Раманчук: «Мяжы ж паміж Індыяй і Беларуссю няма»
Мала прадаць мільён тон калію, іх яшчэ трэба даставіць. З «Беларуськаліем» будзе як з калгасамі? Для таго, каб была хоць нейкая валютная выручка, часам даводзіцца працаваць сабе ў страту.
Беларусь і Індыя абмяркоўваюць магчымасць заключыць кантракт на пастаўку мільёна тон калію. Ці атрымаецца такім чынам абысці санкцыі, у прыватнасці тыя, якія датычацца валютных разлікаў, і ці ўратуе беларускую галіну калійных угнаенняў падстаўленае далёкім усходнім партнёрам плячо?
Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначае: мала прадаць мільённы тон калію, іх яшчэ трэба даставіць, а з гэтым якраз ёсць вялікія пытанні.
— Кантракт, вядома, можна заключыць, але мяжы ж паміж Індыяй і Беларуссю няма, а ёсць вялікае транспартнае плячо і неабходнасць выпрацоўкі іншых лагістычных ланцужкоў, — сказаў эксперт у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — І тут без Расіі нічога не зробіш. Расійская чыгунка, дадатковыя вагоны, партовыя магутнасці — усё тое, што патрабуе дадатковай прапрацоўкі. Плюс ёсць жа яшчэ прамы канкурэнт у выглядзе «Уралкалія», які карыстаецца гэтай інфраструктурай.
Таму пытанне ў тым, што наўпрост сутыкаюцца два канкурэнты, і многае будзе залежаць ад таго, як Крэмль будзе выконваць ролю гэтакага каардынатара, пасярэдніка і міратворцы паміж «Уракаліем» і «Беларуськаліем», паміж Лукашэнкам і Мазепіным... Баўмгертнер успомніцца яшчэ не раз.
Пытанне разлікаў на гэтым фоне, па словах эканаміста, мае другаснае значэнне — калі не атрымаецца разлічыцца ў доларах, ёсць рупіі, якія карыстаюцца попытам і добра каціруюцца на рынку.
— Пытанне розніц курсаў, безумоўна, узнікае. Але жадаючых перавесці рупіі ў долары і зарабіць на гэтым — дастаткова. Зразумела, што ўдзельнічаць у гэтым будуць не іншыя структуры, а «свае людзі», якія таксама змогуць зарабіць у працэсе, — дадае Яраслаў Раманчук. — Усё гэта адбываецца на шкоду прыбытковасці «Беларуськалію» і беларускай дзяржавы. Але ў такой сітуацыі ўзнікае неабходнасць дзяліць прыбытак паміж ланцужком пасярэднікаў, і гэта непазбежна і будзе ажыццяўляцца.
Я не выключаю такой сітуацыі, што кошт будзе блізкі да выдаткаў вытворчасці і, магчыма, дзяржава нават будзе вымушана з бюджэту падтрымліваць «Беларуськалій» для таго, каб не страціць знешнія рынкі.
Як кажуць на многіх беларускіх сельгаспрадпрыемствах, для таго, каб была хоць нейкая валютная выручка, часам даводзіцца працаваць сабе ў страту.
З айчыннымі нафтавікамі, нагадвае Раманчук, падобная сітуацыя ўжо была, таксама вымушаны быў працаваць сабе ў страту «Гомсельмаш», цяпер, верагодна, прыйшла чарга «Беларуськалія».
— Будзем цягнуць і выносіць нашых нацыянальных чэмпіёнаў на плячах, — з сумнай іроніяй заўважае эксперт.
Паводле «Салідарнасці»