Школьны квэст, альбо хачу ва Украіну
«Вы хочаце, каб было так, як ва Украіне?» — часцяком запытваюцца апантаныя бяспекай грамадзяне. Сёлета, збіраючы дзіця ў школу, я магу сказаць: так, я хачу, каб было, як ва Украіне. Таму што беларускія кошты, як аказалася, у сярэднім удвая вышэй за ўкраінскія.
Кожны год ва ўсіх сем’ях, якія маюць дзяцей школьнага ўзросту, — праблема: як сабраць дзіця ў школу з найбольшай эфектыўнасцю і найменшымі выдаткамі. Сёлета так склалася, што была магчымасць праехацца на шопінг ва Украіну. Канкрэтна — у Чарнігаў.
Адразу зазначу, што большасць з набытага мы прыдбалі на рынку «Ніва». Ён лічыцца найбольш разнастайным у плане выбару, але і не самым танным. І гандлююць там у асноўным не кітайскім шырспажывам, а больш якаснымі таварамі з Турцыі, Польшчы ды, зразумела (і для беларусаў нязвыкла), Украіны і Беларусі. Менавіта якасць і абумовіла выбар гэтага месца для «затаркі».
А потым раптам стала цікава: а колькі каштуе тое ж самае, ці прыкладна такое ж, у беларускіх крамах?
Апрануць — абуць
З увядзеннем у нашай краіне школьнай формы з адпаведнай тканіны і адпаведнага ўзору пакуль давялося забыцца на тое, каб набываць гэтыя рэчы ў Чарнігаве. Бо хто яго ведае, які стандарт нам прыдумаюць заўтра. Таму форму мы будзем набываць ці шыць самі або ў атэлье ледзьве не ў апошні момант. А вось белыя блузкі для школы — абавязковыя.
Белая блузка — не зусім паўсядзённая адзежа для школьніцы, таму мы шукалі нешта прыгажэйшае. У выніку знайшлі напаўпразрыстую, з гіпюрам, не для штодзённых выхадаў, а для «параднага» карыстання за 280 грыўняў. То бок, каля 11 долараў, ці 21 рубель за нашы грошы. Гэтая блузка, нават на тым жа рынку, лічыцца вельмі дарагой. Простую белую кашульку (але з доўгім рукавом, як і належыць у школе) можна набыць і ад 100 грыўняў — то бок за 4 долары.
Але нават «дарагая» і прыгожая ўкраінская блузка не ідзе ні ў якое параўнанне па кошце са звычайнымі вырабамі «Калінкі», якія пачынаюцца ад 32 рублёў. Нават самая дарагая блузка — гэта траціна эканоміі на нашы грошы!
Дзіцячы спартовы касцюм. Вельмі прыгожы, жоўценькі, са стразікамі, і вельмі якасны — 650 грыўняў (26 долараў). У нашых крамах і на школьных базарах нейкіх аналагаў яму я проста не знайшла. Чамусьці ў беларускіх прадаўцоў зараз мода на шэрасць альбо на тое, калі спартовая майстарка не супадае па колеры з нібыта касцюмнымі легінсамі. Можа, яны такім чынам «кампілююць» тое, што не прадалося асобна? Ці я не там глядзела?
Але нават «прыкладна такое ж» (але не такое) шэрае каштуе не менш за 80 рублёў (больш за 40 долараў!).
Дзіцячыя пантофлікі на зменку нам абышліся ў 200 грыўняў — прыгожыя і з блёсткамі. Гэта каля 8 долараў. Нешта падобнае знайшла ў «Мегатопе», але без блёстак, на зніжках — 39.95 беларускіх рублёў, то бок 20 «баксаў». Пра спартовы абутак увогуле не кажу — ён нам абышоўся ў 90 грыўняў. То бок, менш чым чатыры долары. Беларускі аналаг у тым жа «Мегатопе» каштуе ад 25 рублёў.
