Расія ў студзені скараціла экспарт нафты ў Беларусь амаль на дзве траціны
Расія скараціла экспарт нафты ў Беларусь у студзені 2022 года на 64,1% у параўнанні са студзенем мінулага года, паведамляюць расійскія СМІ са спасылкай на даныя Цэнтральнага дыспетчарскага ўпраўлення паліўна-энергетычнага комплексу (ЦДУ ПЭК) РФ.
Паведамляецца, што экспарт расійскай нафты ў блізкае замежжа за студзень скараціўся на 64,1% да 461 тыс. тон, піша АФН.
З краін блізкага замежжа Расія экспартуе нафту толькі ў Беларусь. З-за ўведзеных ЗША санкцый у афіцыйнай статыстыцы не адлюстроўваюцца дадзеныя аб пастаўках нафты на Наваполацкі НПЗ (Нафтан).
Экспарт нафты з Расіі ў студзені 2022 года вырас на 8% у параўнанні са студзенем мінулага года, да 20,2 млн тон.
Экспарт нафты ў далёкае замежжа ў студзені павялічыўся на 13,3% і склаў 19,755 млн тон.
На ўнутраны рынак пастаўлена 25,52 млн тон нафты, што на 9,4% больш, чым у студзені мінулага года.