Пётр Кузняцоў: Беларуская ўлада выявіла сябе абсалютным сатэлітам Масквы

Заснавальнік «Моцных навінаў», аналітык Пётр Кузняцоў разважае ў сваім тэлеграм-канале пра тое, хто і колькі выйграў у «гульні ў вайнушку» паміж Расіяй і Захадам. І калі страты Расіі, на яго думку, не вельмі крытычныя, то страты беларускага рэжыму — несупастаўна большыя.

podgotovka_k_ucheniyam_2021_24012021_15.jpg


СМІ паведамляюць, што Расія аднавіла пастаўкі газу ў Германію праз трубаправод «Ямал — Еўропа». Пры гэтым удакладняецца, што агульны аб’ём паставак праз Украіну павялічваецца ў два разы ў параўнанні са студзенем.

У гэтай навіны ёсць мінімум два істотныя моманты. Напрацягу апошніх месяцаў Еўропа сутыкнулася з відавочнымі энергетычнымі праблемамі, цана на газ біла ўсе рэкорды, а Масква дэманстратыўна скарачала аб'ёмы паставак. Гэта можна было расцаніць, а многія і расцэньвалі, як спланаваны палітычны (праз эканоміку) ціск. Аднак на дапамогу неаднаразова прыйшлі амерыканцы, якія арганізавалі пастаўкі звадкаванага газу танкерамі. У выніку склалася сітуацыя, у якой Еўропа пачала намацваць альтэрнатывы расійскім пастаўкам, а ў палітычнай дыскусіі сур'ёзна з'явілася тэма скарачэння іх аб'ёму ў сярэднетэрміновай перспектыве. Што, зразумела, стварыла для РФ пагрозу страты часткі, а то і ўсяго еўрапейскага рынку.

Як бачым «калектыўны Захад» аказаўся цалкам у стане кансалідавана адказаць на адну з ключавых пагроз самому сабе, а Расія, у сваю чаргу, аказалася не гатовая да працяглага газавага шантажу. Гэта добра кажа аб узроўні залежнасці — але не Еўропы ад Расіі, а наадварот.

Момант другі. Скарачэнне паставак праз Украіну цалкам можна было расцэньваць як этап падрыхтоўкі да ваенных дзеянняў: які транзіт, калі там хутка будзе палыхаць? Аднаўленне — гэта дастаткова дакладная прыкмета таго, што поўнамаштабнай вайны, хоць бы такой, якая дасць Кіеву падставу забраць з трубы ўвесь расійскі газ, не будзе. Калі гэта, вядома, не «падманка», але гэта наўрад ці: грошы ад продажу вуглевадародаў складаюць амаль палову расійскіх валютных паступленняў у бюджэт і, як бачым, на фоне наяўных у Еўропы альтэрнатыў і варыянтаў, што прапрацоўваюцца, Масква наўрад ці гатовая так рызыкаваць.

Дадамо сюды гэтак жа навіны апошніх дзён, што частка расійскіх войскаў ужо вярнулася ў месцы пастаяннай дыслакацыі, а таксама градус вайсковай рыторыкі з боку Крамля, які відавочна зніжаецца. З усяго гэтага напрошваецца выснова, што эскалацыі, з найбольшай верагоднасцю, не будзе.

У ходзе крызісу многія разважалі пра тое, як цяжка будзе Маскве выйсці са створанай ёю ж сітуацыі без страты твару і іміджу. Яно, сапраўды, будзе, можа, дзесьці і нялёгка, таму што нагаворана нямала. Але думаецца, што варыянты ў Крамля ёсць: якімі б не былі іміджавыя выдаткі, яго глабальная вага застаецца досыць істотнай, ігнараваць яго, як моцнага гульца, ніхто ў бліжэйшы час не будзе, а кулуарныя перамовы з найбольшай доляй верагоднасці працягнуцца. І дзесьці нават будуць паспяховымі для Масквы. Зменшага, ужо дакладна не прыходзіцца казаць, што яе гульня была абсалютна беспапяховай — як мінімум мы бачым некаторае зніжэнне ролі НАТА ў заходняй палітыцы, дзе ў апошні час найбольш аператыўна рэагуюць на выклікі сітуацыйныя саюзныя адносіны, такія, як паміж Украінай, Польшчай і Вялікабрытаніяй. Што кажа аб тым, што калі Масква ставіла сабе мэтай знізіць узровень ваеннай кансалідацыі заходніх дзяржаў, то недзе пэўнага поспеху яна дамаглася.

Зусім у іншую сітуацыю трапляе афіцыйны Мінск, які ў апошнія месяцы вербальна і дэманстратыўна бразгаў зброяй, магчыма, пабольш Масквы. Яго страты, у адрозненне ад маскоўскіх, будуць незваротнымі.

Да такіх можна аднесці, у першую чаргу, поўную страту міжнароднай суб'ектнасці. Беларуская ўлада выявіла сябе абсалютным сатэлітам Масквы аж да магчымасці сумеснага ўдзелу ва ўзброеным канфлікце і прадастаўлення для гэтага сваёй тэрыторыі. Пасля такога аб адраджэнні мадэлі «сядзець на двух крэслах», то-бок, аб «шматвектарнасці», разважаць не прыходзіцца.

«Бонусы» ў выглядзе страты статусу «донара стабільнасці» і «міратворца» — гэта ўсё толькі вытворныя ад асноўнага. Сутнасць жа ў тым, што, ператвараючыся для Расіі ў адну з рэспублік, устойлівасць уласнай улады ніяк не ўмацаваць — будзе толькі расці залежнасць як ад настрояў крамлёўскага кіраўніка, так і ад яго ж стану. Які, трэба сказаць, таксама — не жалезабетонны.