Прычым, абутак на рынку, у асноўным — украінскай вытворчасці. І па якасці ён (кажу шчыра, не рэклама), «незабіваемы». Зазвычай на дзецях пантофлі, і асабліва спартовы абутак, проста «гараць». Аналагічны абутак мы бралі ў мінулым годзе — і яны «дзейсныя» дасюль. Не адклейваецца падэшва, не рвецца тканіна, нават цэтлік-сцяжок не адваліўся! І нельга сказаць, што нашая малая іх асабліва беражэ — дзе толькі яна ў іх не гойсала! І ў школе, і ў двары, і ў бабулі па гародзе. Так што якасць украінскага абутку, у адрозненне ад падобнага беларускага, — вышэй за ўсялякія кампліменты.
Адзінае, чым быў шакаваны мужчына, — коштамі на дзіцячыя калготы, якія мы набывалі. Але гэта ўжо я «пастаралася». Але, лічу, недарма.
Як ні дзіўна, рынак у Чарнігаве завалены нашымі «Контэ». Але «Контэ» мы можам набыць і тут. Таму абіралі больш якасныя польскія і турэцкія, на кожны дзень і «на выхад». За пяць пар аддалі немалую суму — 720 грыўняў. Без малога 30 долараў.
Зразумела, тыя ж «Контэ» ў нас у сярэднім па пяць рублёў, і гэтыя пяць пар нават тут нам абышліся б у два разы танней. Але гэта той выпадак, калі за якасць трэба (і варта) пераплочваць. Бо, падаецца, нішто не затоптваецца так хутка і псуецца так часта, як дзіцячыя калготы. І, адпаведна, чым лепшая якасць, тым даўжэй яны пражывуць.
Не школьнае
Чаму сябра быў так шакаваны коштам калгот? Таму што перад гэтым роўна такую ж суму — 720 грыўняў — мы выклалі за дзіцячую куртку на восень. Добрая, са здымнымі рукавамі і капюшонам (лёгкім рухам рукі куртка ператвараецца ў жакет-безрукаўку, можна з капюшонам, можна і без). Таму ягонае аслупяненне можна зразумець.
Але ён змірыўся з гэтым, калі пабачыў кошты на дзіцячыя курткі ў Беларусі. Кошты на падобныя курткі на восень, але без фішак-трансформераў, у нас пачынаюцца ад 125 рублёў. Даражэй больш чым удвая. Таму і давялося змірыцца — пераплацілі за калготы, затое значна зэканомілі на куртцы. Гэта ён зараз зразумеў.
Дзіцячы заплечнік… У прынцыпе, маглі яго і не набываць — у малой ён ёсць. Яго набывалі яшчэ да першага класа, але ў першым класе чамусьці дзецям заплечнікі забаранілі. Фактычна, гэтая прылада «адбегала» толькі палову года. Але малая ўпёрлася: дай ёй заплечнік — і ўсё.
Дамовіліся проста. Улетку дзіцё разам з бабуляй збірала маліны і здавала іх людзям, якія возяць гэтыя ягады ў Маскву. Адпаведна, дзіцё такім чынам зарабіла каля 15 долараў, і мы сказалі: «Хочаш заплечнік? Набываеш сама». Каштаваў ён 240 грыўняў — менш за 10 долараў.
У Беларусі падобныя заплечнікі, з двума аддзяленнямі і жорсткай спінкай — ад 100 рублёў. Ёсць розніца паміж 10 і 50 доларамі?
Капейчына да капейчыны…
Адкуль увогуле бяруцца такія кошты ў Сінявокай, зразумець цяжка. Дробязі, здавалася б, але звычайна менавіта дробязі ўлятаюць у значную суму. У Чарнігаве мы набылі 20 сшыткаў у дробную клетку па 1 грыўні і 20 капеек за штуку. 24 грыўні, то бок менш за долар, альбо 1 рубель 93 капейкі. Абсалютна такія ж сшыткі былі заўважаныя мною ў мінскай краме па 25 беларускіх капеек за штуку. То бок, за 20 штук — 5 рублёў.
