Што такое еўрабонды і ці прызнаюць па іх дэфолт для Беларусі?
Нядаўна інтэрнэт стаяў на вушах з-за таго, што расійскія інвестары, трымальнікі беларускіх еўрааблігацый, падалі заяву аб іх дэфолце ў нашае Міністэрства фінансаў і збіраюцца звяртацца ў Лонданскі суд. «Новы Час» высветліў, як працуюць еўрабонды, дзе іх можна купіць у Беларусі і што будзе, калі Беларусь прызнае дэфолт па еўрааблігацыях.
Што такое еўрабонды
Еўрааблігацыі (або еўрабонды) — гэта даўгавыя каштоўныя паперы з фіксаванай прыбытковасцю, якія прадаюцца на фондавым рынку. Яны адрозніваюцца ад звычайных аблігацый тым, што выпускаюцца ў валюце, якая адрозніваецца ад валюты дзяржавы, дзе знаходзіцца эмітэнт. Еўрааблігацыі маюць загадзя вызначаны тэрмін пагашэння, альбо з’яўляюцца бестэрміновымі. Звычайна іх намінал складае не менш за 1 тыс. долараў.
Эмітэнтамі, то-бок тымі, хто выпускае еўрабонды, могуць быць урады дзяржаў, банкі, вялікія кампаніі і міжнародныя арганізацыі.
Еўрааблігацыі і еўрабонды называюцца так не таму, што выплачваюцца ў еўра, а праз тое, што першапачаткова з'явіліся і абарочваліся ў краінах Еўропы. Валюта для еўрабондаў можа быць любая.
Як працуюць еўрааблігацыі
Калі для развіцця кампаніі або дзяржавы не хапае сродкаў, пачынаецца пошук, дзе іх пазычыць. Для гэтага эмітэнт (дзяржава, кампанія, банк і г. д.) выпускае еўрааблігацыі, прадае іх інвестарам, атрымлівае ад іх грошы і вырашае свае праблемы.
Пасля эмітэнт (пазычальнік) за карыстанне грашыма перыядычна выплачвае інвестару загадзя агучаныя працэнты (купонны даход), а ў канцы тэрміна дзеяння еўрабонда вяртае ўсю суму пазыкі (намінал аблігацыі).
Даходнасць еўрааблігацый
Атрыманне даходу ад еўрабондаў адбываецца наступным чынам: інвестар дае пазыку, кампаніі (ці нават краіне) і наўзамен атрымлівае розныя віды даходу:
- Купонныя выплаты. Купон — гэта працэнт да намінала, які эмітэнт плаціць трымальніку аблігацый. Чым буйней і вядомей кампанія, тым меншы працэнт яна прапануе, а малавядомыя кампаніі з нізкім крэдытным рэйтынгам, наадварот, прыцягваюць інвестараў высокімі купонным выплатамі.
- Змяненне кошту еўрааблігацыі. Можна набыць еўрабонд па цане танней за намінал, а прадаць даражэй. Трэба адзначыць, што вялікага прыбытку з гэтага спосабу чакаць не трэба, бо часта рынкавы кошт практычна не адрозніваецца ад намінальнага.
- Курсавая розніца. Калі, напрыклад, беларускі рубель падае, можна выгадна прадаць еўрабонды і перавесці атрыманую валюту ў рублі. Атрыманая розніца будзе вашым прыбыткам.
Еўрааблігацыі ў Беларусі
Самымі вядомымі на дадзены момант эмітэнтамі аблігацый у Рэспубліцы Беларусь лічацца:
— Міністэрства фінансаў РБ,
— Нацыянальны банк РБ,
— Найбуйнейшыя банкі РБ.
На сайце Myfin.by ёсць спецыяльны калькулятар для аблігацый, у ім можна паглядзець, якія віды каштоўных папер ёсць на рынку і пралічыць іх даходнасць.
Выпускаць аблігацыі могуць і іншыя прадпрыемствы, але гэта досыць складаны, рэгламентаваны заканадаўствам і Нацбанкам працэс.
