падтрымкі
прадпрымальніцтва ў развіцці дзелавой ініцыятывы, малога і сярэдняга
прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь», які быў арганізаваны
Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва.
Галоўнай тэмай абмеркавання стаў Указ № 338 ад 19 верасня 2017 г. "Аб падаткавым кансультаванні", які можа пакінуць без працы цэлы шэраг індывідуальных прадпрымальнікаў і дробных бізнесоўцаў.
Згодна
з Указам
№ 338, які уступіць у сілу 1 студзеня 2019 года, займацца падаткавым
кансультаваннем змогуць толькі атэставаныя спецыялісты. А для атрымання
атэстата, акрамя здачы адмысловага экзамену, спатрэбяцца даведкі ад
нарколага,
аб адсутнасці судзімасці і нават... з псіхіятрычнага дыспансэра! Дарэчы,
каб здаць экзамен давядзецца яшчэ праслухаць спецыяльныя курсы.
Што
гэта
значыць для бухгалтараў і для бізнесу ўвогуле? Адназначна, выдаткаванне
грошай на курсы і экзамен. А што яшчэ? Навошта рэгуляваць яшчэ гэту
сферу? Хтосьці лічыць, што Указ спрацуе
на карысць і падвысіць якасць кансалтынгу.
Андрэй Пракопчык, дырэктар ААА «Інтэлект кансалтынг» з Бабруйску мяркуе, што зноў дзяржава хоча зарэгуляваць усе што можна, ускладніўшы жыццё тым, хто сёння больш-менш паспяхова займае сваю нішу рынку. Аднак падчас палемікі бізнесоўца з Ірынай Бабчонак, дырэктаркай Дэпартамента па прадпрымальінцтву Міністэрства эканомікі кіраўніцтва круглага стала калегу не падтрымала. Падобна на тое, што прадпрымальніцкую супольнасць задавальняе такое ўзмацненне дзяржаўнага рэгулявання?Пракаментаваць указ і ўвогуле сітуацыю ў сферы падатковага кансультавання мы папрасілі дырэктара Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва «Бізнес кансалтынг» Яўгена Бабанава, які займаецца бухгалтарскімі паслугамі, падаткавым кансультаваннем і дапамогай у арганізацыі і рэгістрацыі бізнесу.
— Сярод часткі бізнесоўцаў есць
пэўная незадаволенасць Указам: людзі скардзяцца на бюракратыю. Наколькі гэта
абгрунтавана?
— Тут нічога звышнатуральнага няма – у патрабаванні гэтых даведак. Патрабаванні
такія ж, як і да аўдытараў: вышэйшая адукацыя (юрыдычная ці эканамічная),
досвед працы не менш 3-х год пасля яе, пошліна 5 базавых за экзамен.
У нас вельмі шмат людзей аказвае бухгалтарскія паслугі на аўторсінгу. З 1 студзеня 2019-га яны ўсе мусяць альбо атрымаць атэстат падатковага кансультанта, альбо змогуць толькі весці і здаваць справаздачнасць – а не разлічваць падаткі. Канешне, такі бухгалтар нікому не патрэбны.
— Чыя гэта была ініцыятыва?
— Гэта была ініцыятыва Міністэрства па падатках і зборах — такія палаты падаткавых кансультантаў існуюць даволі даўно. У нас гэта рэалізоўвалася па нямецкім прыкладзе, з прыцягненнем нямецкіх кансультантаў. У Расіі, напрыклад, гэта ніяк не рэгулюецца. У нас жа – абралі сярэдні варыянт.
— Як увогуле
рэалізацыя гэтага Указу паўплывае на бізнес? У сваім выступе вы казалі, што
кансультантаў стане нашмат меней, бо не ўсе здолеюць прыстасавацца да строгіх
умоў закону.
— Шмат было артыкулаў у інтэрнэце на
гэтую тэму, некаторыя турбуюцца, што ім у падатковай будуць настойліва
рэкамендаваць падпісвацца на паслугі падатковых кансультантаў — па аналогіі з
рознымі дзяржаўнымі часопісамі і электронным дэклараваннем. Але гэта немагчыма
– падатковыя кансультанты будуць незалежныя ад падаткавай інспекцыі. Ім прыйдзецца
проста пацвердзіць кваліфікацыю.
Таксама баяліся, што падаткавая інспекцыя хоча
сябе разгрузіць і зняць з сябе адказнасць. Гэта таксама не так — ніхто не
разгружае падаткавую, яны ўсё так жа мусяць даваць адказы падаткаплацельшчыку на
любы запыт. Нават думаю, што ад падаткавага кансультанту адказы будуць
прыходзіць хутчэй і больш канкрэтныя. Бо дзяржворганы часам адказваюць
недастаткова канкрэтна і дэталёва. А гэта, магчыма, дадатковая матывацыя
звяртацца да падаткавых кансультантаў. Таму гэта таксама не аргумент супраць
увядзення такога інстытута.
Аднак варта заўважыць і мінус: пакуль такія атэстаты атрымлівае вельмі няшмат
спецыялістаў. Па маіх адзнаках, праходзіць экзамен каля 30-40% тых, хто
праходзіць адпаведныя курсы. І можа стацца так, што да 1 студзеня ўзнікне
недахоп атэставаных спецыялістаў.
Увогуле закон аб падаткавым кансультаванні — гэта і падняцце нашага ўзроўню ў міжнародных рэйтынгах, і, магчыма ў будучым — інстытут абароны правоў нашага бізнесу. Палата падаткавых кансультантаў ужо створаная — але там пакуль вельмі нешмат людзей, бо мала хто прайшоў экзамен. Але я думаю, што статус і кваліфікацыя ў падаткавых кансультантаў у гэтай палаце будуць большыя, чым у тых, хто вядзе кансультацыі зараз. Акрамя таго, талковы падаткавы кансультант дапаможа аптымізаваць падаткаабкладанне ў рамках заканадаўства. І таму ў выпадку праверак, думаю, будзе меней пытанняў. Таму гэта добра — і для бізнесу, і для дзяржавы — як для паляпшэння збіральнасці падаткаў, так і ў плане рэйтынгаў.