ЗША падрыхтавалі санкцыі супраць атачэння Пуціна ў выпадку ўварвання Расіі ва Украіну
ЗША і іх саюзнікі падрыхтавалі спіс асоб з атачэння расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, супраць якіх могуць быць уведзеныя персанальныя санкцыі ў выпадку ўварвання Расіі ва Украіну.

Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі Джо Байдэна расказаў, што ў спіс уключаныя фізічныя асобы, якія «ўваходзяць у блізкае кола Крамля або блізкія да яго, а таксама адыгрываюць ролю ў прыняцці ўладамі Расіі рашэнняў або як мінімум удзельнічаюць у дэстабілізуючых дзеяннях Крамля». Гэта могуць быць чыноўнікі, вышэйшыя службовыя асобы і чальцы рады дырэктараў дзяржаўных кампаній, пішуць «Reuters» і «Financial Times»
Паводле слоў крыніцы, гэтыя санкцыі «адрэжуць іх ад міжнароднай фінансавай сістэмы і прывядуць да таго, што іх сваякі больш не змогуць карыстацца прывілеем захоўваць свае грошы на Захадзе і паступаць у элітныя заходнія універсітэты».
Персанальныя санкцыі прапануецца прыняць у дадатак да абмежаванняў супраць банкаўскага і энергетычнага сектараў Расіі.
У МЗС Вялікабрытаніі раней абвясцілі, што плануецца ўнесці папраўкі ў законы, якія дазволяць уводзіць санкцыі супраць расійскіх банкаў, энергетычных кампаній і «алігархаў, блізкіх да Крамля», у сувязі з пагрозай расійскага ўзброенага ўварвання ва Украіну.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў «трывожнай», «не толькі для нас, для нашых кампаній», гэтую заяву, якая «дэманструе немалую непрадказальнасць Лондана». Ён заявіў, што «гаворка ідзе пра непрыкрытую атаку на бізнэс», і прыгразіў рэакцыяй у адказ у выпадку, калі Лондан зробіць такія захады.