Давайце разгледзім прыклад еўрааблігацый кампаніі «Евроторг» — сеткі прадуктовых крам «Евроопт». На іх сайце пазначана, што адна аблігацыя каштуе адну тысячу долараў, працэнтная стаўка складае 10% у год, выплаты адбываюцца кожны квартал, на даход ад аблігацый не трэба плаціць падатак. Дата пагашэння пула аблігацый — 1 кастрычніка 2026 года. На сайце пазначана, што 24-ты выпуск аблігацый ужо размешчаны, то-бок, усе яны былі выкуплены.
Дзе і як купіць аблігацыі?
Купіць большую частку свабодна прапанаваных аблігацый можна ў банках. Банкаўскія ўстановы займаюцца продажам уласных аблігацый і аблігацый іншых эмітэнтаў, якія заключылі з імі адпаведныя дамовы. За продаж аблігацый банкі могуць браць пэўную плату: камісію, аднаразовыя плацяжы і іншыя.
Таксама ёсць інтэрнэт-аблігацыі, іх прапануе «Беларусбанк». Купля аблігацый «з рук» на прад’яўніка не забаронена і асобна не рэгулюецца.
Некаторая частка аблігацый прадаецца на Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ). Аднак наўпрост здзяйсняць біржавыя здзелкі фізічныя асобы не могуць. Пасярэднікамі пры куплі становяцца камерцыйныя банкі і некаторыя ўпаўнаважаныя на гэтыя здзелкі арганізацыі. З імі заключаецца некалькі дагавораў і пагадненняў: на адкрыццё і абслугоўванне рахункаў, на кіраванне сродкамі і інш.
Але, напэўна, гэтая інфармацыя хутка стане бескарыснай з-за скандала, які разгарэўся паміж беларускімі эмітэнтамі еўрабондаў і іх расійскімі трымальнікамі.
Скандал з расійскімі трымальнікамі беларускіх еўрабондаў
Пасля нападу Расіі на Украіну і ўдзелу беларускага рэжыму ў вайне, брытанскія кампаніі Citigroup Global Markets Europe AG і Citibank, N.A., London Branch заявілі аб спыненні сваёй дзейнасці ў якасці рэгістратара, фінансавага, плацёжнага і трансфертнага агента ў дачыненні да еўрааблігацый Рэспублікі Беларусь. Гэта адбылося ў ліпені 2022 года.
Міністэрства фінансаў заявіла, што будзе шукаць ім замену, але, напэўна, безвынікова. Расійскія інвестары, якія валодаюць еўрааблігацыямі, не атрымлівалі выплаты больш за год. Затым Міністэрства паведаміла, што выплаты па еўрааблігацыях будуць ажыццяўляцца наўпрост у лакальнай інфраструктуры ў беларускіх рублях.
Для атрымання гэтых выплат расійскім інвестарам прапанавалі адкрыць рахунак у мясцовым банку і пацвердзіць права валодання паперамі. Шэраг інвестараў зрабілі гэтыя працэдуры, але альбо не атрымалі выплаты зусім, альбо атрымалі іх у няпоўным аб'ёме і толькі па частцы выпускаў.
Тады міністэрства прапанавала новую схему выплат праз расійскі Нацыянальны разліковы дэпазітарый (НРД), але таксама ў беларускіх рублях і толькі ў адрас інвестараў, якія набылі паперы да 6 верасня 2022 года (у гэты дзень стала дзейнічаць адмова Citibank). Выплаты пачалі паступаць у канцы снежня 2023 года.
Усім астатнім уладальнікам еўрабондаў Мінфін вырашыў выплочваць купонны даход адначасова з пагашэннем аблігацыі, а не па раней зацверджаным графіку: напрыклад, выплаты купонаў па выпуску Belarus-2031 будуць ажыццяўляцца толькі ў 2031 годзе. У якасці альтэрнатыўных варыянтаў прапанавалі інвестарам выкупіць іх аблігацыі па цане 30% ад наміналу або абмяняць іх на лакальныя паперы з падобнымі параметрамі.
