Рада Бяспекі ААН сабралася на пасяджэнне наконт Украіны насуперак пратэсту Масквы

Рада Бяспекі ААН сабралася 31 студзеня з ініцыятывы ЗША на пасяджэнне наконт сітуацыі вакол Украіны, паблізу межаў якой, як сцвярджае заходняя выведка, Расія засяродзіла звыш ста тысяч сваіх вайскоўцаў.

Прадстаўніца ЗША ў Радзе бяспекі ААН Лінда Томас-Грынфілд

Прадстаўніца ЗША ў Радзе бяспекі ААН Лінда Томас-Грынфілд


«Мы бачым звесткі, якія паказваюць на тое, што Расія можа планаваць у пачатку лютага размяшчэнне больш за 30 тысяч вайскоўцаў у Беларусі, каля мяжы з Украінай», — сказала на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН сталая прадстаўніца ЗША Лінда Томас-Грынфілд.
Яна адзначыла, што ў Беларусі ўжо знаходзяцца каля 5 тысяч вайскоўцаў з Расіі, а таксама «балістычныя ракеты малой далёкасці, спецпадраздзяленні і сілы СПА». Канцэнтрацыю расійскіх сіл паблізу Украіны Томас-Грынфілд назвала «найбуйнейшай мабілізацыяй войскаў у Еўропе за некалькі дзесяцігоддзяў».
Сталы прадстаўнік Расіі пры ААН Васіль Небензя заявіў раней у панядзелак, што Расія супраць правядзення пасяджэння Рада Бяспекі ААН па Украіне. Ён адзначыў, што абмеркаванне было прапанавана арганізаваць «з прычыны здагадак і беспадстаўных абвінавачанняў», якія Расія неаднаразова абвяргала.
У выніку працэдурнага галасавання было прынята рашэнне, што пасяджэнне ўсё ж адбудзецца — 10 чальцоў Рады Бяспекі ААН прагаласавалі «за», Расія і Кітай — «супраць», яшчэ тры краіны ўстрымаліся (для правядзення пасяджэння была неабходна падтрымка 9 краін).