«Пры ўмове вываду войскаў з Крыма і Прыднястроўя». El País апублікавала тэкст адказаў ЗША і NATO па гарантыях бяспекі

Злучаныя Штаты і NATO заявілі, што не хочуць канфрантацыі з Расіяй, аднак не пойдуць на кампраміс па прынцыповых для сябе пытаннях. Пры гэтым у ЗША гатовыя абмеркаваць абавязацельствы па абмежаванні разгортвання сістэм ва Украіне.

nato_10.jpg


Іспанская газета El País апублікавала поўны тэкст адказаў ЗША і NATO па прапанаваных Расіяй у снежні гарантыях бяспекі. Гаворка ідзе пра два дакументы на англійскай мове: адказ альянсу на чатырох старонках і адказ Вашынгтона на пяці старонках, паведамляе РБК.

У адказе з боку ЗША гаворыцца, што Злучаныя Штаты гатовыя абмеркаваць з Расіяй узаемныя абавязацельствы па абмежаванні разгортвання наступальных ракетных сістэм і сіл ва Украіне, а таксама пачаць дыялог па пытаннях кантролю за ўзбраеннямі ў сферы ракет сярэдняй і меншай далёкасці.

Акрамя гэтага, ЗША гатовыя:

  • Абмеркаваць з Расіяй меры ўмацавання даверу пры правядзенні вучэнняў у Еўропе;
  • Устрымацца ад размяшчэння ядзернай зброі ва Усходняй Еўропе;
  • Пачаць дыялог аб кантролі над узбраеннямі ў абмен на вывад войскаў і міратворцаў з Крыма, Прыднястроўя, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі;
  • Працягнуць працу ў рамках Савета Расія — NATO;
  • Працягваць абмеркаванне пытанняў бяспекі і іх інтэрпрэтацыі з боку Расіі;
  • Даць доступ расійскім інспекцыям да аб'ектаў супрацьракетнай абароны ў Румыніі ў абмен на агляд расійскіх аб'ектаў;
  • Уключыць новыя віды ядзерных сістэм у далейшыя пагаднення па кантролі над узбраеннямі;
  • Разгледзець дадатковыя меры па прадухіленні інцыдэнтаў з Расіяй на моры і ў паветры.

«Пазіцыя ўрада ЗША заключаецца ў тым, што прагрэс па гэтых пытаннях [раззбраення і двухбаковага даверу] можа быць дасягнуты толькі ва ўмовах дээскалацыі пагрозлівых дзеянняў Расеі ў дачыненні да Украіны», — сказана ў адказах з боку ЗША.

ЗША таксама адзначылі, што менавіта Расія парушыла давер, які ляжыць у аснове супрацоўніцтва дзвюх краін, і «кінула выклік асноватворным прынцыпам глабальнай і еўраатлантычнай архітэктуры бяспекі». Акрамя гэтага, Вашынгтон папярэдзіў, што далейшае нарошчванне Расіяй сваіх вайсковых сіл або агрэсія супраць Украіны прывядзе да аналагічных крокаў з боку ЗША і саюзнікаў.

Пры гэтым NATO у сваіх адказах заявіла, што не хоча канфрантацыі з Расіяй, але не пойдзе на кампраміс па прынцыповых для сябе пытаннях. «NATO не дамагаецца канфрантацыі. Але мы не можам пайсці на кампрамісы па прынцыпах, на якіх грунтуюцца наш альянс і бяспеку ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы, і мы не пойдзем», — сказана ў дакуменце.