«Падумайце пра народ, а не пра тое, каб выкалаціць з нас паболей грошай»
З 7 сакавіка жыхары Слуцка ездзяць у сталіцу на аўтобусах мінскага перавозчыка ЧТУП «Флэшэкспрэс». Аднак, нягледзячы на аднаўленне перарванага транспартнага злучэння са сталіцай, случчане не хаваюць варожасці да новага перавозчыка, якога называюць «штрэйкбрэхерам», і працягваюць ставіць подпісы пад калектыўным зваротам пра вяртанне маршрутак.
![img_0487_1_logo.jpg img_0487_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_0487_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як і слуцкія індывідуальныя перавозчыкі, яны спадзяюцца на добрую волю і літасць кіраўніцтва краіны, якое дазволіць ажыццяўляць індывідуальным прадпрымальнікам нерэгулярныя перавозкі па ранейшых правілах. Як паведаміў адзін з былых перавозчыкаў, на 11 сакавіка толькі ў Слуцку сабраны больш за 20 000 подпісаў жыхароў горада і раёна.
![img_0482_logo.jpg img_0482_logo.jpg](/img/v1/images/img_0482_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![img_0481_2_logo.jpg img_0481_2_logo.jpg](/img/v1/images/img_0481_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Чаго хочуць людзі, якія ставяць свае подпісы? Перш за ўсё, вярнуць звыклы і зручны транспарт. Многія случчане выказаліся, што яны нават гатовыя ўдзельнічаць у акцыях пратэсту і чакаюць, што іх нехта пакліча на мітынг.
![img_0485_logo.jpg img_0485_logo.jpg](/img/v1/images/img_0485_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Жыхары вёскі Варкавічы, якая знаходзіцца непадалёк ад Слуцка, не хаваюць ані свайго абурэння, ані сваіх прозвішчаў. Яны лічаць, што за 15 гадоў створаны бізнес, які існаваў у інтарэсах грамадзян, а зараз усё будзе «спушчана кату пад хвост», і грамадзяне застануцца ў разбітага карыта.
Напрыклад, Уладзімір Аркадзьевіч, які жыве ў вёсцы Варкавічы, лічыць, што новы закон разбурае яго жыццё.
— Працую ў Мінску, у 8 гадзін павінен быць ужо на працы. Першая маршрутная таксоўка адпраўлялася на Мінск у 5-30, і я добра паспяваў. Зараз брыгада ездзіць у камандзіроўкі без мяне. Калі таксоўкі не адновяць сваю працу, застануся без працы, — скардзіцца мужчына.
![img_0493_1_logo.jpg img_0493_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_0493_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шматдзетная маці Вольга Мацвеенка абураецца, што яе сыну, студэнту Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, цяпер няма на чым дабірацца да Горак.
— Больш за ўсё ад новага закону пацярпелі малазабяспечаныя людзі, пенсіянеры, інваліды і дзеці, — гаворыць жанчына. — Вялікая дзяржаўная машына не здолее прыстасавацца пад нашыя патрэбы, бо буйныя транспартныя кампаніі занадта неразваротлівыя, і яны не будуць цікавіцца патрэбай майго сына.А так было добра раней! Папярэдне заказваў сабе месца, садзіўся з сумкай наўпрост каля інтэрнату, кіроўца нават дапамагаў уладкаваць сумку. Сын без клопатаў даязджаў да самай вёскі. Як цяжка адвыкаць ад добрага!
![img_0486_logo.jpg img_0486_logo.jpg](/img/v1/images/img_0486_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Жыхары распавялі, што адна жанчына з іхняй вёскі зламала нагу, дык кіроўца таксоўкі нават заязджаў да яе ў двор.
![img_0495_logo.jpg img_0495_logo.jpg](/img/v1/images/img_0495_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Валянціна Сцепановіч агрэсіўна выказалася супраць дэпутатаў парламента, бо лічыць, што яны прымаюць законы супраць свайго народу і не даюць яму права выбару.
— Ці праводзілася якое-небудзь сацыялагічнае апытанне сярод народа? Чаму выбірае толькі той, хто сам не карыстаецца паслугамі таксовак? — абураецца жанчына. — Хацелася б, каб і дэпутаты, і ўлада нас пачулі. Калі б яны мяне пачулі, я б ім сказала: «Падумайце пра народ, а не пра тое, каб выкалаціць з нас паболей грошай».
![img_0439_1_logo.jpg img_0439_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_0439_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Віктар, яшчэ адзін суразмоўца з вёскі Варкавічы, лічыць, што ўлада павінна была заняцца стварэннем дастойных рабочых месц у Слуцку, а не стварэннем перашкод на шляху перамяшчэння працоўнай сілы.
— Зразумела, што ў тэндары на пасажырскія перавозкі будуць удзельнічаць прадпрымальнікі з вялікімі фінансамі, слуцкія іпэшнікі з імі не могуць спаборнічаць, — выказвае сваю думку суразмоўца. — Конкурс адкладзены на тры месяцы, каб збіць напружанне. Хай бы існавалі і вакзалы, і іх аператары, але б дазволілі і індывідуальным прадпрымальнікам аказваць такую паслугу, як перавоз па 10-15 чалавек на таксоўках. Звычайных дарагіх таксовак жа ніхто не адмяняе, хай бы былі і такія таксоўкі. Яны фактычна выконвалі сацыяльную паслугу, бо былі выгадныя насельніцтву.
Відавочна, што новы закон аб перавозках наносіць балючы ўдар па інтарэсах розных груп насельніцтва. На пытанне аб магчымым удзеле ў акцыі пратэсту супраць адмены рэйсаў маршрутных таксовак жыхары вёскі выказаліся пазітыўна.
![img_0491_logo.jpg img_0491_logo.jpg](/img/v1/images/img_0491_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У нядзелю, 11 сакавіка, каля 16 гадзін дня на слуцкім аўтавакзале было шматлюдна. Бацькі дапамагалі сваім дзецям, студэнтам, пакаваць сумкі ў грузавыя адсекі перапоўненага рэйсавага дзяржаўнага аўтобуса.
— Ну вось, загрузіліся ў карыта, дай Божа, каб не развалілася ў дарозе, — крытычна выказалася ў адрас далёка не новага аўтобуса адна з мацярок.