Вучнёўскі пенал — 120 грыўняў. Але ён таго варты: жорсткі, пластыкавы, на два аддзяленні з убудаванымі тачылкамі і аддзяленнем для гумкі. Для пяці долараў нармальна, таму што звычайныя зараз сінтэтычныя «пеналы-касметычкі» ў краме на распродажы — за шэсць рублёў, тры з паловай долары.
У Чарнігаве такія ж «пеналы-касметычкі» каштуюць 18 грыўняў 96 капеек. Што на нашы грошы, калі пераводзіць праз долары — прыкладна 1 рубель 50 капеек. Розніца — больш чым у чатыры разы.
Альбом для малявання 40 старонак — 22 грыўні, менш за долар. Аналагічная прадукцыя ў Беларусі — 2 рублі 40 капеек на зніжках, то бок больш долар і прыкладна 20 цэнтаў.
Сумка для зменкі — тры долары, 76 грыўняў. У нас — больш за 6 рублёў на зніжках, што хоць і не вельмі, але таксама даражэй.
Упісацца ў прагноз
Такім чынам, поўнасцю апрануць дзіцё ў школу нам каштавала прыкладна 110 долараў. Па сённяшнім курсе — 212 рублёў. З заплечнікам, які дзіця набыло за свае грошы, і дробязямі кшталту сшыткаў, альбому для малявання, пеналам, хай будзе 140 долараў, ці рублёў 270.
«Арыенціровачныя выдаткі бацькоў школьнікаў на камплект, які ўключае адзенне і абутак для школы і заняткаў спортам, канцылярскія тавары, ранец або сумку, для хлопчыка малодшага школьнага ўзросту складуць ад 162 да 304 рублёў, для дзяўчынкі — ад 158 да 327 рублёў. Для вучняў старэйшых класаў — ад 222 да 447 рублёў для хлопчыка і ад 188 да 504 рублёў для дзяўчынкі», — пісала тыдзень таму БелТА са спасылкай на вядучага таваразнаўцу аддзела нехарчовых тавараў упраўлення гандлю Белкаапсаюза Марыю Рабушку. Што ж, у гэтую суму мы ўклаліся.
Але, падобна на тое, што спецыялісты Белкаапсаюза таксама затарваюцца ў Чарнігаве. Таму што беларускія кошты, як мы бачым, у сярэднім удвая вышэй за ўкраінскія. Калі збіраць дзіцё ў школу ў Беларусі, то адзін толькі нармальны спартовы касцюм разам з курткай для дзіцяці адразу ж пераскочыць мінімальны бар’ер у 158 рублёў для дзяўчынкі. Можа, куртка для школьніцы і не ўваходзіць у пералік «школьных тавараў», але не трэба забывацца: 1 верасня — гэта ўжо восень…
Неаднаразова даводзілася чуць: «А што вы хочаце? Ва Украіне заробкі не такія, як у Беларусі, таму і кошты адпаведныя: не разгонішся пры 200 доларах у месяц…» Але давайце казаць шчыра: нашы 400 рублёў, якія ў якасці заробку зараз атрымлівае палова беларусаў — гэта тыя ж 200 долараў. Дык чаму ў нас кошты ўдвая вышэй?
Адказ просты: імпарт. Калі ва Украіне ёсць прыстойны абутак і адзенне ўласнай вытворчасці, і ім, што дзіва, гандлююць прадпрымальнікі на рынках, у нас і блізка такога не назіраецца. У нас амаль усё — прывазное-завазное. А чаму так, чаму беларускія тавары, калі яны ёсць, саступаюць па цане і якасці замежным таварам — гэта ўжо пытанне да тых, хто два дзесяцігоддзі «запускаў заводы». Дый так і не здолеў прымусіць іх нармальна працаваць.
І таму зараз, калі я чую пра тое, што дзіцё ў школу можна сабраць за 150–300 рублёў, я кажу: сапраўды, можна. Але калі закупляцца не ў Беларусі.