Гэтая схема задаволіла не ўсіх, група інвестараў, якая складаецца з васьмі фізічных асоб і пяці кампаній, 18 студзеня накіравала ў адрас кіраўніка Мінфіна Беларусі апавяшчэнне аб дэфолце па пяці выпусках еўрааблігацый — Belarus 2023, Belarus 2026, Belarus 2027, Belarus 2030 і Belarus 2031. Па інфармацыі «РБК», ініцыятыўная група валодае паперамі гэтых выпускаў на агульную суму 178 млн долараў.
«Дэфолт Рэспублікі Беларусь па ўказаных вышэй еўрааблігацыях стаў вынікам невыканання Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь сваіх абавязацельстваў па пагашэнні названых вышэй еўрааблігацый і/або выплаце працэнтных купонаў па іх», — канстатуюць інвестары ў паведамленні. У тэксце дакумента яны таксама адзначаюць, што прапанаваны новы механізм выплат «з'яўляецца дыскрымінацыйным» і парушае інтарэсы трымальнікаў, якія набылі паперы пасля 6 верасня 2022 года.
«Заклікаем Савет Міністраў і Нацыянальны банк выканаць свае абавязацельствы перад усімі расійскімі інвестарамі ў поўным аб'ёме, што дазволіць у далейшым захаваць цікавасць і давер да знешніх публічных запазычанняў Рэспублікі Беларусь», — пазначана ў звароце.
Калі Беларусь не пагасіць свае абавязацельствы, як гэтага патрабуе апавяшчэнне, інвестары атрымаюць права падаць пазоў у Лонданскі міжнародны трацейскі суд або арбітражны суд у Расіі.
Варта адзначыць, што Кемераўскі арбітраж у Расіі арыштаваў выплаты па беларускіх еўрабондах у «Беларусбанку». Мера прынятая як забеспячальная паводле пазову расійскага прыватнага інвестара Ігара Пракудзіна, які спаганяе амаль 300 тысяч долараў па еўрабондах Беларусі. Па інфармацыі «Нашай Нівы», свае грошы па еўрааблігацыях атрымаў і набліжаны да Пуціна расійскі бізнесовец Канстанцін Мікалаеў.
Чаму Мінфін не хоча прызнаваць дэфолт еўрааблігацый
Згодна з праспектамі эмісіі беларускіх еўрабондаў, трымальнік папер можа накіраваць апавяшчэнне аб дэфолце ў выпадку пратэрміноўкі па выплатах больш чым на 14 дзён. Пасля такога апавяшчэння эмітэнт абавязаны пагасіць намінал аблігацыі, што для яго крытычна, паколькі гэта заўсёды буйная сума, пад выплату якой сродкі фармуюцца загадзя.
«Калі Беларусь адмовіцца ад прызнання дэфолту па еўрааблігацыях і не пагасіць намінал аблігацыі і працэнты, то трымальнікі еўрааблігацый будуць звяртацца ў Міжнародны арбітраж (LCIA) за абаронай сваіх правоў і інтарэсаў і спагнаннем запазычанасці па еўрааблігацыях з Беларусі», — гаворыцца ў каментары групы расійскіх інвестараў.
Магчымасць правядзення разбору ў Лонданскім міжнародным трацейскім судзе прапісаная ў дакументацыі эмітэнта.
Тэарэтычна, ёсць яшчэ варыянт «дамовіцца» да суда: калі Мінфін зможа арганізаваць выплаты па працэнтах так, як гэта задаволіць трымальнікаў еўрааблігацый, пры гэтым не выплочваючы цяпер кошт намінала і не прызнаючы дэфолт Беларусі па аблігацыях.
Што будзе, калі прызнаюць дэфолт па еўрааблігацыях
Звычайна, калі кампанія канчаткова прызнае дэфолт па сваіх аблігацыях і не можа выканаць абавязальніцтва, яна абвяшчае сябе банкрутам. Дзяржава, якая выступае як эмітэнт аблігацый і не можа справіцца са сваімі даўгамі па іх, таксама становіцца банкрутам.
