Не вельмі і хацелася…
Такая сакрэтнасць — вельмі дзіўная. Па-першае, падобныя дакументы былі, хутчэй, прапагандысцкімі. Проста народу паказвалася, што ў планах дзяржавы — стабільнае эканамічнае развіццё. А значыць, заклік «Квітней, Беларусь!» мае пад сабой нейкі грунт.
Па-другое, усе гэтыя пастановы былі не вельмі блізкія да рэальнасці. Возьмем хаця б аналагічны план на мінулы год.
Напрыклад, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2020 год прадугледжваў рост ВУП на 2,8% (рэальна — мінус 0,9%, паводле афіцыйнай статыстыкі), рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — на 2,4% (паводле Белстата, гэты паказчык нават перавыкананы — 4,6%). Прадукцыйнасць працы па ВУП павінна была вырасці на 2,6%, а рэальна — знізілася на 0,5%. Планаваўся рост экспарту тавараў і паслуг на 3,6%, але «каронапсіхоз» абваліў гэты паказчык аж да мінус 11,7%. Зразумела, у выніку засталася нявыкананай задача займець станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі на плюс 1% да ВУП. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове планаваліся ў памеры $1,7 мільярда, а склалі $1,3 мільярда. Прычым, гэтыя $1,3 мільярда Мінфін палічыў як інвестыцыі «ў рэальны і банкаўскі сектары эканомікі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў продаж нерухомай маёмасці». Інфляцыя закладвалася не больш за 5%...
Як бачым, выкананы толькі адзін пункт прагнозу. І тое не ведаеш, радавацца з гэтай нагоды ці сумаваць. Рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 4,6% пры зніжэнні прадукцыйнасці працы на 0,5% і падзенні ВУП на 0,9% ясна паказвае: гэтых грошай мы не зарабілі. Улады проста пагуляліся са статыстыкай і з друкарскім станком: адсюль і інфляцыя ў 7,4%, што ў паўтара разы большая за прагнозныя 5%.
Але дрэнныя былі мэты прагнозу ці добрыя, рэалістычныя ці не, — яны ўсё-ткі былі. Урад хаця б гаварыў, на што трэба арыентавацца і якія, зыходзячы з гэтага, крокі рабіць у эканоміцы краіны.
Цяпер мэт, да якіх ураду трэба імкнуцца, дэ-факта, няма. Засакрэчванне прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця можа сведчыць, што ўлады проста не могуць растлумачыць яго насельніцтву. А значыць, самі не разумеюць, што рабіць, куды рухацца, да чаго імкнуцца. Няма ні стратэгіі, ні тактыкі, як гэтага развіцця дасягнуць. І, мабыць, урад будзе проста рэагаваць на ўзнікаючыя выклікі — сітуацыйна.
Аднак сітуацыйнае рэагаванне ніколі не прыводзіла да росту і развіцця. У лепшым выпадку, у час сітуацыйнага рэагавання толькі ставілі латкі на прарэхі ў беларускай эканоміцы. У горшым — наяўнасць гэтых дзірак проста канстатавалася.
Няма справы да «ябацек»
У той жа час улада чарговым разам паказала, чаго для яе вартае меркаванне народа. Прычым, нават не таго народа, які вывешвае ў вокнах бел-чырвона-белыя сцягі і патрабуе яе сыходу. Наплявалі, у першую чаргу, на меркаванне сваіх жа прыхільнікаў.
Памятаеце, з якімі ўзнёслымі тварамі «ябацькі» ішлі ў цемры на Усебеларускі народны сход? Так, вядома, былі там і такія, якія ведалі, што ад іх меркавання нічога не залежыць. Аднак гэтыя людзі ўсімі сіламі спрабавалі ўхіліцца ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве. А тыя, у каго ўхіліцца не атрымалася, ці свядомыя ўдзельнікі сходу аднагалосна прынялі чарговую «лёсавызначальную» рэзалюцыю.
У прыватнасці, у гэтай рэзалюцыі гаварылася: «Ключавымі эканамічнымі фактарамі ў бягучай пяцігодцы будуць эфектыўнае размеркаванне рэсурсаў, удасканаленне сістэмы кіравання дзяржактывамі, роўнае развіццё арганізацый усіх форм уласнасці... Галоўнымі ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы застануцца надзённыя пытанні жыцця людзей — справядлівае цэнаўтварэнне, прымальныя тарыфы на асноўныя паслугі, эфектыўная занятасць і забеспячэнне годнай аплаты працы».
І ў гэтай жа рэзалюцыі было вырашана «даручыць дзяржаўным органам прыняць вычарпальныя меры па дасягненні пастаўленай мэты і рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны».
Дзе мы бачым «рэалізацыю прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны»? Правільна, нідзе, таму што яны засакрэчаныя. То-бок, усё, дзеля чаго «ябацькі» два дні праседжвалі штаны ды ездзілі ў Мінск, выкінутае ў сметніцу. Яны стварылі патрэбную карцінку — і ўсё. Цяпер іх меркаванне і іх рашэнні нікога не цікавяць. Вось такія яны — «усенароднае абмеркаванне», «лёсавызначальныя рашэнні» і павага ўлады да думак сваіх жа прыхільнікаў.
Сакрэтнасць ад розуму?
