Прадпрымальнікі: Распрадаць нават палову рэшткаў да сакавіка — нерэальная задача

ІП не змогуць распрадаць несертыфікаваныя тавары ва ўстаноўлены тэрмін.



sertyfikacyja.jpg

Жлобінскі рынак паўнюткі распродажаў — прадпрымальнікі гатовыя аддаць кашулі, блузкі, сонцаахоўныя акуляры і летні абутак па 40-100 тысяч рублёў.
— Лета заканчваецца, таму ў нас дзейнічаюць сезонныя акцыі, — кажуць гандляры.
Але не толькі таму ІП спяшаюцца пазбавіцца ад тавару — да 1 сакавіка наступнага года ім трэба паспець распрадаць рэшткі адзення і абутку, пасля чаго альбо сертыфікаваць увесь тавар на прадмет яго якасці, альбо закрыць бізнэс.
Прадпрымальніца Ларыса Сцепанюк, якая загадвае крамай жаночага адзення «Людміла», скептычна ацэньвае перспектыву пазбыцца рэшткаў да прызначанага тэрміну.
— У мяне засталося прыблізна 1500 адзінак тавару, які трэба прадаць да 1 сакавіка наступнага года, — кажа ІП. — Нават калі я буду прадаваць па 100 штук у месяц, я не прадам і паловы. Пры гэтым я не ўлічваю той факт, што мне давядзецца нешта дакупляць да асенне-зімовага сезона.
Жлобінскія прадпрымальнікі паказваюць тавар, які яны закупілі ў роднай Беларусі — у асноўным тавар бярэцца са складоў у Гародні, Берасці і Менску.
— Навошта сертыфікаваць кофтачку, якую вырабілі ў нашай жа краіне? — пытаюцца гандляры. — Там пазначаны адрас прадпрыемства, кантактны тэлефон. Пры кожным зручным выпадку можна спытаць з вытворцы, калі тавар будзе няякасным.
— Але пра гэта наш урад, відаць, не хоча чуць, — кажа прадпрымальніца Алена. — Мабыць, хтосьці сур'ёзна ўзбагацее на гэтым. Бо грошы з нас дзяруць увесь час — тое ж абслугоўванне касавага апарата патрэбнае кожны месяц. Вазьмі і заплаці лішніх 100 тысяч.
Ларыса Сцепанюк не разумее, навошта патрэбная сертыфікацыя кожнага асобнага тавару.
— Дапусцiм, я закупляю партыю з пяці аднолькавых кашуль. Іх трэба сертыфікаваць. Прададуцца яны — купляем наступную партыю. У нас жа раздробны гандаль, мы не бярэм са складоў дзвесце, трыста спадніц — каму я іх прадам у Жлобіне? — кажа яна.
ІП не выключае, што пасля 1 сакавіка адзенне і абутак на рынку можа вырасці ў кошце, прычым істотна.
— Але калі абутак мы купляем у абавязковым парадку (не будзеш жа басанож хадзіць!), то адзенне даношваем па некалькі гадоў. Мяркуйце самі: сёння заробак у 3,5 мільёны для горада ўважаецца за цалкам нармальны, хоць на заводах атрымліваюць і больш. Заплаці за камунальныя, ежу, купі сезонны абутак — і што застанецца на вопратку? Правільна, зусім няшмат. І будзем мы гэтую вопратку насіць яшчэ не адзін год. Не цяжка выказаць здагадку, да чаго прывядзе абавязковая сертыфікацыя пасля 1 сакавіка. Людзі наогул перастануць нешта набываць.
Роберт Громаў, camarade.biz