«Адказваць у тэлевізары беларускія ўлады любяць, а плаціць за наступствы сваіх адказаў — ужо не вельмі»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» лічыць, што рэкамендацыя Дзярждэпу ЗША ўстрымацца ад паездак у Беларусь не асабліва звязаная з магчымым расійска-украінскім канфліктам, а палягае выключна ва ўнутрыбеларускай сітуацыі. А таксама паразважаў наконт магчымых «контрсанкцый» у дачыненні да Літвы.

p1030079.jpg


Учора Дзярждэпартамэнт ЗША абвясціў аб эвакуацыі з Мінска членаў сем'яў дыпламатаў. А яшчэ рэкамендаваў сваім грамадзянам устрымацца ад паездак у Беларусь. Галоўная прычына — адвольнае прымяненне законаў і магчымасць затрымання. І вось што ты мне ні кажы, а я моцна падазраю, што поспехі альтэрнатыўнай беларускай дыпламатыі на нейтральным швейцарскім кірунку, згулялі ў гэтых рэкамендацыях не апошнюю ролю.

Таму што пасля таго, як беларускія ўлады прымусілі Швейцарыю да дыпламатычнага дыялогу, у іх можа з'явіцца спакуса паўтарыць гэты вопыт. І як я разумею, Дзярждэпартамэнт ЗША асцерагаецца, што грамадзяніна ЗША ў Беларусі могуць арыштаваць у рамках праграмы прымусовай дыпламатыі.

І атрымліваецца, што міжнародная рэпутацыя беларускіх уладаў выйшла ўжо на прынцыпова новы ўзровень. Цяпер, як мінімум у прадстаўленні Дзярждэпартамента, яны перайшлі ў катэгорыю ўрадаў, якія бяруць замежных грамадзян у закладнікі. Проста звычайна бяруць дзеля выкупу. А ў дадзеным выпадку — дзеля задавальнення геапалітычных комплексаў з дапамогай прымусовага дыпламатычнага дыялогу.

Але практычная карысць ад задавальнення геапалітычных комплексаў сумніўная, а шкода бывае відавочная. На літоўскім кірунку дазадавальняліся да таго, што Літва з учорашняга дня ўсё ж закрыла транзіт беларускаму калію. І гэта, вядома, трэба было вельмі пастарацца, каб Літву да гэтага прымусіць. Бо, як ні круці, а тому баку, што ўводзіць санкцыі, прыйдзецца пайсці на некаторыя выдаткі. Але літоўскі ўрад, атрымліваецца, гатова ўжо да гэтых выдаткаў, таму што суседства з беларускімі ўладамі стала занадта цяжкім.

Праўда, прэм'ер Галоўчанка ўчора сказаў, што баяцца не трэба. Таму што яны пераарыентавалі калійны экспарт на расійскія порты. І ведаеш што? Я веру прэм'еру Галоўчанку. Вядома, пераарыентавалі. У сэнсе, паказалі, куды ісці. І некаторая частка калійнага экспарту ў гэтым кірунку нават пойдзе. Толькі вельмі маленькая. Каб потым было пра што распавесці ў тэлевізары. Таму што, як мы з табой ужо абмяркоўвалі, беларускі калійны экспарт у расійскія порты не ўлезе.

Яшчэ прэм'ер Галоўчанка сказаў, што збіраецца жорстка адказаць Літве на яе непрыязныя дзеянні. І я мог бы паразважаць пра тое, што, нашкодзіўшы Літве на тры капейкі, беларускія ўлады атрымаюць сабе зваротных эфектаў на рубель. Але я, мабыць, пачакаю, пакуль адкажуць. Вось папярэднія асіметрычныя адказы з забаронай слоічкаў з-пад Nivea і польскіх яблыкаў нешта не ўразілі ні мяне, ні тых, каму адказвалі. Затое ўразілі ўнутраны рынак, дзе прыйшлося ўвесці дзяржрэгуляванне коштаў на гародніну і садавіну.

Так што з адказам на літоўскія санкцыі таксама можа атрымацца вельмі асіметрычна. Адна справа — жорстка і рашуча адказваць у ўхвальна ківаючым тэлевізары. І зусім іншае, калі за свае словы даводзіцца адказваць канкрэтнымі фінансавымі непрыемнасцямі. Вось адказваць у тэлевізары беларускія ўлады любяць, а плаціць за наступствы сваіх адказаў — ужо не вельмі.