Парады аматарам імпарту
Хітом чэрвеня мусіць стаць навіна пра рашэнне Мінгарвыканкама павялічыць удзельную колькасць тавараў айчыннай вытворчасці ў крамах і аб’ектах грамадскага харчавання сталіцы да 85 працэнтаў.
І вось ужо праз некалькі дзён пасля скандальнага распараджэння, зусім выпадкова, зразумела, прайшлі праверкі. Кантралёры Мінгандлю, службаў Дзяржстандарту і
Міністэрства аховы здароўя выявілі шматлікія парушэнні пры рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці ў мінскіх гандлёвых цэнтрах «Люстэрка», «Пасаж»,
«Сілуэт», «Еўропа». Для кантролю была адабраная прадукцыя імпартнай вытворчасці: цацкі, дзіцячы абутак, трыкатажныя і швейныя вырабы і інш.
Кантралёры выявілі: неадпаведнасць абутку тэхнічным патрабаванням, дэзінфармацыя пакупнікоў наконт даты вырабу і матэрыялу (паказаная на цэтліку натуральная скура, а фактычна штучная),
адсутнасць папераджальных надпісаў на дзіцячых цацках і інш. Было выдадзена больш за 30 рэкамендацый для ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў.
Віртуальны паратунак
На шчасце, Беларусь — не ізаляваная краіна, а сучасны свет сапраўды глабальны. Пытанне выбару вырашаецца даволі проста: з дапамогаю візы ў пашпарце, паездкі на шопінг без візы ва
Украіну, інтэрнэт-гандлю. Апошні хоць і мае абмежаванне на пакупкі ў памеры 120 еўра на чалавека ў месяц і сякія-такія нязручнасці з-за дыстанцыйнага выбару рэчы і затраты часу на яе дастаўку, але
набірае абароты.
З чэрвеня беларусам стала даступная рэгістрацыя ў плацёжнай сістэме PayPal. Цяпер, як выказаліся на адным форуме, «увесь E-bay наш». І з такім раскладам чыноўнікі мараць пра
абмежаванне імпарту?
Увогуле, гэтыя размовы падаюцца досыць пустымі. Так, будзе спалена шмат нерваў, магчыма, некаму разбураць бізнэс, незадаволенасць дзеяннямі ўладаў павялічыцца. А воз… воз будзе на
месцы. На шчасце беларусаў, не ўсе пастановы і рашэнні мудрага кіраўніцтва знаходзяць сваё рэальнае ўвасабленне.
Практычныя парады
Калі ўсё ж дзяржаве атрымаецца пазбавіць нас імпартных тавараў, так бы мовіць, на выпадак імпартнага голаду прапануем некаторыя парады.
Буйныя гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі, дзе можна знайсці ўсё — ад гузікаў да брэндавай вопраткі, абутку і складанай тэхнікі: e-bay.com, Amazon.com, AliExpress.com.
Раім прыгледзіцца і да такога варыянту шопінгу, як «сумесныя пакупкі»: калі людзі кааперуюцца праз інтэрнэт і набываюць рэчы наўпрост у вытворцы ці на аптовых базах, адпаведна,
без вялікіх гандлёвых накрутак. Сумесныя пакупкі можна знайсці на сайтах second.by і rebenok.by.
Там жа можна знайсці пасярэднікаў, якія за невялікі адсотак дапамогуць набыць і прывязуць у Беларусь рэчы з амерыканскіх сайтаў, што наўпрост не дасылаюць тавары ў Беларусь. Для цікаўнасці
зайдзіце на сайт 6pm.com і азнаёмцеся з асартыментам-цэнамі, каб пасля было з чым параўноўваць прапановы айчынных крамаў.
Большасць інтэрнэт-крам без праблем прымаюць карткі такіх міжнародных плацёжных сістэм, як Visa і MasterCard. Адмыслоўцы раяць для інтэрнэт-пакупак завесці асобную карту і разлічвацца толькі ёй,
а таксама не трымаць на гэтай картцы вялікіх сум грошай.
Анонс інтэрнэт-крамаў замежных вытворцаў не ёсць спробаю падкласці свінню беларускаму «Світанку» і яго калегам. Гэта ўсяго толькі прапанова навучыцца знаходзіць альтэрнатыву,
калі нехта спрабуе навязаць свой адзіна правільны погляд на рэчаіснасць.
Бялізну, вопратку, верхнюю вопратку, абутак, галантарэю, касметыку можна набыць і беларускай вытворчасці. Толькі эстэтыка і якасць матэрыялу, асабліва гэта тычыцца тэкстылю і славутага
трыкатажу, далёка не заўсёды на вышыні.
На прыкладзе дзіцячых рэчаў магу сказаць, што выбар маці, якія засвоілі віртуальныя гандлёвыя пляцоўкі, у 95% будзе схіляцца не да айчыннага вытворцы. Усё з тых жа банальных прычынаў: якасць,
дызайн, цана.