Насамрэч прыемнага ў гэтым мала. Канешне, акрамя грошай уладальнікаў еўрабондаў.
З прызнаннем дэфолту па еўрааблігацыях Беларусь у бліжэйшыя гады рызыкуе:
— страціць доступ да рынкаў крэдытавання,
— зрабіць кошт магчымых крэдытаў больш высокім (павышэнне працэнтных ставак),
— абясцэніць нацыянальную валюту (што разгоніць інфляцыю і знізіць пакупніцкую здольнасць),
— знізіць эканамічную актыўнасць,
— павялічыць падаткі і скараціць выдаткі на сацыяльныя выплаты,
— знізіць давер да сваёй эканомікі (здавалася б, куды ўжо ніжэй),
— страціць большую частку інвестараў, якія захочуць вывесці свае капіталы з краіны,
— стаць залежнай ад іншых дзяржаў.
Міжнародныя банкі змогуць прэтэндаваць на актывы неплацежаздольнай дзяржавы, якія знаходзяцца за мяжой. У выпадку дзяржавы дэфолт можа прывесці да непрадказальнай эканамічнай турбулентнасці.
Не ўсё так адназначна
Некаторыя эканамісты, напрыклад, Дзмітрый Крук з BEROC, лічаць, што сітуацыя ў Беларусі — гэта не дэфолт, а недадэфолт.
Сітуацыя ў дачыненні да беларускіх даўгоў не такая адназначная. Так, даўгам па еўрабондах прысвоены дэфолтны статус некалькімі рэйтынгавымі агенцтвамі. З-за таго, што парушэнне абавязацельстваў было выклікана не адсутнасцю грошай, а, як сцвярджае Мінфін, немагчымасцю плаціць у замежнай валюце, адмовай ад супрацоўніцтва банка-рэгістратара і немагчымасцю знайсці іншага з-за санкцый, гэты статус гэты паказваецца з агаворкамі.
Атрымліваецца, напрыклад, пры выдачы крэдыту Беларусі міжнародным банкам ці міжнароднай арганізацыяй растлумачаны статус «недадэфолту» павінен успрымацца лепей, чым «дэфолт», і даваць больш магчымасцяў.
Якія ёсць варыянты развіцця падзей
Беларускі ўрад паспрабуе, як звычайна, усё «адціснуць», як нічога ніякага, і будзе ісці па той схеме, якую сам сабе прыдумаў і якая не падабаецца расіянам. Якія могуць быць наступствы: ёсць верагоднасць, што блакіровак сродкаў на беларускіх дзяржаўных рахунках стане больш. І толькі рэдкі вар’ят будзе купляць беларускія аблігацыі ў будучыні. Магчыма, свае сродкі атрымаюць тыя інвестары, якія набліжаныя да Пуціна ці Лукашэнкі, як гэта адбылося з Канстанцінам Мікалаевым. То-бок, выбіраючы такі шлях, улады перакрэсліваюць магчымасці для інвеставання ў бліжэйшыя гады.
Другі варыянт: Мінфін і трымальнікі еўрааблігацый дамовяцца на ўмовы выплат, якія задаволяць усіх, не даводзячы справу да суда і прызнання дэфолту. Ёсць верагоднасць, што на гэта не хопіць сродкаў і амаль няма магчымасцяў з-за санкцый. Самы пазітыўны варыянт, калі ўсім добра. Але гэта недакладна.
Трэці варыянт, калі Мінфін і Беларусь прызнаюць дэфолт па аблігацыях, будуць вымушаныя выплаціць іх намінальныя кошты па патрабаванні. Гэта справакуе яшчэ большую хвалю інвестараў, якія захочуць забраць укладзеныя сродкі. Нават не хвалю, а лавіну, якая можа абрынуць і так вельмі хісткую беларускую эканоміку.