«Сітуацыя выглядае дрэнна». У Эстоніі будуць вырашаць пытанне з імпартам беларускіх нафтапрадуктаў
Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас заявіла, што кампетэнтныя органы павінны разабрацца ў сітуацыі вакол таго, што Беларусь, якая патрапіла пад санкцыі ЕС, дагэтуль выкарыстоўвае Эстонію для экспарту рэкордна буйных аб'ёмаў сваіх нафтапрадуктаў, піша postimees.ee.
Летась Эстонія імпартавала беларускіх нафтапрадуктаў амаль у
тры разы больш, чым годам раней. Пры гэтым у Эстонію была перанакіраваная
траціна беларускай нафты, якая раней паступала ў латвійскія парты.
Прэм'ер-міністр Кая Калас пракаментавала гэтую навіну
наступным чынам:
— У пытанні беларускіх санкцый дзяржаве прад'явілі
сур'ёзныя папрокі. Сітуацыя выглядае дрэнна, і я стаўлюся да яе вельмі
сур'ёзна. Прынцыповая знешняя палітыка павінна выяўляцца і ў яе рэалізацыі
ўнутры краіны — калі мы дамовіліся аб санкцыях, мы павінны іх выконваць, а калі
ёсць прабелы, то іх трэба ліквідаваць. У адваротным выпадку мы знізім уласны
міжнародны аўтарытэт і права выказвацца. Падрабязна разбірацца ў дэталях
павінны як Міністэрства замежных спраў, так і Міністэрства эканомікі і
камунікацый, а таксама Падаткова-мытны дэпартамент. Кампетэнтныя органы павінны
ацаніць, ці абыходзяцца санкцыі зламысна або адбываецца злоўжыванне дзіркамі ў
законе. Раніцай я патэлефанавала міністру замежных спраў Эве-Марыі Ліймэтс і
папрасіла яе вынесці гэтае пытанне на пасяджэнне ўрада. Мэта палягае ў тым,
каб як мага хутчэй разабрацца ў сітуацыі і вызначыць, ці былі парушаныя
санкцыі.
Нагадаем, што з 1 лютага Літва прыпыніла транзіт калійных угнаенняў праз порт у Клайпедзе. У снежні ад транспартавання калія адмовілася Латвія.