Румас: Наша эканоміка пакуль не пачала папраўляцца
Беларуская эканоміка пакуль не пачала папраўляцца. Такое меркаванне выказаў старшыня праўлення ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» Сяргей Румас 12 лютага ў Мінску, адказваючы на пытанні журналістаў.
Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by
Каментуючы прычыны высокіх працэнтных ставак, якія склаліся на фінансавым рынку Беларусі, Румас нагадаў, што такая сітуацыя доўжыцца з 2011 года.
«Высокія працэнтныя стаўкі, якія ўстанавіліся ў 2011-м, былі абарончай рэакцыяй эканомікі на ліквідацыю накопленых дысбалансаў, звязаных у першую чаргу з устанаўленнем рэальнага
абменнага курсу беларускага рубля», — адзначыў Румас.
Таму, дадаў ён, для 2011—2012 гадоў высокія працэнтныя стаўкі «былі абсалютна нармальнай сітуацыяй». У наступныя гады, згодна з чаканнямі ўрада, узровень працэнтных
ставак павінен быў зніжацца, нагадаў Румас.
«Гэта па аналогіі з тым, як чалавек рэагуе на хваробу. Спачатку тэмпература вырастае да максімальнай мяжы і потым, па меры таго, як адбываецца лячэнне, тэмпература вяртаецца ў норму.
Разам з тым у нашым выпадку гэтага не адбылося», — канстатаваў ён.
Гаворачы аб захаванні высокіх працэнтных ставак на фінансавым рынку, кіраўнік Банка развіцця назваў некалькі прычын гэтага.
«Гэта і неспрыяльная кан'юнктура на знешнім рынку ў гэты перыяд, і пытанні канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, і, канешне, узросшы з сярэдзіны 2012 года аб'ём
фінансавання дзяржаўных праграм», — сказаў Румас.
Улічваючы, што працэнтная стаўка па дзяржпраграмах субсідуецца дзяржавай, прадоўжыў ён, пазычальніку, у прынцыпе, было ўсё роўна, які яе ўзровень.
«Попыт на такія крэдыты спараджаў прапанову, банкі прыцягвалі рэсурсы, па сутнасці, па любой цане, укладваючы ў дзяржпраграмы, нагрузку па якіх у канчатковым выніку нёс
бюджэт», — патлумачыў банкір.
Адказваючы на пытанне, ці трэба зніжаць працэнтныя стаўкі ў цяперашняй сітуацыі, кіраўнік Банка развіцця адзначыў, што Нацбанк адміністрацыйна зрабіць гэта не можа.
«Эфект ад зніжэння працэнтных ставак будзе толькі ў тым выпадку, калі само зніжэнне будзе падмацаванае мерамі эканамічнай палітыкі. Сама па сабе даступнасць крэдытаў павысіць
інфляцыйныя чаканні і будзе садзейнічаць росту імпарту», — сказаў Румас.
Рэзюмуючы, кіраўнік Банка развіцця звярнуў увагу на ўсё яшчэ высокія параметры інфляцыі. «Папярэднія звесткі студзеня гавораць, што наша эканоміка, на жаль, не пачала
папраўляцца», — адзначыў банкір.
Як паведамлялася раней, у студзені інфляцыя ў Беларусі склала 1,6%. Афіцыйны прагноз урада па інфляцыі на 2014 год — 11%.
БелаПАН