«Літоўскія чыгункі», якія больш не будуць вазіць калій, неўзабаве вернуць Беларусі каля 1000 пустых вагонаў

З 1 лютага спыняецца транзіт калійных угнаенняў з нашай краіны праз Літву (па чыгунцы яны дастаўляліся ў порт Клайпеды). «Літоўскія чыгункі» ў чарговы раз гэта пацвердзілі: дамова з «Беларуськаліем» ад 2018 года скасаваная. Адзначаецца, што новыя запыты на перавозку яго прадукцыі трапяць на разгляд літоўскай урадавай камісіі.

cargo_traukinys_6.png

Літва вырашыла спыніць транзіт прадукцыі «Беларуськалія» пасля таго, як ён трапіў пад санкцыі ЗША. Паколькі беларускі бок заплаціў за перавозку ўгнаенняў на некалькі месяцаў наперад, выйсце было знойдзена праз рашэнне ўраду Літвы, які прызнаў, што дамова супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі краіны. Запыты на перавозку калійных угнаенняў ад іншых кампаній з Беларусі былі адхілены.

Такім чынам ухваленых заявак на перавозку ў лютым «Літоўскімі чыгункамі» прадукцыі "Беларуськалія" няма. Апошні цягнік пераехаў мяжу ўвечары ў панядзелак і апоўначы мусіў быць у Клайпедзе. 1 лютага ў Літву яшчэ можа патрапіць невялікая колькасць вагонаў з прадукцыяй «Беларуськалія» (але не з калійнымі ўгнаеннямі), якія былі загружаны напярэдадні — паводле дамовы з іншай кампаніяй. Да канца тыдня ў Беларусь будзе вернута каля 1000 пустых вагонаў.

Праз Літву штодня праходзілі 6-7 цягнікоў з калійнымі ўгнаеннямі з Беларусі. «Літоўскія чыгункі», порт у Клайпедзе мелі дзясяткі мільёнаў долараў даходу.

31 студзеня, нагадвае «Еўрарадыё», Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даручыў ураду ў выпадку, калі Літва сапраўды спыніць транзіт, «літаральна на працягу некалькіх дзён» даць адказ — рэалізаваць нейкія «мерапрыемствы». Верагодна, гэта будуць «контрсанкцыі» (напрыклад, не выключана, што можа быць перакрыты транзіт грузаў з Украіны ў Літву праз Беларусь). Пра тое, ці ёсць альтэрнатыўныя шляхі паставак калійных угнаенняў з Беларусі за мяжу, Лукашэнка не сказаў.