Сукупны знешні доўг Беларусі ў 2014 годзе дасягнуў 40 млрд. долараў ЗША
Валавы знешні доўг Беларусі па ўсіх сектарах эканомікі павялічыўся за мінулы год на 440,3 млн. долараў і на 1 студзеня 2015 года склаў 40 млрд. 61,4 млн. долараў ЗША, або 52,8% ВУП, паведамляе Нацыянальны банк.
Для параўнання: на пачатак 2014 года сукупны знешні доўг складаў 39 млрд. 621,1 млн. долараў, або 54,4% ВУП.
Паводле звестак Нацбанка, на абслугоўванне валавога знешняга доўгу Беларусі ў 2014 годзе было выдзелена 11 млрд. 57,2 млн. долараў, што склала 14,6% ВУП, або 25,4% экспарту тавараў і
паслуг.
Плацяжы па асноўным доўгу летась склалі 9 млрд. 634,7 млн. долараў, па працэнтах — 1 млрд. 422,5 млн. долараў.
Знешні доўг сектара органаў дзяржаўнага кіравання павялічыўся на 0,6% у параўнанні са звесткамі на пачатак мінулага года і на 1 студзеня 2015 года склаў 13 млрд. 117,1 млн. долараў ЗША.
На абслугоўванне знешняга доўгу органаў дзяржаўнага кіравання ў 2014 годзе было выдаткавана 5 млрд. 80,1 млн. долараў, у тым ліку 4 млрд. 563,4 млн. — на пагашэнне асноўнага доўгу,
516,7 млн. — на выплаты працэнтаў.
У разліку на душу насельніцтва знешні доўг за год вырас і склаў 4.225,4 долара на 1 студзеня 2015 года супраць 4.184,7 долара на 1 студзеня 2014 года.
Валавы знешні доўг Беларусі ўяўляе сабой нявыплачаную суму фактычных наяўных і неабумоўленых абавязацельстваў, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і/або працэнтаў дэбіторам у наступны перыяд
часу і ўяўляе сабой абавязацельствы рэзідэнтаў Беларусі перад нерэзідэнтамі.
Валавы знешні доў уключае ў сябе доўг органаў дзяржаўнага кіравання, органаў грашова-крэдытнага рэгулявання, банкаў і іншых сектараў эканомікі.
Паводле БелаПАН