Праз расійскія санкцыі беларусаў чакае дэфіцыт прадуктаў і высокія кошты
Эканамісты прагназуюць нам дэфіцыт, падвышэнне коштаў і хуткае ўзбагачэнне бізнэсоўцаў, якім будзе дазволена рэалізоўваць «шэрыя» схемы рээкспарту забароненых еўрапейскіх тавараў у Расію.
«Сітуацыя будзе аналагічная 2011 году. Хоць і ў меншых маштабах. Улады гатовыя ахвяраваць унутраным рынкам, каб скарыстаць магчымасць зарабіць у ажыятажны перыяд», — лічыць эканамічны аналітык Сяргей Чалы.
З-за эканамічных санкцыяў, уведзеных Уладзімірам Пуціным супраць еўрапейскіх прадуктаў, свініна ў Маскве ўжо падаражэла на 6%, рыба ў Прымор’і — на 40%, а курыныя кумпячкі на
Сахаліне — на 60%, піша расійскае выданьне «Коммерсант».
На думку інвестыцыйнага аналітыка Сцяпана Свідзерскага, такое падвышэнне коштаў — яшчэ толькі пробнае:
«Расійскія рытэйлеры тэстуюць пакупнікоў — на колькі больш тыя гатовыя плаціць за прадукты на фоне санкцыяў і праблемаў з дастаўкай. Падвышаючы такім чынам кошты, яны проста
рыхтуюцца да таго, на якім узроўні коштаў будзе выгадна працягваць імпартаваць у Расію прадукцыю», — тлумачыць ён.
Аляксандар Лукашэнка паабяцаў Крамлю не дапускаць рээкспарту забароненых прадуктаў у Расію праз тэрыторыю Беларусі. Але адначасова распарадзіўся, што не павінен цярпець унутраны рынак.
Аднак, на думку экспэртаў, беларусам варта рыхтавацца да таго, што расійскія кошты неўзабаве ўсталююцца і ў нас.
«Беларусь з Расіяй у адной мытнай прасторы. У нас ужо доўгі час адзіны рынак тавараў і паслугаў, — кажа Свідзерскі. — Калі ў Расіі падвышаюцца кошты, яны аўтаматычна
падцягнуць і нашы кошты да свайго ўзроўню».
Сяргей Чалы адзначае, што разам з відавочнай перспектывай падвышэння коштаў на прадукты нас чакае і дэфіцыт.
«У першую чаргу гэта звязана з тым, што ўжо надта вялікая спакуса ва ўладаў павялічыць пастаўкі ў Расію. Наша ж насельніцтва валютай не плаціць. Таму яно яшчэ можа і пачакаць. А тыя
аб’ёмы павелічэння паставак нашай прадукцыі ў Расію, якія нашы ўлады заяўлялі, перавышаюць магчымасці павелічэння айчыннай вытворчасці. Нават з улікам усіх схемаў так званай
„перапрацоўкі“. Таму відавочна, што будзе цярпець і ўнутраны рынак», — кажа аналітык.
Калі ўжо немагчыма будзе «не заўважаць» перабояў з пастаўкамі ўнутры Беларусі, улада звыкла зробіць выгляд, што «абараняе айчыннага спажыўца», — апісвае
нашу недалёкую будучыню Чалы.
«Зразумела, што асноўнай прычынай назавуць не дзяржаўную палітыку, а ўсялякіх чаўнакоў і неарганізаваны вываз, — кажа Сяргей Чалы. — А адзіны спосаб змагання, як высветлілася, — гэта тое, што афіцыйна называецца «ліквідацыя дыферэнцыялу коштаў». Калі проста — то кошты паднімуцца да ўзроўню суседніх краінаў.
Нягледзячы на абяцанне Аляксандра Лукашэнкі не дапускаць рээкспарту, Рассельгаснагляд ужо сёння, 19 жніўня, абвясьціў пра выпадкі паставак нелегальнай садавіны ды гародніны праз тэрыторыю Беларусі і
пагразіў прыпыніць пастаўкі ўвогуле.
Прага хутка ўзбагаціцца, скарыстаўшы выгодны палітычны момант, пойдзе на карысць толькі тым, каму дазволена рэалізоўваць «шэрыя» схемы рээкспарту.
Аналітык Сяргей Свідзерскі называе такі бізнэс «прыўладным», а самі схемы — не проста «шэрымі», а «чорнымі». Ніякай карысці беларускай
эканоміцы непасрэдна гэтая сітуацыя прынесці не можа. Заробленыя грошы асядуць у кішэнях рэалізатараў «чорных» схемаў.
«Вядома, пэўны пазітыўны ўплыў будзе для перапрацоўчых прадпрыемстваў. У іх з'явяцца новыя кліенты, якія гатовыя плаціць больш. Павялічыцца прыток валюты ў Беларусь.
Але найбольш выйграюць ад гэтай сітуацыі прыўладныя бізнэсоўцы-перакупы. А яны свае даходы не змогуць інвеставаць у стварэнне новых працоўных месцаў, развіццё вытворчасці, а проста перавядуць у
афшоры, стабільныя еўрапейскія краіны».
На думку Свідзерскага, бізнэс наўрад ці захоча ўводзіць заробленыя на такіх схемах грошы ў легальнае грашовае абарачэнне ў Беларусі.
«Яны будуць апасацца, што задняй датай будуць уведзеныя новыя нормы, паводле якіх трэба будзе падзяліцца большай часткай заробленага з дзяржавай. Або ёсць магчымасць, што нават дазволеныя
цяпер схемы будуць заднім чыслом крыміналізаваныя», — тлумачыць інвестыцыйны аналітык.
Інвэставаць такія грошы ў доўгатэрміновы бізнэс у Беларусі мала хто захоча, — сцвярджае Сцяпан Свідзерскі.
Такім чынам, уведзеныя Пуціным санкцыі толькі ўзбагацяць блізкіх да беларускай улады бізнэсоўцаў, а простым беларусам застануцца пустыя паліцы ў крамах ды новыя цэннікі на таварах.
Аляксандра Дынько, svaboda.org