Ёсць яшчэ адно, больш прыемнае, але больш песімістычнае тлумачэнне «засакрэчвання» прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Мажліва, гэта зроблена ў сувязі з тым, што ні пра якое «развіццё» ў прагнозе гаворкі няма і ўсе параметры гэтага дакумента сведчаць, што эканоміка Беларусі будзе каціцца ў прорву.
Чаму такое тлумачэнне песімістычнае — зразумела, але чаму «прыемнае»? Таму што тады давядзецца прызнаць: ва ўрадзе сядзяць людзі, якія цвяроза ацэньваюць сённяшнюю сацыяльна-эканамічную і палітычную сітуацыю. Яны ўсведамляюць, што Беларусь знаходзіцца ў глыбокім крызісе, і на гэты крызіс збіраюцца рэагаваць у меру сваіх сіл і магчымасцей. Усё ж, напэўна, людзі не проста так трапляюць на міністэрскія пасады?
Прыкладна так разважае эканаміст Леў Марголін.
«Я не думаю, што ва ўрадзе няма плана, план у іх, хутчэй за ўсё, ёсць. Іншая справа, што назва гэтага плана сведчыць не пра тое, пра што ён складзены. Ні пра якое сацыяльна-эканамічнае развіццё ў 2021 годзе гаворка ісці не можа. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то, напэўна, гэты план павінен быў бы называцца “План выратавання беларускай эканомікі ў 2021 годзе”. Зразумела, што пры бягучай сітуацыі эканоміка рана ці позна абрынецца. Але можна зрабіць, каб яна не павалілася ў 2021 годзе, а павалілася ў 2022-м. Гэта значыць, у нас — як звычайна: “Дзень прастаяць ды ноч пратрымацца”.
І менавіта таму, што развіцця няма, а гаворка ідзе пра нейкія мабілізацыйныя меры, якія павінны даць магчымасць вытрымаць гэты перыяд у надзеі на нешта лепшае, — гэта і прымушае засакрэчваць дакумент. Таму што, у адваротным выпадку, ён можа толькі ўзмацніць паніку, а паніка — гэта непажаданая з’ява як на грашовым рынку, так і на таварных рынках, і гэтак далей», — лічыць Марголін.
Акрамя таго, эканаміст адзначае: паміж планамі самімі па сабе і ажыццяўленнем гэтых планаў — вялікая розніца. «Наяўнасць плана не гаворыць пра яго ажыццяўляльнасць — сапраўды, гэтак жа, як планы, агучаныя на 2025 год, таксама не азначаюць, што яны будуць выкананыя. Хутчэй, наадварот: любы студэнт першага курса эканамічнага факультэта разумее, што гэтыя планы — невыканальныя ў прынцыпе. Так і тут: планы ёсць, але адзінае, што яны рэальна адлюстроўваюць, — існуючую сітуацыю. Таму іх і засакрэцілі — каб не палохаць людзей», — кажа эксперт.
Пра тое, што ж можа быць у гэтым дакуменце, нам застаецца толькі здагадвацца. «Можа, у гэтым плане ідзе гаворка пра тое, што трэба ў кожным раённым цэнтры размясціць вайсковыя часткі — на ўсялякі выпадак. Можа — прыгатавацца да ўвядзення картак, як у пачатку 1990-х гадоў. Усё можа быць. Але факт застаецца фактам: калі дакумент засакрэчаны, то, як мінімум, ён існуе».
Ці дапаможа «сакрэтны план»?
Агульную ж сітуацыю ў эканоміцы Леў Марголін параўноўвае з тым самым засакрэчаным дакументам урада Галоўчанкі: няма дакладнай інфармацыі — і няма пэўнасці. «Для таго, каб цяпер даваць нейкія ацэнкі бягучай сітуацыі, у нас недастаткова інфармацыі. Але тэндэнцыі вызначыліся. Па-першае, эканоміка, пазбаўленая інвестыцый — гэта як аўтамабіль, пазбаўлены запраўкі. Нейкі час ён будзе ехаць, пакуль ёсць бензін у баку, але колькі засталося гэтага бензіну — незразумела. Па-другое, золатавалютныя рэзервы Беларусі змяншаюцца. Але якая частка з іх ліквідная, а якая не — незразумела. У ЗВР жа ёсць і зліткі, і манетарнае золата, а гэта такая рэч, якую мы ацэньваем па адной цане, але калі заўтра іх спатрэбіцца тэрмінова прадаць, цана можа рэзка ўпасці. Зноў жа, мы не ведаем валютны склад нашых ЗВР — там могуць быць і расійскі рубель, і юань. Яшчэ трэба мець на ўвазе рост знешняй запазычанасці і запазычанасці наогул... Таму казаць нейкімі канкрэтнымі фразамі пра сённяшні эканамічны стан складана. Эканоміка — такая рэч, якая не бурыцца ў адзін момант, як гэта бывае з палітычнымі рэжымамі», — адзначае Марголін.
Паводле яго слоў, «уваходныя ўмовы», — тое, што існуе цяпер, — паказваюць, што эканоміка ідзе да краху. Але наколькі доўгі будзе гэты шлях?
«Мяркуючы па тым, што план выратавання эканомікі засакрэчаны, гэта шлях, напэўна, будзе не вельмі доўгі», — адзначае эксперт.